29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З жыхароў Глуска збіраюць грошы на стратны басэйн

1
З жыхароў Глуска збіраюць грошы на стратны басэйн

На рэканструкцыю басэйна ўлады выдаткавалі блізу 1,8 мільёна рублёў.

«У басэйн можаш не ісці, але 2 рублі ты здаць абавязаны», - з такой скаргай у рэдакцыю tut.by звярнуліся жыхары Глуска. З іх слоў, на падтрыманне працы рэканструяванага басэйна, які з'яўляецца стратным, з іх патрабуюць грошы «ў добраахвотна-прымусовым парадку». Чыноўнікі запэўніваюць: басэйн і праўда сябе не акупае, але ніякіх «пабораў» няма. Ёсць рэкамендацыі - далучаць насельніцтва да здаровага ладу жыцця.

Адзіны ў раёне басэйн адкрылі пасля рэканструкцыі 6 снежня 2017 года. Дагэтуль ён не працаваў 3 гады. На рэканструкцыю выдаткавалі блізу 1,8 млн рублёў, распавёў начальнік аддзела адукацыі Глускага райвыканкама Аляксандр Бельскі.

Са слоў жыхароў Глуска, якія звярнуліся ў рэдакцыю, у студзені ў супрацоўнікаў сферы адукацыі папрасілі «сабрацца па 2 рублі». Матывацыя - на падтрыманне працы спартовага будынка патрэбныя грошы, якіх не стае. Інакш, маўляў, басэйн закрыецца, і працу страцяць і ягоныя супрацоўнікі, і тыя, хто не здаў 2 рублі.

- Гэта было пададзена гэтак жа, як абавязковая падпіска на газеты: маўляў, мы вам вельмі рэкамендуем здаць грошы, - удакладніў жыхар Глуска, які пажадаў не называць свайго імя. - Грошы здалі. І вось у лютым - тая ж «пераканаўчая просьба». Той, хто здаў грошы, можа адзін раз схадзіць у басэйн. А могуць і не ісці. І яшчэ дэталь: гэта афіцыйна нідзе не фіксуецца - толькі ў начальніка на асобнай звычайнай паперчыне. Грошы таксама здаюцца з рук на рукі - ніякіх квітанцый аб аплаце не патрабуюць.

Мужчына падкрэслівае, што басэйн у раёне - аб'ект патрэбны. Што многія з задавальненнем ходзяць у яго плаваць. І нават некаторыя з тых, хто здаў грошы, не супраць здаць нават больш.

- Два рублі - смешныя грошы. Але абурае сам факт: чаму будуюць спартыўныя аб'екты, на падтрыманне якіх у дзяржавы няма грошай? - кажа жыхарка Глуска.

Чытачы не могуць назваць прыкладную колькасць людзей, якіх абавязалі «сабрацца па 2 рублі».

Начальнік аддзела адукацыі Глускага райвыканкама Аляксандр Бельскі запэўнівае: ніхто нікога не прымушае здаваць па 2 рублі. Проста пасля адкрыцця аб'екта кіраўнікам арганізацый сказалі матываваць сваіх супрацоўнікаў «далучыцца да здаровага ладу жыцця».

- Гэта была вусная рэкамендацыя - нічога больш, - намагае Аляксандр Бельскі. - Ды калі б усіх абавязалі хадзіць у басэйн, людзі б у яго проста не патрапілі. Вечарамі цяпер туды не праціснуцца - вельмі шмат ахвотных паплаваць. Мы ўжо думаем пра тое, каб падоўжыць гадзіны працы.

Аляксандр Аляксандравіч пацвярджае: басэйн працуе са стратамі. Усё таму, што платна ў ім плаваюць па 3 гадзіны на дзень. Астатні час - з 9.00 да 16.00 (з перапынкам з 12.00 да 14.00) у басэйне бясплатна займаюцца дзеці: падчас урокаў фізкультуры плаваюць школьнікі Глуска і са школ раёна, займаюцца гурткоўцы.

- У нас усяго тры дарожкі, і на кожнай могуць спакойна плаваць не больш за 5 чалавек. Калі больш, то гэта дастаўляе людзям дыскамфорт. Я ведаю, што некаторыя мужчыны імкнуцца нават хадзіць у басэйн вечарам як мага пазней, каб ніхто не перашкаджаў ім разагнацца, - кажа начальнік аддзела адукацыі.

Аляксандр Бельскі ўважае за правільнае тое, што дзеці займаюцца бясплатна. Ён падкрэслівае: тое, што басэйн не акупіцца і выдаткі лягуць на мясцовы бюджэт, было зразумела адразу.

- Суседнія раёны да нас не паедуць - у іх свае басэйны ёсць. Удзень у Глуску ў басэйн за грошы пойдуць адзінкі - гэта не абласны цэнтр, дзе людзей у разы больш. І нават калі ў басэйне кожны вечар будуць плаваць 50 чалавек, то даход складзе ўсяго крыху больш за 150 рублёў. А выдаткі на абслугоўванне аб'екта значна больш, - сказаў Аляксандр Бельскі.

Адзін сеанс плавання ў басэйне Глуска пры куплі у касе каштуе 3,05 рубля. Абанементы таннейшыя. Для сем'яў і бацькоў з дзецьмі ёсць зніжкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках