27 красавiка 2024, Субота, 4:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Парашэнка сказаў, што не можа быць «міратворцаў» з Беларусі

2
Станіслаў Шушкевіч: Парашэнка сказаў, што не можа быць «міратворцаў» з Беларусі
Станіслаў Шушкевіч
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Лукашэнка з'яўляецца хаўруснікам краіны-агрэсара.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч пагутарыў з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Сустрэча адбылася 22 лютага падчас форуму Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну ў Кіеве. Станіслаў Шушкевіч выступаў на ім ад Беларусі.

Пра змест гутаркі Станіслаў Шушкевіч апавёў «Радыё Свабода».

– Ці была ў Вас магчымасць падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам абмеркаваць нейкія пытанні асобна?

– Ведаеце, мы абмяркоўвалі ўсе праблемы, якія стаяць перад намі. Калі Парашэнка тлумачыў, чаму ён мае зносіны з Лукашэнкам, я сказаў, што не бачу ў гэтым нічога дрэннага, таму што трэба мець зносіны з тымі, хто мае рэальную ўладу на месцы. Ён баяўся, што я буду яго асуджаць за гэта. Але толькі такім чынам можна развязаць пытанні, у якіх зацікаўленая Украіна. Толькі такая была размова.

– Ці абмяркоўвалася на сустрэчы магчымасць удзелу Беларусі ў міратворчай аперацыі на Данбасе?

– Вось тут катэгарычна – і Парашэнка пасля гэтага сказаў, і я гэта сказаў – што не можа быць міратворцаў з той краіны, якая з'яўляецца хаўруснікам агрэсара. Беларусь, праз АДКБ і праз пагадненне наконт так званай «саюзнай дзяржавы», фактычна мае адзінае вайсковае фармаванне з Расеяй, таму міратворцаў з Беларусі не можа быць. Краіна-агрэсар не можа накіроўваць міратворцаў ва Украіну.

– Парашэнка падтрымаў такую пазіцыю?

– Лепш спытаць яго. Не было патрэбы, каб ён падтрымліваў гэта ўсё. Я перакананы, што ўсе, хто ўдзельнічаў у гэтай гутарцы, былі з гэтым згодныя.

– На Вашу думку, ці ёсць цяпер шанец, што Балтыйска-Чарнаморскі форум можа прынесці практычную карысць, і да яго далучацца цяперашнія, а не толькі былыя кіраўнікі рэгіёну?

– Ці можа быць карысць ад гэтай структуры? Мне здаецца, так. Што тычыцца мяне, я займаюся і выкладніцкай дзейнасцю, то для мяне тут расплюшчваюцца вочы на шматлікія праблемы. Я, напэўна, наўрад ці так старанна вывучаў бы мемарандум Рымскага клуба, а тут, на форуме, мы змаглі гэта абмеркаваць і зрабіць пэўныя высновы. Карысць ёсць і сёння, і надзея, што яна будзе ў далейшым, таксама ёсць.

На форуме, арганізаваным Нацыянальным інстытутам стратэгічных даследаванняў, Украіну прэзентуюць Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка, Беларусь – Станіслаў Шушкевіч, Балгарыю – Пётр Стаянаў, Літву – Вітаўтас Ландсбергіс, Латвію – Валдзіс Затлерс, Малдову – Пётр Лучынскі, Польшчу – Аляксандр Кваснеўскі. Прэзідэнт форуму – Генадзь Бурбуліс.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках