Рассельгаснагляд адказаў Сідорскаму
20- 26.02.2018, 8:38
- 24,461
Расейскі бок абвінаваціў Беларусь у пастаўцы санкцыйнай прадукцыі і фальсіфікату.
Акрамя экспарту з Беларусі ў Расею небяспечнай малочнай сыравіны, на пастаўкі якога Рассельгаснагляд вымушаны ўвесці часовыя абмежаванні, не менш востра да гэтага часу стаяць і іншыя пытанні. У расейскім міністэрстве жорстка адказалі на прэтэнзіі Беларусі і рэакцыю міністра прамысловасці і аграпрамысловага комплексу ЕЭК Сяргея Сідорскага. Адпаведная заява размешчаная на сайце расейскага міністэрства.
У Рассельгаснаглядзе паставілі пад сумнеў эфектыўнасць функцыянавання сістэмы дзяржаўнага ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Беларусі.
А ў Сан-Марына і не ведаюць
У міністэрстве заявілі, што адная з праблем — увоз бялкова-тлушчавага прадукту (сырападобнага прадукту) на тэрыторыю Расеі. Такая прадукцыя не падлягае прававому вызначэнню, але разам з тым невядомым спосабам сертыфікуецца.
«У кастрычніку 2017 года Рассельгаснаглядам былі выяўленыя факты паставак у Расею беларускімі кампаніямі ТАА «Газ Венчурэ», ТАА «Глобалкастам» і РУП «Белмытнясэрвіс» забароненай эканамічнымі захадамі ў адказ малочнай прадукцыі паходжаннем з Украіны і краін Еўразвязу пад выглядам вытворцаў краін, якія не трапілі пад абмежаванні, якія дзейнічаюць (Іран, Македонія, Сан-Марына і Кітай). Гаворка ішла аб легалізацыі 150 тысяч тон забароненай да ўвозу ў Расею прадукцыі, — распавялі ва ўстанове.
Са слоў яго прадстаўнікоў, Рассельгаснагляд аператыўна накіраваў зварот на адрас Мінсельгасхарча Беларусі для прыняцця захадаў да беларускіх кампаній ТАА «Газ Венчурэ», ТАА «Глобалкастам» і РУП «Белмытнясэрвіс», якія ажыццяўлялі легалізацыю забароненых тавараў на тэрыторыі Беларусі з наступнай адпраўкай у Расею.
«Рассельгаснагляд звярнуў увагу беларускага боку на тое, што, найперш, пастаўкі такіх тавараў з тэрыторыі Украіны і Еўразвязу вядуць да зніжэння аб'ёму ўвозу ў Расею малочнай прадукцыі добрасумленных беларускіх вытворцаў. Па-другое, сітуацыя, што складваецца, кажа аб неэфектыўнасці кантролю ветэрынарнай службы Беларусі на беларускім адцінку вонкавай мяжы ЕАЭС, якая альбо ўдзельнічае ў незаконных схемах, альбо не надае належную ўвагу таму, што адбываецца», — адзначылі ў міністэрстве.
У Рассельгаснаглядзе заявілі, што спатрэбіўся ўсяго адзін дзень для таго, каб звязацца з ветэрынарнымі службамі Ірана, Македоніі, Сан-Марына і Кітая і атрымаць ад іх адказ, што гэтая прадукцыя на адрас беларускіх і расейскіх атрымальнікаў не адгружалася. Кампетэнтнымі органамі Ірана, Македоніі, Сан-Марына і Кітая былі на месцах праведзены расследаванні, па выніках якіх краіны інфармавалі Рассельгаснагляд, што заяўленыя на маркіроўцы вытворцы (СЕ SM 18 SanMarinoFormaggi — Сан-Марына; «LactalisMKDooelScopje» — Македонія; ShandongYuxinBio-TechCo, Ltd; ChestermaxInterLimited — Кітай; DooshenDairyCo — Іран) не выраблялі і не пастаўлялі гэтую прадукцыю на тэрыторыю Беларусі.
Акрамя таго, Рассельгаснаглядам былі дадаткова арганізаваныя візіты на прадпрыемствы Рэспублікі Сан-Марына (СЕ SM 18 SanMarinoFormaggi) і Македоніі («LactalisMKDooelScopje»).
«Па выніках гэтых візітаў зробленыя высновы, што бялкова-тлушчавая прадукцыя, якая паступае з Беларусі на тэрыторыю Расеі, не выраблялася ні ў Македоніі, ні ў Сан-Марына, мае неўстаноўленае паходжанне і паступае на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі ў суправаджэнні фальсіфікаваных дакументаў», — падкрэслілі ў Рассельгаснаглядзе.
У міністэрстве таксама адзначылі, што дагэтуль пытанне не ўрэгуляванае. Паводле звестак Рассельгаснагляду, у 2018 годзе ў Расею ўжо ўвезена з Беларусі 160 партый такой прадукцыі, і яна далей пастаўляцца паводле фальсіфікаваных дакументаў і рэалізоўвацца не як «бялкова-тлушчавы паўцвёрды прадукт», а як звыклы для расейскага спажыўца «сыр».
Прыватнікі і яблыкі
Яшчэ адным праблемным пытаннем з'яўляецца ўвоз у Расею з тэрыторыі Беларусі фізічнымі асобамі рознай прадукцыі без ветэрынарна-суправаджальных дакументаў, нібыта для асабістых мэт, заявілі ў Рассельгаснаглядзе.
«Аднак аб'ём тавараў, што ўвозяцца ў ручной паклажы, не пакідае сумненняў у тым, што прадукцыя прызначаецца для рэалізацыі на расейскім рынку», — распавялі ва ўстанове і агучылі статыстыку — за няпоўныя два месяцы 2018 года Рассельгаснаглядам спыненыя спробы перамяшчэння праз расейска-беларускую мяжу 17 партый малочнай, мясной і іншай жывёлагадоўчай прадукцыі агульным аб'ёмам звыш 25 тон.
«Улічваючы гэта, заявы беларускіх калег аб строгім кантролі за прадукцыяй, якая пастаўляецца ў Расею, падлягаюць відавочнаму сумневу», — мяркуюць у Рассельгаснаглядзе.
У расейскім міністэрстве таксама заявілі, што жывёлагадоўчая прадукцыя не адзіны праблемны пункт у структуры расейскага імпарту з Беларусі. На працягу 2016-2017 гадоў Рассельгаснагляд праводзіў маштабную працу для пацвярджэння сапраўднасці фітасанітарных сертыфікатаў, у суправаджэнні якіх на тэрыторыю Расеі праз Беларусь паступала падкаранцінная прадукцыя, якая патрапіла пад абмежаванні, устаноўленыя РФ.
У выніку гэтай працы Рассельгаснагляд быў вымушаны абмежаваць пастаўкі праз Беларусь і дазволіць толькі прамы ўвоз праз пункты пропуску, размешчаныя на расейскім участку вонкавай мяжы ЕАЭС, расліннай прадукцыі з 33 краін, каранцінныя службы якіх паведамілі, што не выдавалі гэтыя дакументы. У лік такіх дзяржаў увайшлі Бангладэш, Бенін, Буркіна-Фасо, Гвінея, Емен, Ярданія, Конга, Нігерыя, Руанда, Танзанія і дзясяткі іншых краін.
«Варта адзначыць, што ў Рассельгаснагляда ёсць усе падставы меркаваць, што садавіна і гародніна, што ўвозіцца праз Беларусь пад выглядам паходжання гэтых краін, напраўду была вырашчаная ў ЕЗ», — мяркуюць у міністэрстве. Яго прадстаўнікі распавялі, што праведзеная Рассельгаснаглядам у пачатку лютага праверка прадпрыемстваў-вытворцаў свежых яблыкаў у Беларусі, якія ажыццяўляюць пастаўкі на тэрыторыю Расеі ў снежні 2017 года — лютым 2018 года, паказала, што ў сховішчах 31 гаспадаркі яблыкі ў прынцыпе адсутнічаюць. У сувязі з гэтым была ўведзеная забарона на пастаўку яблыкаў з гэтых прадпрыемстваў.
У Рассельгаснаглядзе спадзяюцца, што на будучай сустрэчы з удзелам міністэрстваў сельскай гаспадаркі Расеі і Беларусі, прадстаўнікі ЕЭК таксама ініцыююць абмеркаванне вышэйазначаных праблем.
Нагадаем, Расея заявіла аб забароне з 26 лютага ўвозу з Беларусі малака, вяршкоў і іншай малочнай прадукцыі. Адзначаецца, што забарона ўводзіцца ў сувязі з паступленнем небяспечнай малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расею.
У ЕЭК адзначылі, што ўвядзенне абмежаванняў на пастаўкі беларускага малака ў Расею груба парушае пункты, зацверджаныя Саветам Еўразійскай эканамічнай камісіі — дапускаецца абмежаванне паставак прадукцыі з усёй тэрыторыі Беларусі выключна пры пагаршэнні эпізаатычнай сітуацыі пасля асабліва небяспечных і каранцінных хвароб, агульных для чалавека і жывёл. Цяпер такіх падстаў няма, таму ў Рассельгаснагляду няма падстаў для ўвядзення абмежаванняў на ўвоз прадукцыі з тэрыторыі ўсёй краіны.