17 лiстапада 2023, Пятніца, 5:24
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Stratfor: У «партманэтаў» Пуціна праблемы

10
Stratfor: У «партманэтаў» Пуціна праблемы

Яны ратуюць свае грошы.

Пакуль Вашынгтон узмацняе ціск на расейскую эліту, адзін з найбагацейшых людзей Расеі сыходзіць з дзвюх самых значных пасад - магчыма, у спробе выратаваць сваю імперыю. Металургічны алігарх Алег Дзерыпаска 23 лютага афіцыйна пакінуў прэзідэнцкія пасады ў РУСАЛе, другой паводле велічыні алюмініевай кампаніі ў свеце, і En+Group, прыватнай расейскай энэргетычнай кампаніі. Пры гэтым ён прадоўжыць утрымліваць кантрольныя пакеты ў дзвюх гэтых фірмах.

Сыходам з дзвюх ключавых пасад Дзерыпаска, хутчэй за ўсё, спрабуе выратаваць свае кампаніі ад санкцый ЗША, і на такі крок могуць неўзабаве пайсці і іншыя бізнэс-лідары краіны - алігархі, якіх можна назваць «партманэтамі» прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле прыватнай амерыканскай выведвальна-аналітычнай кампаніі Stratfor, які ёсць у распараджэнні «Апострофа».

Вядомага алігарха Алега Дзерыпаску ўжо даўно трымае пад прыцэлам Вашынгтон, ягонае імя ўсплывала ў розных расследаваннях ЗША супраць Расеі. У студзені Дзерыпаска прадказальна патрапіў у спіс важных прадстаўнікоў расейскіх элітаў і алігархаў ад Міністэрства фінансаў ЗША, супраць якіх Штаты могуць увесці санкцыі. Акрамя таго, ён прыцягнуў да сябе больш пільную ўвагу на пачатку лютага пасля таго, як антыкрамлёўскі дзеяч Аляксей Навальны апублікаваў відэа і аўдыёматэрыялы, на якіх Дзерыпаска, сярод іншага, абмяркоўвае ўмяшальніцтва ў выбары ў ЗША з віцэ-прэм'ерам РФ Сяргеем Прыходзькам. Як паведамляецца, гэтая размова адбылася, пасля таго як Дзерыпаска сустрэўся з Полам Манафортам, былым кіраўніком перадвыбарчага штаба Дональда Трампа.

Калі ЗША наважацца пашырыць санкцыі супраць вядомых расейскіх дзеячаў, незразумела, якімі сур'ёзнымі будуць гэтыя новыя абмежаванні. Але нават лімітаваныя персанальныя санкцыі могуць сапсаваць дзелавыя і інвестыцыйныя сувязі з Захадам, чым прычыняць шкоду фінансаваму дабрабыту расейскага бізнэс-класа і краіны агулам.

Афіцыйна зарэгістраваная на біржы кампанія En+ найбліжэйшым часам паспрабуе прыцягнуць інвестыцыі на суму 1 млрд даляраў. Між тым, РУСАЛ, чыя чыстая пазыка перавышае 7 млрд даляраў, разглядае магчымасць яшчэ большых запазычанняў, каб фінансава ўрэгуляваць пытанне барацьбы Дзерыпаскі за кантроль над акцыямі «Нарыльскага нікелю», найбуйнейшай у свеце нікелевай кампаніі. Калі Дзерыпаска патрапіць пад санкцыі, заходнія банкі і інвестары, імаверна, будуць з асцярогай удзельнічаць у будучых угодах з ягонымі кампаніямі, таму ён загадзя дыстанцуецца ад іх.

Дзерыпаска да фінансавага крызісу 2008 года быў самым багатым чалавекам Расеі з багаццем 28 млрд даляраў. Цяпер жа ягонае багацце ацэньваецца на амаль 5,2 млрд даляраў. Алігарх таксама з'яўляецца прадстаўніком старой школы постсавецкіх элітаў, якія найбольш паспяхова гулялі ў гульні прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, дазваляючы Крамлю выкарыстоўваць свае замежнагандлёвыя сувязі і адкрываючы свой партманэт, калі Расея сутыкалася з фінансавымі праблемамі.

Ягоны крок, відавочна накіраваны на абарону сваіх кампаній ад санкцый шляхам сыходу з кіроўных пасад, падымае пытанне аб тым, ці не рушаць услед ці такому прыкладу іншыя прадстаўнікі расейскіх элітаў, нават тыя, хто раней здаваўся непахісным.

Расейскія алігархі ўжо, відавочна, рыхтуюцца да фінансавых цяжкасцяў, якія наступяць з увядзеннем санкцый ЗША. Самыя заможныя бізнэсоўцы традыцыйна трымаюць свае багацці за мяжой і баяцца банкаў, за якімі даглядаюць Крэмль і расейскія службы бяспекі.

Але некаторыя прадстаўнікі расейскіх элітаў пачалі перамяшчаць мільярды даляраў назад у Расею, каб лепш кантраляваць свае актывы. Крэмль таксама дапамагаў у гэтых памкненнях, спадзеючыся абараніць самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны і прадухіліць іх сур'ёзныя страты. З сакавіка Крэмль нават увядзе часовае вызваленне ад выплаты падаткаў, каб стымуляваць вяртанне расейскіх грошай. Але прыток мільярдаў даляраў можа альбо даць штуршок застойнай расейскай эканоміцы, альбо, наадварот, раздуць фінансавую сістэму краіны і спрыяць інфляцыі. Акрамя таго, вяртанне актываў столькіх прадстаўнікоў элітаў у краіну магло б даць Крамлю магчымасць пачаць новы раунд антыкарупцыйных расследаванняў і рэпрэсій.

Больш за тое, калі многія ўплывовыя людзі Расеі пачнуць сыходзіць з кіроўных пасад у сваіх кампаніях, баланс сіл паміж элітамі можа змяніцца, будзе выпрабоўвацца на трываласць іх лаяльнасць да Крамля перад тварам вонкавага ціску.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках