17 лiстапада 2023, Пятніца, 9:53
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Анджэй Пукшта: Трамп можа наведаць Літву, калі будуць праблемы з Менскам

1
Анджэй Пукшта: Трамп можа наведаць Літву, калі будуць праблемы з Менскам
АНДЖЭЙ ПУКШТА
ФОТА: ZW.LT

ЗША разумеюць значэнне краін Балтыі для стабільнасці ў рэгіёне.

Прэзідэнты Літвы, Латвіі і Эстоніі сустрэнуцца 3 красавіка ў Белым доме з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Што можа абмеркаваць на саміце з Трампам прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, Сharter97.org пракаментаваў Анджэй Пукшта, кіраўнік кафедры паліталогіі ўніверсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне.

- Што азначае сустрэча кіраўнікоў балтыйскіх дзяржаў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам?

- Краіны Балтыі, гэтак жа як Польшча і іншыя постсацыялістычныя краіны, традыцыйна займаюць у Еўрапейскім Звязе найбольш праамерыканскую пазіцыю, што не могуць не заўважыць у Белым Доме. Натуральна, што ўрад ЗША працягвае руку насустрач, што і мы можам назіраць хоць бы ў выглядзе гэтай сустрэчы ў Белым Доме.

- Якія пытанні могуць абмяркоўвацца Літвой падчас саміту ЗША і краін Балтыі?

- Даля Грыбаўскайтэ несумненна будзе казаць пра тое, што трэба ўмацоўваць ўсходнія рубяжы NATO. Іншая справа, пры дапамозе якіх сродкаў і калі гэта адбудзецца. Для Літвы важныя прысутнасць батальёнаў NATO і сіл ЗША ў рэгіёне, умацаванне супрацьпаветранай абароны. На сустрэчы плануецца абмеркаваць эканамічныя стасункі, уключаючы імпарт звадкаванага прыроднага газу з ЗША ў Літву. Пакуль што на тэрыторыі Літвы ў асноўным размяшчаюцца войскі Бундэсвера, вайскоўцы ЗША раскватараваныя ў Польшчы. Магчыма, будуць перамовы, каб у Літву трапіла цяжкая тэхніка NATO.

З іншага боку, трэба памятаць, што сустрэча ў ЗША, адбудзецца напярэдадні вялікага саміту Паўночнаатлантычнага Альянсу летам. Несумненна, што Трамп і лідары краін Балтыі будуць спрабаваць выпрацаваць агульную пазіцыю.

- Дональд Трамп летась пабываў з візітам у Польшчы, якая імавернасць таго, што ён наведае краіны Балтыі?

- Думаю, што і Даля Грыбаўскайтэ і прэзідэнты Латвіі і Эстоніі запросяць яго, але не варта забываць, што адносна нядаўна, напрыклад, у Таліне пабываў віцэ-прэзідэнт ЗША, у Вільні - міністр абароны. Візіту Дональда Трампа, я б чакаў, напрыклад, у тым выпадку, калі пагоршыцца сітуацыя з расейскім анклавам - Калінінградскай вобласцю - ці будуць праблемы з Менскам.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках