17 лiстапада 2023, Пятніца, 9:55
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Метад Паўла Левінава: Для барацьбы за свае правы патрэбныя глыбокія веды і мужнасць

1
Метад Паўла Левінава: Для барацьбы за свае правы патрэбныя глыбокія веды і мужнасць
Павел Левінаў

Праваабаронца распавёў актывістам Магілёўшчыны пра «магію юрыдычнага крэатыву».

У Крычаве грамадскія актывісты з усходу Магілёўшчыны 24 лютага сустрэліся з праваабаронцам, кіраўніком Віцебскага аддзялення БХК Паўлам Левінавым. Сустрэча прайшла ў рамках «Юрыдычнай гасцёўні», якую праводзяць журналісты незалежнай газеты «Вольны горад», паведамляе сайт ГА «БАЖ».

Павел Левінаў распавёў пра тое, як стаў праваабаронцам, з якога ўзросту ў яго з'явілася пачуццё чалавечай годнасці, прыйшло асэнсаванне, што ёсць правы чалавека, якія трэба бараніць. Нарэшце ён прыйшоў у Беларускі Хельсінскі Камітэт у 2000 годзе і зразумеў, што гэта ягонае жыццё і ягоная справа.

У другой палове сваёй лекцыі Павел Левінаў распавёў пра найбольш характэрныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі з пункту гледжання міжнароднага права (Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), распавёў, як крэатыўна змагацца за свае правы. Было прыведзена шмат прыкладаў «падыходу ад Паўла Левінава», якія выклікалі і смех у аўдыторыі, і павагу да мужнасці Паўла, бо, каб змагацца за правы чалавека такім чынам, патрэбныя і глыбокія веды, і мужнасць.

«Павел - гэта маг юрыдычнага крэатыву, ён унікальны праваабаронца, робіць тое, што ў Беларусі не робіць ніхто. Шмат людзей, у тым ліку журналістаў, удзячныя яму за дапамогу. Але ён яшчэ і надзейны сябар і пазітыўны чалавек...Я ніколі не бачыў яго сумным, хоць яму даставалася ад улады - і штрафы, і арышт, і пагрозы», - падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы рэдактар «Вольнага горада» Сяргей Няроўны.

Напрыканцы мерапрыемства Павел Левінаў адказаў на пытанні прысутных і некаторым з іх даў юрыдычныя парады.

У сустрэчы ўдзельнічалі незалежныя журналісты і грамадскія актывісты з Крычава, Клімовічаў і Чэрыкава.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках