25 красавiка 2024, Чацвер, 14:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як паводзіць сябе ў мароз і што рабіць пры абмаражэнні

1
Як паводзіць сябе ў мароз і што рабіць пры абмаражэнні

Беларускія медыкі далі парады.

Intex-press даведалася, як перажыць халады без шкоды для здароўя і што рабіць, калі вы ўсё-такі пацярпелі ад нізкіх тэмператураў.

Найчасцей церпяць нос і вушы

Галоўны чыннік рызыкі абмаражэння – не моцны мароз, а ваганне тэмператураў. Больш за тое, часта людзі атрымліваюць халадовыя траўмы, калі тэмпература паветра блізу нуля – мінус тры градусы, але высокая вільготнасць і рэзкі вецер.

Часцей за ўсё ад холаду церпяць адкрытыя часткі скуры – нос, вушы, шчокі, пясці, ступні і пальцы ног.

Першыя прыкметы лёгкага мясцовага абмаражэння чалавек можа не заўважыць. Асноўныя сімптомы – пабяленне або пачырваненне скуры, страта адчувальнасці або, наадварот, паколванне ці шчыпанне. Асабліва схільныя да абмаражэння часткі цела, якія раней ужо пацярпелі ад гэтага.

Пры больш цяжкіх ступенях абмаражэння на скуры з'яўляюцца пухіры з празрыстым або крывяністым змесцівам, поўная страта адчувальнасці, а ў самых цяжкіх выпадках – змярцвенне ўсіх слаёў мяккіх тканак, ажно да гангрэны. Пацярпець могуць нават косткі і суставы.

Першыя дзеянні пры абмаражэнні

Пры першых прыкметах абмаражэння пацярпелага чалавека трэба забраць з холаду, змясціць у цёплае памяшканне, даць выпіць цёплай гарбаты. Не імкніцеся разагрэць цела пацярпелага занадта хутка – паступова адагрэйце цела, абгарнуўшы яго ў коўдры або сухую вопратку.

Пры лёгкай ступені можна прагрэць пацярпелыя часткі цела з дапамогай акуратнага расцірання, масажу або дыхання. Потым накладваюць марлевую павязку. Сухое цяпло дазваляе аднавіць кровазварот, а павязка – прадухіліць траплянне інфекцыі.

Адна з найбольш распаўсюджаных памылак – расціранне снегам. Гэтага рабіць нельга ні ў якім разе! Праз мікратрэшчыны пад скуру можа патрапіць інфекцыя. Класці грэлкі і выкарыстоўваць гарачую ваду таксама не варта: інтэнсіўнае цяпло толькі пагоршыць абмаражэнне. Расціранне алеем, тлушчам або спіртам – супрацьпаказанае.

Пры цяжкай ступені пашкоджанняў трэба адразу ж выклікаць "хуткую".

Сімптомы і дапамога пры лёгкім абмаражэнні

Пры лёгкай ступені пераахаладжэння чалавек адчувае дрыжыкі, ягоная скура бялее, з'яўляецца трэмар канечнасцяў, падае ціск. У больш цяжкіх выпадках можа парушацца каардынацыя рухаў, узнікаць курчы, чалавек страчвае прытомнасць. Пры апошняй ступені пераахаладжэння можа наступіць кома і смяротны зыход, калі чалавеку не будзе зробленая своечасовая медыцынская дапамога.

Самае галоўнае пры пераахаладжэнні – аднавіць нармальную тэмпературу цела. Для гэтага трэба зайсці ў цёплае памяшканне, апрануць сухую вопратку і, калі магчыма, легчы пад цёплую коўдру. У прынцыпе, спецыяльная дапамога пры лёгкай ступені пераахаладжэння не патрабуецца.

Аднак звярнуцца па абследаванне ўсё ж варта. Прынамсі для таго, каб выключыць развіццё ўскладненняў – ад элементарнай прастуды да пнеўманіі.

У чалавека блізу 30% усёй цеплааддачы адбываецца праз галаву, таму пры пераахаладжэнні яе трэба трымаць у цяпле (апрануць шапку або абматаць ручніком).

Саграваць чалавека пры пераахаладжэнні трэба асцярожна. Прымаць гарачую ванну – катэгарычна нельга! Лепш узяць цёплую грэлку або пластыкавую бутэльку з цёплай вадой. Таксама добра дапамагае цёплае (не гарачае!!!) пітво.

Ні ў якім разе нельга расціраць пацярпелага алкаголем або снегам і тым больш піць спіртныя напоі.

Калі пасля праведзеных такіх працэдураў скура цяплее, адчувальнасць аднаўляецца, – халадовая траўма неглыбокая. Калі ж палягчэння не надыходзіць – тэрмінова выклікайце хуткую.

Правілы паводзінаў у мароз

Пазбягайце алкаголю і палення

У мароз асабліва небяспечнае алкагольнае ап'яненне: адчуванне цяпла ад яго зманлівае, цеплааддача адбываецца значна хутчэй, а чалавек у той самы час страчвае здольнасць адэкватна ацэньваць свой стан.

Калі вы доўга знаходзіцеся на марозе, не паліце. Паленне памяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві і такім чынам робіць канечнасці больш уразлівымі.

Няспынна рухайцеся

Калі вы знаходзіцеся на вуліцы ў моцны мароз – не стойце без руху. Тым больш пазбягайце сядзення на халодных лаўках. Сачыце за тым, каб вашае адзенне было сухое: вільготная ад поту футболка або шкарпэткі паскараюць працэс зніжэння ўнутранай тэмпературы.

Апранайцеся адпаведна надвор'ю

У халады забудзьцеся пра прыгажосць. Пажадана, каб на вас было некалькі слаёў свабоднай вопраткі з натуральных тканінаў. Такім чынам узнікнуць паветраныя праслойкі, якія дазволяць надоўга захаваць цяпло.

Не варта забывацца пра абутак – ён павінен быць цёплым і свабодным: вузкі абутак павялічвае рызыку абмаражэння ў разы. Галаўны ўбор, рукавіцы ці пальчаткі абавязковыя.

Старайцеся закрываць вушы і твар, на іх скура найбольш адчувальная да холаду. У ветранае надвор'е і тым больш у завіруху нацягвайце шапку на лоб і закрывайце твар шалікам так, каб заставаліся адкрытымі толькі вочы. Нос – самая халодная частка чалавечага цела, таму ён можа хутка змерзнуць. У моцны холад дыхайце праз нос.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках