17 лiстапада 2023, Пятніца, 9:55
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Войцэх Якубік: Літва - чарговы жаўнер у шэрагах апанентаў «Паўночнага струменю-2»

Войцэх Якубік: Літва - чарговы жаўнер у шэрагах апанентаў «Паўночнага струменю-2»
Войцэх Якубік

Літве і Польшчы ўдалося выйсці на новы ўзровень стасункаў у гэтым пытанні.

Падчас візіту прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Літву, на ўрачыстасці з нагоды стагоддзя аднаўлення літоўскай дзяржаўнасці, Вільня паабяцала Варшаве сваю дапамогу ў супрацьдзеянні планам Крамля ў будаўніцтве другой галіны газаправода «Паўночны струмень-2».

Сітуацыю вакол гэтага пытання для Charter97.org пракаментаваў Войцэх Якубік, галоўны рэдактар польскага партала BiznesAlert, прысвечанага пытанням бяспекі і энэргетыкі.

- Даля Грыбаўскайтэ, прэзідэнтка Літвы, заявіла аб тым, што мае намер падтрымаць Варшаву ў яе памкненнях спыніць будаўніцтва другой галіны «Паўночнага струменю- 2». Як вы гэта пракаментуеце?

- Польшча і Літва, практычна з самага пачатку з'яўлення праблемы расейскага газаправода «Паўночны струмень-2», супрацоўнічаюць і каардынуюць свае дзеянні. Літоўска-польскае супрацоўніцтва ў гэтым пытанні вытрымала выпрабаванне часам. Літва - чарговы жаўнер у шэрагах апанентаў праекта, Вільня падтрымлівае крытыкаў праекта ў Радзе Еўропы падчас дыскусій аб пытанні дырэктывы наконт газу, якую прапануе Еўрапейскі Звяз.

- У якіх яшчэ пытаннях у галіне энергетыкі абедзве краіны могуць супрацоўнічаць?

- Літве і Польшчы ўдалося выйсці на новы ўзровень стасункаў у энергетыцы пасля таго, як быў пройдзены пункт пералому ў спрэчцы паміж польскім канцэрнам «Арлен», якому належыць нафтаперапрацоўчы комплекс у Мажэйкяй, і Літоўскай чыгункай. Пасля многіх гадоў бясплённых дыскусій нарэшце атрымалася дамовіцца, што з'явіцца чыгуначная галіна, праз якую так шмат спрачаліся, а тарыфы на транспарт грузаў «Арлена» будуць паніжаныя. Перамовы паміж Арленам і кіраўніцтвам Літоўскіх чыгунак могуць, зрэшты, доўжыцца, бо для польскай стараны ключавым з'яўляецца пытанне канкурэнтнасці паставак з НПЗ у Мажэйкяй у параўнанні да грузаў, напрыклад, з Беларусі, але нельга не адзначыць добрую волю да кампрамісу, якую дэманструюць абедзве стараны.

- Ці можна спыніць праект «Паўночны струмень-2»?

- Рэалізацыя праекту «Паўночны струмень-2» магла б спыніцца пасля наўпроставай палітычнай пастановы Нямеччыны ці Рады Еўропы. На жаль, на гэта надзеі няма. Еўрапейская Камісія магла б блакаваць праект, але пакуль што незразумела, ці атрымаецца гэта зрабіць своечасова, разам з рэвізіяй дырэктывы ЕЗ абгазе, гэта значыць да пачатку будаўніцтва другой галіны газаправода. Рэнтабельнасць праекта «Паўночны струмень-2» можа пацярпець праз пярэчанні Даніі, якая супраць прапановы будаўніцтва галіны на сваёй частцы шэльфа. У выніку ўмяшання Данія можа запатрабаваць змяніць трасу газаправода. На рэнтабельнасць «Паўночнага струменю-2» могуць паўплываць санкцыі ЗША, накіраваныя на фірмы, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправода.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках