Беларусы патрабуюць захаваць міжгароднія маршруткі
14- 26.02.2018, 12:39
- 14,966
Пад петыцыяй падпісаліся ўжо больш за 3,5 тысячы чалавек.
Беларусы актыўна карыстаюцца паслугамі міжгародніх маршрутак. Вельмі часта, яны таннейшыя за рэйсавыя аўтобусы, хутчэйшыя, і курсуюць да позняга вечара.
З сённяшняга ж дня ўвайшоў у дзеянне абноўлены закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», які, фактычна, зрабіў звыклыя міжгароднія маршруткі па-за законам. У выніку, пасажыры рызыкуюць застацца без міжгародніх маршрутак, а кіроўцы без заробку.
Як пішуць аўтары петыцыі за захаванне міжгародніх маршрутак:
- Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі прымушае вознікаў укладаць дамовы з вакзаламі пад рэгулярны кірунак, пры якім месцам адпраўлення з'яўляецца толькі тэрмінал вакзала. Як паказала практыка, насельніцтву гэты спосаб не заўсёды зручны.
Таксама ў петыцыі адзначаецца, што «насельніцтва мае права само выбіраць з кім яму зручней ездзіць, пакінем прыватных вознікаў».
Петыцыю падпісала ўжо больш за 3,5 тысяч чалавек. Трэба яшчэ 1 332 подпісы- і яна адправіцца ў Міністэрства транспарту і камунікацый.
Петыцыю можна падпісаць тут.