Леў Марголін: «Сярэдні заробак» - паказчык, які абсалютна ні пра што не кажа
10- 26.02.2018, 10:34
- 14,525
У Беларусі «заробак» даўно стаў прапагандысцкай велічынёй.
Сярэдні заробак беларусаў абрынуўся ў студзені на 136 рублёў. Атрымліваць сталі менш работнікі амаль усіх сфер за рэдкім выняткам.
Чаму гэта адбылося, выданню «Завтра твоей страны» распавядае эканаміст Леў Марголін.
- Зніжэнне сярэдніх заробкаў у студзені азначае, што ў снежні заробак быў напампаваны ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі... Ёсць, вядома, і аб'ектыўныя прычыны: у студзені менш рабочых дзён, а значыць, тыя, хто атрымлівае аплату паводле пагадзіннай тарыфікацыі, паводле выпрацоўнай формы аплаты, зарабілі менш. Але ў асноўным гэта звязана са снежаньскімі хітрыкамі - выплатамі прэмій, трынаццатых і гэтак далей.
- А наколькі наогул важна самое паняцце «сярэдні заробак»?
- Сярэдні заробак - гэта як сярэдняя тэмпература ў шпіталі. Напраўду важным з'яўляецца наяўнасць працоўных месцаў, дзе можна атрымліваць прыстойны заробак, і іх колькасць. Значна больш важнае такое нераспаўсюджанае паняцце, як медыянны заробак, ад якога 50% насельніцтва атрымлівае менш, а 50% - больш.
Сярэдні заробак – паказчык, які абсалютна ні пра што не кажа, але ў краінах з дырэктыўнай эканомікай яму надаюць вельмі вялікае значэнне.
Як павышэнне заробкаў бюджэтнікам паўплывае на курс рубля
- З якой мэтай?
- Хочацца паказаць, што мы таксама не лыкам шытыя, што мы зарабляем больш, чым, напрыклад, ва Украіне, ці амаль столькі, колькі ў Расеі. Гэта робіцца выключна ў прапагандысцкіх мэтах. Прычым нікога не цікавіць, які рэальны заробак, галоўнае, што пакажа статыстыка.
У Беларусі розныя махінацыі ідуць не толькі ў снежні. Людзі, напрыклад, працуюць няпоўны працоўны тыдзень або няпоўны працоўны дзень. А паколькі сярэднямесячны заробак пералічваецца на поўную занятасць, то кожны чалавек, які працуе на паўстаўкі і атрымлівае 200 рублёў, аўтаматычна пераходзіць у разрад атрымальніка 400 рублёў. Адпаведна, заробак таго, хто на паўстаўкі атрымлівае 400 рублёў, пералічваецца на поўную занятасць і атрымлівае сярэдні заробак 800 рублёў на месяц.
Для павышэння сярэдняга заробку патрабуецца адпаведнае падвышэнне прадукцыйнасці працы. А гэта дасягаецца двума спосабамі: альбо тая ж колькасць людзей пачынае вырабляць удвая больш прадукцыі, альбо тую ж колькасць прадукцыі вырабляе ўдвая менш людзей.
Ні тое, ні іншае нам не пагражае, бо, з аднаго боку, прадукцыю мала вырабіць - яе яшчэ трэба прадаць, а такіх у нас не так шмат, з другога боку, куды падзець вызваленых людзей? Таму ніякага рэальнага значнага росту заробку быць не можа.
Беларусь праходзіць гэты шлях ужо 20 гадоў. Усялякае дырэктыўнае павелічэнне заробку носіць у нас інфляцыйны характар, гэта значыць, на тую ж самую колькасць запатрабаваных тавараў у абароце з'яўляецца большая колькасць грошай, і пачынаюць расці кошты. Без рэформаў ні пра якое стабільнае павышэнне заробкаў гаворкі быць не можа.