10 траўня 2024, Пятніца, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выведка ЗША перахапіла перамовы аб падрыхтоўцы нападу «Вагнера»

Выведка ЗША перахапіла перамовы аб падрыхтоўцы нападу «Вагнера»
ЯЎГЕН ПРЫГОЖЫН І УЛАДЗІМІР ПУЦІН
ФОТА: AP

Да планавання няўдалай атакі датычны «повар Пуціна» Прыгожын.

У планаванні нападу расійскіх наймітаў на Сірыйскія дэмакратычныя сілы, якія ваююць на баку рэжыму прэзідэнта Сірыі Башара Асада - хаўруснікаў міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША - 7 лютага прымаў удзел бізнэсовец Яўген Прыгожын, якога называюць сябрам Уладзіміра Пуціна. Гэта сцвярджае газета Washington Post, спасылаючыся на звесткі выведкі аб перамовах Прыгожына з сірыйскімі вайскоўцамі і чыноўнікамі, паведамляе «Радыё Свабода».

Прыгожына называюць галоўным арганізатарам і спонсарам так званай «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера», у шэрагах якіх у Сірыі ваююць сотні грамадзян Расеі.

Паводле звестак перахопу перамоў Прыгожына з сірыйскімі прадстаўнікамі, ён нібыта заяўляў, што падрыхтаваў «добры сюрпрыз» для Башара Асада, пра які стане вядома ў перыяд з 6 да 9 лютага. Як сцвярджае Washington Post, Прыгожын таксама атрымаў запэўніванні, што «праца будзе аплачаная». У расследаванні таксама гаворыцца, што Прыгожын у студзені і пачатку лютага неаднаразова размаўляў з кіраўніком адміністрацыі Уладзіміра Пуціна Антонам Вайна, але пра што яны размаўлялі - невядома.

7 лютага ў правінцыі Дэйр-эз-Зор на ўсходзе Сірыі адбыўся бой паміж праўладнымі фармаваннямі і Сірыйскімі дэмакратычнымі сіламі, дапамогу якім надала авіяцыя ЗША. У выніку нападнікі былі разбітыя, загінулі, паводле розных звестак, ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень чалавек, у тым ліку мноства грамадзян Расеі, як мяркуецца, байцоў ПВК «Вагнера». Расейскія ўлады, спачатку адмаўлялі загубу расейцаў, прызналі, што ў сутыкненні пацярпелі дзясяткі расейскіх грамадзян.

Мэта спробы наступу ПВК «Вагнера» на хаўруснікаў ЗША ў Сірыі пакуль няясная. Паводле некаторых паведамленняў, найміты мелі намер узяць пад кантроль буйны нафтаперапрацоўчы завод.

Спецпракурор Робэрт Мюлер надоечы абвінаваціў Прыгожына, якога называюць «поварам Пуціна», у фінансаванні так званай «фабрыкі троляў», адказнай за ўмяшальніцтва ў выбарчую кампанію ў ЗША ў 2016 годзе.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках