24 красавiка 2024, Серада, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У сакавіку беларусы цалкам заплацяць за ЖКП паводле «выраслых тарыфаў»

6
У сакавіку беларусы цалкам заплацяць за ЖКП паводле «выраслых тарыфаў»

Пакуль больш за ўсё падаражэла ацяпленне.

З пачатку года выраслі амаль усе тарыфы на ЖКП, як тыя, што субсідуюцца, так і тыя, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў. У Брэсце за студзень плата за ЖКП у трохпакаёвай кватэры агульнай плошчай 67 квадратных метраў, дзе прапісаны адзін чалавек, без уліку сумы за газ і электраэнэргію склала 55,48 рубля. У той час як паводле снежаньскай жыроўкі брэстаўчанка выплаціла 30,67 рубля. «Брестская газета» адсачыла на прыкладзе жыроўкі за «трохпакаёўку», як падаражэла камуналка.

Калі тарыфы льготныя

Паводле субсідавальных тарыфаў за студзень брэстаўчанцы налічылі за асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі 16,26 рубля. Калі параўноўваць з снежаньскай жыроўкай, то паводле льготных тарыфаў уладальніца «трохпакаёўкі» заплаціла 15,59 рубля.

Толькі два тарыфы на паслугі ЖКП засталіся на ранейшым узроўні. Тарыф на капітальны рамонт, як і за снежань, роўны 0,0953 рубля за 1 кв. метр агульнай плошчы жылога памяшкання. Сума за яго ў снежаньскай і студзеньскай жыроўках нязменная – 6,39 рубля. Ранейшы ўзровень і ў ільготнага тарыфу на цеплазабеспячэнне (ацяпленне і абаграванне вады) – 16,9259 рубля за 1 Гкал. Але калі паводле снежаньскай жыроўкі за цеплазабеспячэнне гаспадыня кватэры выплаціла за ўсё 7,79 рубля, то паводле студзеньскай амаль у тры разы больш – 22,61. У першым выпадку выдатак Гкал – блізу 0,5, у другім – 1,3628. Гэта і стала прычынай сур'ёзнага дадатку.

Льготны тарыф на тэхабслугоўванне жылога дома са студзеня вырас да 0,1187 рубля за «квадрат» агульнай плошчы жылога памяшкання (у снежні – 0,1084). Паводле субсідавальных тарыфаў у студзені за 30 кв. метраў выплачана 3,36 рубля, а ў снежні – 3,25 рубля.

Субсідавальны тарыф на водазабеспячэнне ўзняты з 0,5748 рубля да 0,8053. У студзені гэтая паслуга абышлася ў 2,85 рубля за 4,34 кубаметра, а ў снежні той самы аб'ём – 2,50. На водаадвядзенне (каналізацыю) са студзеня тарыф вырас з 0,3838 рубля да 0,6191 (у Менску ён ніжэйшы – 0,5398 рубля). У студзеньскай жыроўцы за 4,34 кубаметра прапісаная сума 2,03 рубля, а ў снежаньскай пры тым жа аб'ёме – 1,67 рубля.

Кватэра брэстаўчанкі, якая падала сваё апавяшчэнне пра памер платы за жыллёва-камунальныя паслугі, знаходзіцца на першым паверсе, таму плату за ліфт з яе не бяруць. А ўвогуле тарыф на тэхабслугоўванне ліфта вырас з 1,28 рубля да 1,4 за аднаго жыхара.

Тарыф на санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў са студзеня роўны 0,56 рубля на аднаго жыхара (у снежні ён быў 0,53 рубля). У яе жыроўцы за снежань значыцца сума 0,53 рубля, за студзень жа – 0,38. Магчыма, не выконваўся графік уборкі альбо яна рабілася няякасна.

За 0,165 куб. метраў цвёрдых камунальных адкідаў уласніца «трохпакаёўкі» ў студзені і снежні заплаціла аднолькава – 1,25 рубля. Пры гэтым паміж снежаньскім і студзеньскім тарыфамі ёсць невялікая розніца – 7,5700 і 7,5483.

Калі плаціць напоўніцу

За перавыдатак халоднай вады, каналізацыю і тэхабслугоўванне 37 метраў «лішняй» плошчы з брэстаўчанкі ўзялі паводле тарыфу, які забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў.

Стоадсоткавы тарыф на водазабеспячэнне павысіўся з 0,7839 да 0,8132 рубля за 1 кубаметр. Дарэчы, у сталіцы ён ніжэйшы, чым у рэгіёнах – 0,8114 рубля. За перавыдатак 2,66 кубаметра ў студзені ўладальніцай кватэры выплачана 2,11 рубля, у снежні гэты перавыдатак абышоўся ў 2,03 рубля.

Поўны тарыф за каналізацыю вырас з студзеня да 0,6939 рубля за 1 кубаметр (у Менску ён роўны 0,5398 рубля, у той час як снежаньскі – 0,6654). У студзені за перавыдатак 2,66 кубаметра брэстаўчанцы давялося заплаціць 1,76 рубля. Паводле снежаньскіх тарыфаў за гэты аб'ём сума аплаты – 1,36 рубля.

За тэхабслугоўванне поўны тарыф вырас да 0,1251 рубля за «квадрат» (раней ён быў 0,1155). За «лішнія» 37 кв. метраў у трохпакаёвай кватэры за студзень яе гаспадыня заплаціла 4,40 рубля, а за снежань – 4,27 рубля.

За студзень уладальніца кватэры за паслугі, выдаткі паводле якіх ёю штомесяц пакрываюцца цалкам, выплаціла 8,27 рубля, а за снежань – 7,66, то-бок розніца склала ўсяго 61 капейку.

Рэальная вага жыровак адчувальная ў сакавіку

Але калі вы самастойна паспрабуеце новыя тарыфы памножыць на квадратныя метры або кубаметры, то выявіце, што сумы, прастаўленыя ў жыроўцы, меншыя за тыя, што ў вас атрымаліся. Рэч у тым, што разлікі за студзень рабіліся паводле «падвойных» тарыфаў, нягледзячы на тое, што фігуруюць у паведамленні на аплату ЖКП толькі новыя.

Так, пастанова аблвыканкама пра павышэнне тарыфаў на водазабеспячэнне, каналізацыю, тэхабслугоўванне жылых памяшканняў і ліфтаў уступіла ў сілу толькі з 21 студзеня. Таму да гэтай даты пры разліку ўжываліся снежаньскія тарыфы.

За тэхнічнае абслугоўванне 30 кв. метраў пры тарыфе 0,1187 рубля за «квадрат» налічана 3,36 рубля, хоць перамнажэнне гэтых лічбаў дае 3,561. Тое самае і з тарыфам на водазабеспячэнне. У выніку перамнажэнне кошту кубаметра вады 0,8053 на спажыты за студзень яе аб'ём (4,34) дае суму 3,495 рубля. У жыроўцы за студзень стаіць іншая – 2,85. Гэта значыць, што ў студзеньскіх жыроўках новыя тарыфы на водазабеспячэнне, водаадвядзенне і тэхабслугоўванне жылых памяшканняў і ліфтаў ужываліся не цалкам. Так што ў жыроўках за люты, якія мы будзем аплачваць у сакавіку, сумы падрастуць.

З 1 студзеня ўжываліся толькі новыя тарыфы на газ і электрычнасць. Нагадаем, кубаметр газу ў дамах і кватэрах з прыборамі індывідуальнага ўліку ў ацяпляльны сезон каштуе 0,1015 рубля (да падаражання – 0,0983). Тарыф на электраэнэргію ў жытле, абсталяваным электрычнымі плітамі, складзе 0,1218 рубля за 1 кВт/г (раней – 0,1094 рубля). Дыферэнцаваны тарыф у перыяд мінімальных нагрузак (з 22-й да 17-й) – 0,0853 рубля за 1 кВт/г (раней – 0,0764), у перыяд максімальных нагрузак (з 17-й да 22-й) – 0,2436 рубля (раней – 0, 2189 рубля). А чым гэта абернецца ў жыроўцы, залежыць і ад саміх спажыўцоў, дакладней, ад іх эканомнасці.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках