Прыпяць затапіла дарогу да пераправы ля пашкоджанага моста
3- 26.02.2018, 15:05
- 15,949
Мясцовыя жыхары зноў адрэзаныя ад «вялікай зямлі».
У Жыткавіцкім раёне на Прыпяці, дзе трэснуў мост, зноў неспакойна. Вада паднялася і затапіла дарогу, па якой людзей падвозілі да катэраў. Пра гэта tut.by паведамілі мясцовыя жыхары.
- Дарогу цалкам затапіла. Легкавушкам не праехаць. Мы на аўтобусе таксама толькі паўдарогі пераадолелі. Далей кіроўца пабаяўся: вада вялікая і прадаўжае прыбываць, - распавёў мясцовы жыхар Павел Амега. Раніцай маладзён ехаў на працу ў гаспадарку Шруба, аднак да пераправы аўтобус праз вялікую ваду так і не дабраўся.
- Да васьмі мы чакалі пастановы кіраўніцтва, у выніку з працы нас, улічваючы абставіны, адпусцілі. З кансервавага людзей таксама адправілі дадому, - распавёў маладзён.
У супольнасці ва «Вконтакте» «Жыткавічы Online» мясцовыя таксама абмяркоўваюць узніклую праблему. Там кажуць, што нягледзячы на рызыку, некаторыя вымушаныя перапраўляцца праз Прыпяць праз пашкоджаны аварыйны мост.

«У рацэ Прыпяць (на 6 гадзін ранку 26 лютага. - Заўвага.) паднялася вада. Людзям, якія прыехалі на маршрутцы, адмовілі ў пераправе на другі бераг, і давялося ісці праз мост. Пакуль падняўся на мост, праваліўся па калена пад лёд і 2 разы ўпаў. Ледзь не адмарозіў ногі і рукі», - скардзіцца адзін з падпісантаў супольнасці.
«Забірайце аўто [з дарогі], пакуль не позна! Легкавушкам ужо не праехаць», - папярэджваюць землякоў у каментарах.
У МНС паведамілі, што з іх боку ніякіх перашкодаў для пераправы людзей праз Прыпяць на катэрах няма.
Журналісты не здолелі аператыўна атрымаць каментары мясцовай улады.


Нагадаем, 7 снежня на аўтамабільным мосце праз Прыпяць у Жыткавічах з'явіліся расколіны і ён правіс. Мост закрылі для аўтатранспарту, а затым і для пешаходаў. Паводле ацэнак спецыялістаў - прыкладна на год. Адсутнасць аўтамабільных і пешаходных шляхоў праз Прыпяць паралізавала жыццё і эканоміку ў рэгіёне. Праўда, неўзабаве для мясцовых жыхароў была ўсталяваная пантонная пераправа. Але цяпер праз мароз яна працаваць не можа. Апошнім часам людзей праз Прыпяць вазілі катэры вайскоўцаў і МНС. Але цяпер, калі дарогу да берага падтапіла, жыхары раёна зноў патрапілі ў бездапаможнае становішча.