24 красавiка 2024, Серада, 4:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як віцебскі праваабаронца давёў некампетэнтнасць міліцыі

7
Як віцебскі праваабаронца давёў некампетэнтнасць міліцыі
Павел Левінаў

Пазоў Паўла Левінава да УУС Віцебскага аблвыканкама задаволены.

Гарачай выдарылася вясна мінулага года ў Беларусі. Мноства людзей выйшлі на галоўныя плошчы сваіх гарадоў, каб выказаць сваё стаўленне да дэкрэту №3, піша «Витебский курьер». На мірным сходзе 25-26 сакавіка Павел Левінаў знаходзіўся як журналіст і праваабаронца, але ўсё ж такі трапіў пад адміністрацыйны пераслед. 26 сакавіка Павел быў затрыманы, дастаўлены ў АУС Кастрычніцкага раёна Віцебска, дзе быў складзены пратакол затрымання.

Было канфіскавана 35 рэчаў, якія знаходзіліся пры Левінаву. Аднак вярнуць здолелі толькі 34 з іх. Зніклі акуляры для карэкцыі зроку. І праваабаронцу давялося праз суд спаганяць маёмасць з чужога незаконнага валодання.

Цікава, але факт: суд з перапынкамі доўжыўся некалькі месяцаў і закончыўся 20 лютага.

Павел Левінаў падаў на судзе пратакол канфіскацыі рэчаў і пратакол выдачы, дзе акурат і не ставала акуляраў.

Пра тое, што ў затрыманага забіраліся акуляры, пацвердзіў сведка, адзін з сведак пры складанні пратаколу, студэнт Ветэрынарнай Акадэміі, пазаштатны супрацоўнік міліцыі. Ён растлумачыў, што падчас складання пратаколу затрыманы неаднаразова папярэджваў яго пра адказнасць і колькасць забраных рэчаў дакладна адпавядае спісу ў пратаколе.

Супрацоўнікі міліцыі даводзілі, што затрыманы быў у акулярах падчас правядзення працэсуальных дзеянняў у аддзяленні міліцыі, падчас канваявання яго ў ІЧУ і падчас далейшага руху ў шпіталь. У акулярах Павел Левінаў быў і падчас адбывання адміністрацыйнага пакарання з 30 траўня да 14 чэрвеня 2017 года. Не адмаўляў гэтага і Павел. Сведка, ён жа адвакат Паўла, Андрэй Левінаў паказаў, што прынёс брату з самаходу ў раённы аддзел запасныя старыя акуляры, якія ўжо дрэнна пасавалі дыёптрыямі. І першымі днямі красавіка Павел замовіў у оптыцы, аплаціў і атрымаў іншыя акуляры, пра што падаў суду квітанцыю.

У раённым аддзеле міліцыі праводзіліся службовыя праверкі, аднак на пытанне, куды ж дзеліся змешчаныя ў празрысты файл для паперы разам з іншымі забранымі рэчамі акуляры для карэкцыі зроку, адказу так і не далі. Паказальна, што супрацоўнік РАУС, капітан Слёзкін, які складаў пратакол затрымання Левінава, нават праходзіў даследаванне на паліграфе, якое паказала, што капітан абсалютна сумленны і ніколі не парушаў закон. Аднак судовае пасяджэнне і не ставіла пытанне аб сумленнасці міліцыянта, а паказала некампетэнтнасць супрацоўнікаў аддзела міліцыі.

Павел Левінаў адзначыў неаднаразовае парушэнне капітанам Слёзкіным ды іншымі супрацоўнікамі заканадаўства. Так капітан Слёзкін складаў пратакол затрымання, хоць не меў права гэта рабіць. Бо паводле закону пратакол складае той жа супрацоўнік, які правёў затрыманне. Былі забраныя рэчы, якія знаходзіліся ў кішэнях Левінава, і не маюць дачынення да справы. Затрыманаму ўвесь дзень не давалі есці, што Левінаў кваліфікаваў як катаванне голадам. Некаторыя дакументы, якія паступілі ў суд з раённага аддзела, не падпісаныя, а ў некаторых паперах пераблытаныя даты. Акрамя таго, капітан Слёзкін з’явіўся на судовае пасяджэнне 20 лютага пры зброі, з пісталетам у кабуры.

Прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама, выступаючы ў судзе, выказаў меркаванне, што на плошчы падчас масавай акцыі 26 сакавіка і пры выхадзе з ІЧУ 14 чэрвеня ў Паўла Левінава на носе адны і тыя ж акуляры. Супрацоўнік міліцыі не здолеў падаць суду факты, довады, сведчанні, вынікі экспэртызы, а здалеў выказаць суду толькі сваё асабовае меркаванне.

У якасці пацвярджэння свайго меркавання прадстаўнік УУС хадайнічаў аб далучэнні да справы фотаздымкаў, зробленых журналістамі на плошчы 25 сакавіка і падчас выхаду з ІЧУ 14 чэрвеня. Сапраўды, акуляры вельмі падобныя, але, пры пэўнай уважлівасці, адрозненні можна адшукаць. Вось гэтыя фота. Што называецца, знайдзіце розніцу.

Павел Левінаў. 25 сакавіка 2017 года
ФОТА Святланы Васільевай
Павел Левінаў на сходзе 25 сакавіка ў Віцебску
ФОТА Настассі Вераск
Павел Левінаў з лістамі-зычэннямі блізкага выхаду з ІЧУ
ФОТА Уладзімір Баркоў

Самае навочнае адрозненне - дужка паміж шкельцамі мае зусім іншую форму і злучаецца з асадай у іншым месцы. Фатаграфіі былі далучаны да справы. Як сказаў Павел Левінаў, ён сам бы не здолеў даць столькі довадаў, колькі за яго іх сабралі супрацоўнікі міліцыі.

Акрамя таго, да справы быў далучаны дыск з аператыўнай здымкай падзей на плошчы Перамогі 26 сакавіка 2017 года. Запіс даводзіць, што Павел Левінаў знаходзіўся на плошчы ў акулярах. Аднак не выкрыкваў лозунгаў, не лаяўся, не ладзіў непарадкаў. Пытанне аб правамернасці затрымання Паўла Левінава і абгрунтаванасці адміністрацыйнага пакарання неўзабаве будзе разглядаць Еўрапейскі суд правоў чалавека.

У выніку суд Кастрычніцкага раёна Віцебска пад старшынствам Алесі Жарыкавай задаволіў пазоў Паўла Левінава да УУС Віцебскага аблвыканкама. Абскардзіць прысуд можна ва ўстаноўленым законам парадку.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках