Чаму Беларусь ператварылася ў краіну хранічнай бязладзіцы
10- 24.02.2018, 19:14
- 24,474
Храналогія няроўнай барацьбы ўладаў з бардаком.
Пачуўшы чарговы раз пра тое, што ў краіне «бардак поўны» і што ў сярэдзіне 2019 года ўся гэтая краіна «павінна быць у ідэальным парадку», многія, напэўна, паморшчыліся. Маўляў, які год ужо парадак наводзяць ды ніяк не навядуць. Але ці ўсе ведаюць, як даўно ідзе гэтая няроўная барацьба ўладаў з бардаком?
Журналісты «Салiдарнасцi» вывучылі архіў афіцыйнага сайта Лукашэнкі, увёўшы ў яго пошукавік камбінацыю словаў «навесці парадак». Вынікам сталі 117 дакументаў на васьмі старонках.
Пры блізкім вывучэнні высветлілася, што гэта далёка не поўная выбарка. Тут, да прыкладу, адсутнічае апошняя навіна пра наведванне «Менскінтэркапс», дзе і прагучала прызнанне пра поўны бардак. Таксама ў спіс не трапіў навагодні зварот, у якім нам абяцалі «прывесці наш агульны дом у належны парадак».
Але і гэтая няпоўная версія здольная даць агульнае ўяўленне пра тое, як даўно ўлады на самым версе клапоцяцца тэмай навядзення парадку і чым гэта скончылася.

Першыя дакументы з нашай падборкі датаваныя 2002 годам. Менавіта ў жніўні таго года на нарадзе пра горадабудаўнічае развіццё Менска Лукашэнка абвесціў 2003-ы годам парадку і добраўпарадкавання.
Неўзабаве была створаная рэспубліканская камісія для правядзенні Года парадку i добраўпарадкавання, якую ўзначаліў прэм'ер-міністар Генадзь Навіцкі...
Мяркуючы з архіву сайта Лукашэнкі, адным толькі навядзеннем парадку на зямлі ўлады пастанавілі не абмяжоўвацца. У тым самым 2003-м Лукашэнка даваў указанні Саўміну навесці парадак у фармаванні тарыфаў на паслугі ЖКГ.
Падобнае патрабаванне прагучала праз год. Забягаючы наперад адзначым, што і праз дзесяцігоддзе пасля гэтага ў камунальнай сферы прадаўжаў дзейнічаць прынцып працы «ад балды», нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў.

Акрамя таго, у 2004-м наводзілі парадак у паляўнічай гаспадарцы, а таксама ў працы з разглядам зваротаў грамадзянаў (прывітанне 2017-у).
У 2005-м прыйшоў час «навесці жалезны парадак у ахове здароўя ў сельскай мясцовасці». Навядзенне «поўнага парадку» чакала сферу сацыяльнай падтрымкі.
Спіс сфераў і галінаў, у якіх улады без стомы (і, мяркуючы з рэгулярных прывітанняў з мінулага, без асаблівага поспеху) наводзілі парадак, можна цытаваць доўга.
Тут, напэўна, мае сэнс спыніцца і задацца пытаннем: чаму столькі гадоў барацьбы з бязладзіцай не далі належнага выніку (мякка кажучы)?
Адказ, напэўна, хаваецца ў персаналіях. Усе гэтыя гады мы бачым ва ўладзе практычна адных і тых асобаў. Часам яны мяняюцца кабінетамі, і адбываецца гэта з волі галоўнага ахоўніка парадку.
Але факт застаецца фактам: незалежна ад таго, ці атрымалася навесці парадак у чарговай сферы, у чыноўнікаў у любым выпадку ўсё будзе ў парадку. І тут да галавы прыходзіць здагадка пра імітацыю бурнай дзейнасці, хоць мы і не настойваем на гэтай версіі. Высновы няхай кожны зробіць сам.