У Шатландыі з'явіцца гатэль з півам у кранах замест вады
5- 24.02.2018, 19:33
- 10,334
Гатэль запрацуе ўжо налета.
У 2019 годзе ў Шатландыі з'явіцца першы ў свеце піўны гатэль. Пра гэта паведамляе The Guardian.
Піўны брэнд BrewDog, штаб-кватэра і бровар якога размешчаныя ў шатландскім гарадку Элан, плануе адчыніць незвычайны гатэль DogHouse. Ён будзе складацца з 26 нумароў, кожны з якіх абсталююць спецыяльным кранам, з якога кругласуткава будзе цячы піва. Акрамя таго, у ванных пакоях змесцяць халадзільнікі з усімі відамі хмельнай прадукцыі.

DogHouse будзе размешчаны паблізу бровара, а значыць праблемаў з півазабеспячэннем у пастаяльцаў паўстаць не павінна. Паводле словаў стваральнікаў, піўны гатэль адчыніцца ў пачатку 2019 года.

Ідэя адчыніць гатэль для аматараў крафтавага піва ў кампаніі BrewDog узнікла яшчэ ў 2009 годзе. За 10 гадоў брэнд здолеў сабраць больш за 70 мільёнаў даляраў ад 73 тысячаў інвестараў. Усе, хто ўклаў сродкі ў распрацоўку і будаўніцтва гатэля, атрымаюць статус асаблівых гасцей.

"DogHouse – наш падарунак гарачым прыхільнікам крафтавага піва, якія здзяйсняюць паломніцтва на наш бровар у Абердыншыры. Мы заўсёды марылі адчыніць піўны гатэль, і цяпер мы нарэшце можам рэалізаваць гэты праект", – падкрэсліў сузаснавальнік BrewDog Джэймс Уат. Таксама Уат дадаў, што гэтае ўнікальнае месца дапаможа ўсім ахвотным дасягнуць піўной нірваны.