Палешукі абураюцца праз «новаўвядзенні» ўладаў
4- 26.02.2018, 14:13
- 15,777
Жыхароў Палесся пазбаўляюць таннага і хуткага праезду ў Менск.
Людзі абураюцца ад таго, што праз пастанову ўладаў могуць апынуцца без паслугаў прыватных маршрутак, і просяць унесці папраўкі ў закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», піша сайт «Медыя-Палессе».
Адзіны аўтобус, які выходзіць са Століна на Менск, адпраўляецца з райцэнтра а 06.15 раніцы. Жыхарам іншых населеных пунктаў раёна, каб скарыстацца гэтым маршрутам, трэба яшчэ неяк дабрацца да горада. З некаторых вёсак,напрыклад, Цярэблічаў, Хатомля і іншых, на гэта сыдзе блізу гадзіны і нават больш.
Далёка не ў кожнага ёсць магчымасць ехаць на аўтамабілі (праз яго адсутнасць) альбо рэйсавым аўтобусам (праз адсутнасць маршруту з населенага пункта да Століна), каб прыбыць туды а шостай гадзіне раніцы. А яшчэ квіток трэба загадзя ехаць набываць, каб не пазбавіцца паездкі пры набыцці перад адпраўленнем.
Аўтобус злучэннем «Столін - Менск», які адпраўляецца са Століна а 6.15 раніцы, на канчатковую станцыю ў Менск прыбывае а 13.07. Атрымліваецца, што пасажыр знаходзіцца ў дарозе практычна сем гадзін. Адпраўляецца ён у панядзелак, пятніцу і нядзелю.
Маршрутка да Менска забірала палешукоў проста ў іх населеных пунктах. Калі паўсталі праблемы з пераправай праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне, маршрутка не скасавала праезд. Людзей давозілі да пераправы, а пасля пераправы арганізавалі праезд да Менска. Аўтобусны маршрут, наадварот, зрабілі праз Пінск, чым павялічылі час у шляху. Плюс жыхарам населеных пунктаў, такіх як Манькавічы і ці Сямігосцічы, трэба дабірацца да Століна, каб сесці на аўтобус. Нягледзячы на тое, што адлегласць маршруту павялічылася практычна да 50 км, кошт квітка застаўся ранейшым.
Праз касаванне маршрутак у жыхароў Столінскага раёна паўстануць праблемы з паездкамі ў Менск. Дзяржаўны аўтобус за тры дні і ў адзін рэйс у кожны з гэтых дзён не зможа задаволіць патрэбы палешукоў для паездак у сталіцу. Наўпроставага чыгуначнага злучэння ў Менск таксама няма. Трэба ехаць або ў Пінск, альбо ў Лунінец, каб адтуль дабрацца да сталіцы. А гэта нязручна ва ўсім. На Століншчыне жывуць далёка не самыя багатыя людзі, якія карыстаюцца дзяржаўным і прыватным аўтатранспартам.
У сталіцу палешукі едуць як у камандзіроўкі, так і на вучобу. Вельмі многія студэнты аддаюць перавагу атрымліваць адукацыю ў навучальных установах сталіцы. Цяпер яны нашмат радзей будуць ездзіць дадому. Выхадцы са Століншчыны ў родныя краі таксама змогуць вяртацца радзей. У Год малой радзімы, калі ўвага павінна быць нададзеная менавіта маленькім мястэчкам, наадварот, транспартная камунікацыя павінна быць добрай, а не тройчы на тыдзень.