11 траўня 2024, Субота, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС РФ патлумачыў, адкуль у амбасадзе ў Аргентыне ўзяліся валізкі з какаінам

34
МЗС РФ патлумачыў, адкуль у амбасадзе ў Аргентыне ўзяліся валізкі з какаінам
ФОТА: TWITTER.COM/GENDARMERIA

Паводле ацэнак улад Аргентыны, кошт такой партыі наркотыкаў складае блізу 50 млн еўраў.

Партыя наркотыкаў, выяўленая ў адным з будынкаў расейскай дыпмісіі ў Буэнас-Айрэсе, належала супрацоўніку амбасады з тэхнічнага складу, які працаваў паводле тэрміновай дамовы, паведаміла МЗС Расеі ВВС.

У чацвер улады Аргентыны паведамілі пра правядзенне аперацыі супраць наркагандляроў, якія захоўвалі амаль 400 кг какаіну на тэрыторыі расейскай амбасады.

Як распавяла ў пятніцу афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава, гатовы да адпраўкі груз з наркотыкамі быў знойдзены ў школьна-жылым комплексе амбасады Расеі ў Буэнас-Айрэсе паўтара гады таму.

«Як было ўстаноўлена, ён належаў супрацоўніку тэхнічнага складу ўстановы, што скончыў да таго часу працоўную выправу паводле тэрміновай працоўнай дамовы», - гаворыцца ў каментары Захаравай.

Імя гэтага супрацоўніка не называецца.

На думку Захаравай, тое, што адбылося ніяк не можа кідаць цень на расейскае дыппрадстаўніцтва, бо поспех аперацыі ў спыненні канала наркатрафіку забяспечылі менавіта расейскія дыпламаты, між іншым, пасол Расеі ў Буэнас-Айрэсе В.В.Каранэлі. Як падкрэсліла Захарава, менавіта ён паведаміў праваахоўным органам Аргентыны пра выяўленыя падазроныя сумкі.

ФОТА: TWITTER.COM/GENDARMERIA

Напярэдадні ўлады Аргентыны абвясцілі пра правядзенне аперацыі супраць наркагандляроў, якія нібыта збіраліся паставіць у Расею 389 кілаграмаў какаіну ў дыпламатычным багажы.

Паведамлялася, што расследаванне было пачатае пасля таго, як у снежні 2016 года пасол Расеі паведаміў аргентынскім уладам пра выяўленыя падазроныя валізкі ў будынку школы пры пасольстве.

Паводле звестак аргентынскай паліцыі, у 12 валізках былі выяўленыя 360 пакетаў з какаінам агульнай вагой 389 кілаграмаў.

Паводле ацэнак улад Аргентыны, кошт такой партыі наркотыкаў складае блізу 50 млн еўраў.

ФОТА: TWITTER.COM/GENDARMERIA

Каб затрымаць наркагандляроў, аргентынскія паліцэйскія замянілі какаін на муку, абсталявалі валізкі GPS-датчыкамі і ў снежні 2017 года адправілі іх у Маскву.

У выніку, як паведаміла міністр бяспекі Аргентыны Патрысія Булрыч, былі затрыманыя шэсць падазраваных.

Паводле звестак аргентынскай газеты Clarin, адзін з падазраваных паводле справы - супрацоўнік паліцыі Буэнас-Айрэса Іван Блізнюк - быў затрыманы ў аэрапорце Эсейса 21 лютага.

Меркаваным арганізатарам злачынства Clarin называе расейскага бізнэсоўца, які прыкрываўся гандлем элітным алкаголем.

Назіранне за ім дазволіла паліцыі прыйсці да высновы, што ён, выкарыстоўваючы свае сувязі ў дыпламатычных колах, ужо як мінімум двойчы арганізоўваў такія пастаўкі наркотыкаў у Расею, як мяркуецца, праз Уругвай.

Цяпер, паводле звестак газеты, бізнэсовец хаваецца ў Нямеччыне, чые ўлады ўжо атрымалі ад Расеі запыт на экстрадыцыю.

Яго асноўным партнёрам у гэтай справе, на паведамленні аргентынскай прэсы, быў былы супрацоўнік амбасады Алі Абыянаў, які быў затрыманы ў яго маскоўскай кватэры.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках