Вольга Чайчыц: У існаванні Канстытуцыйнага суда няма сэнсу
5- 26.02.2018, 16:11
- 17,706
Фото: racyja.com
Вышэйшая судовая інстанцыя адказала на скаргу незалежных журналістаў.
Журналісты падавалі скаргу ў вышэйшую судовую інстанцыю краіны, патрабуючы прыбраць з нарматыўных актаў неадпаведнасці Канстытуцыі, паведамляе «Белсат».
«Мы падавалі скаргу, бо нас увесь час ушчамляюць ў канстытуцыйным праве на збор і распаўсюд інфармацыі. Штрафы, якія нам прысуджваюць, як раз яму супярэчаць. Да таго ж, артыкул 22.9 не можа ўжывацца да фізічных асоб, а толькі юрыдычных і рэдакцый СМІ. Канстытуцыйны суд не ўбачыў, што тут ёсць нейкае парушэнне. Таму я мяркую, што сэнсу ад існавання такой інстанцыі ў нашай краіне няма. Замест таго, каб распачаць справу, напісалі адпіску», - каментуе пастанову Канстытуцыйнага суда Вольга Чайчыц.

У журналістаў няма магчымасці абскардзіць гэтую пастанову, яна з'яўляецца канчатковай.
Таксама Вольга Чайчыц паведаміла, што Андрэя Козела выклікаюць у Цэнтральны РАУС, паводле справы, якую адправілі на дапрацоўку.
За мінулы год працоўны тандэм за супрацоўніцтва з «Белсатам» атрымаў штрафаў на суму 8556 рублёў. За першыя два месяцы 2018 года іх ужо пакаралі грашовымі спагнаннямі на 100 базавых адзінак (2450 рублёў).
5 сакавіка фрылансераў чакае чарговы суд у Дзяржынску. На гэты раз іх будуць судзіць за сюжэт, дзякуючы якому жыхарам Фаніпаля выдалі ключы ад кватэр.
Сёлета ціск на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», стаў прадаўжэннем беспрэцэдэнтнага леташняга пераследу. Толькі судовых працэсаў летась адбылося больш за 60.