17 лiстапада 2023, Пятніца, 9:55
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Партыя Статкевіча: Рэжым Лукашэнкі вычарпаў свае рэсурсы

16
Партыя Статкевіча: Рэжым Лукашэнкі вычарпаў свае рэсурсы

Палітычная рэзалюцыя з'езду БСДП (Народная Грамада).

З'езд аргкамітэта для стварэння Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) пераабраў Мікалая Статкевіча кіраўніком арганізацыі і прыняў палітычную рэзалюцыю:

«Народная Грамада канстатуе:

1. Беларускі рэжым вычарпаў свае рэсурсы і не валодае патэнцыялам для патрэбных нашай краіне рэформаў.

2. «Выбары» застаюцца рытуалам прызначэння ўладамі цалкам кіраваных імі «дэпутатаў». Нават, калі асобныя з прызначаных належаць да дэмакратычных арганізацый.

3. Працягваецца пераслед нязгодных з незаконнай узурпацыяй улады. Рэжым вынаходзіць усё новыя спосабы ціску на лідараў і актывістаў пратэсту. Не спыняюцца спробы знішчыць, блакаваць або падпарадкаваць незалежныя СМІ.

4. Эканоміка застаецца амаль цалкам дзяржаўнай, што дае рэжыму эфектыўны інструмент кантролю палітычнай лаяльнасці і пакарання нязгодных. Неабходныя эканамічныя рэформы не праводзяцца, каб не ствараць рызыкі некантраляваных рэжымам палітычных змен.

5. Нерэфармаваная эканоміка ўвайшла ў стадыю доўгатэрміновай стагнацыі. Падае жыццёвы ўзровень людзей. Масавая эканамічная эміграцыя пагражае будучыні нацыі. Расце сацыяльная напружанасць і нянавісць да рэжыму.

6. Расейскіх датацый становіцца недастаткова, каб утрымліваць шматлікія сілавыя структуры рэжыму і падтрымліваць на плаве стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы.

7. Крэмль патрабуе за датацыі ўсё большых саступак суверэнітэту. Расейскі ўплыў на беларускія дзяржаўныя структуры, палітыку, эканоміку, інфармацыйную і культурную прастору расце, што стварае крытычную небяспеку незалежнасці краіны.

8. Абавязаны Крамлю сваім знаходжаннем пры ўладзе, беларускі дыктатар не ў стане прадухіліць створаную яго палітыкай небяспеку для дзяржаўнасці. Ён ідзе на саступкі, якія пагражаюць таксама ўцягнуць нашу краіну ва ўзброены канфлікт паміж Расеяй і Захадам.

Народная Грамада заяўляе аб сваёй рашучасці працягваць барацьбу за свабоду і незалежнасць Беларусі. Наша дзейнасць будзе сканцэнтраваная на наступных кірунках:

а) Мы будзем прадаўжаць кампанію мірных публічных акцый «Улада - народу!», каб прымусіць рэжым да правядзення сумленных выбараў. Для гэтага мы будзем працягваць працу для кансалідацыі дэмакратычнай апазіцыі і ўмацавання яе вядучай кааліцыі - Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

б) Мы будзем і далей абараняць правы людзей, кансалідаваць і накіроўваць энэргію сацыяльнага пратэсту, каб мірным ціскам дамагчыся ад рэжыму неабходных палітычных і эканамічных рэформаў.

в) Мы прапануем платформу кансалідацыі пратэстнай большасці беларускага грамадства, заснаваную на наступных прынцыпах: незалежнасць, як галоўная каштоўнасць; змяняльнасць улады; адмова ад гвалту пры палітычных канфліктах; дэмакратыя; імкненне да вайсковага нейтралітэту; пошук грамадскага кансэнсусу ў спрэчных пытаннях.

г) Мы не рыхтуем рэвалюцыю, бо разумеем усе небяспекі гвалтоўных сцэнарыяў. Рэвалюцыю сваёй антынароднай безадказнай палітыкай рыхтуе сам рэжым. Калі ён адмовіцца ад саступак грамадству і сваімі дзеяннямі штурхне людзей да масавых выступаў, надзвычай важна будзе накіраваць пратэсты на пабудову свабоднай і паспяховай Беларусі. Мы, дзякуючы свайму досведу і аўтарытэту сярод людзей, якi атрымалі ў барацьбе за іх правы, будзем гатовыя да гэтага.

в) Мы пацвярджаем сваю прыхільнасць незалежнасці Беларусі, як вышэйшай каштоўнасці, якую мы гатовыя абараняць усімі даступнымі сродкамі. Мы будзем разам з іншымі патрыятычнымі сіламі весці агітацыю і праводзіць публічныя мерапрыемствы ў абарону незалежнасці. Мы мяркуем, што важна годна адзначыць 100-я ўгодкі БНР у цэнтры сталіцы, каб прадэманстраваць гатоўнасць патрыётаў абараняць дзяржаўнасць нашай краіны.

Беларусь знаходзіцца на парозе драматычных змен. Народная Грамада разам са сваімі хаўруснікамі і прыхільнікамі гатовая прыняць выклік, які нясуць гэтыя змены.

Уладу - народу!

Жыве Беларусь!

Менск, 25 лютага 2018 года».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках