17 лiстапада 2023, Пятніца, 9:55
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчанка: Цяпер маршруткі не ходзяць, калі аўто выедзе, то яго могуць канфіскаваць

6
Мянчанка: Цяпер маршруткі не ходзяць, калі аўто выедзе, то яго могуць канфіскаваць
Фота: tut.by

Сёння не выконваюць рэйсы некалькі міжгародніх маршрутак.

У рэдакцыю onliner звярнуліся некалькі пасажыраў, якія паведамілі пра перабоі ў працы міжгародніх маршрутак. Аднак мароз і тэхнічныя непаладкі тут ні пры чым. Сітуацыя хутчэй звязаная з незадаволенасцю перавозчыкаў, якія пасля зменаў у заканадаўстве павінны змяніць статус на «рэгулярныя аўтамабільныя пасажырскія перавозкі». На адным з сайтаў створаная петыцыя, якую падпісалі ўжо амаль 5 тысяч чалавек. А пасажыры між тым думаюць, як дабірацца да патрэбнага горада.

Напрыклад, да журналістаў звярнулася чытачка Валерыя. Яна паведаміла, што яе бацькі жывуць у Капылі: «Часта езджу да іх і ў асноўным карыстаюся паслугамі маршруткі. Але сёння з цяжкасцю змагла дабрацца да Менска. Можна сказаць, пашанцавала: знаёмыя ехалі на аўтамабілі і забралі. У дыспетчарскай мне патлумачылі, што цяпер маршруткі не ходзяць, узніклі складанасці, калі машына выедзе, то яе могуць нават канфіскаваць».

Праблема паўстала не толькі на маршруце Менск - Капыль. Кіраўнік кампаніі «Полацкі экспрэс» распавёў нам, што часова прыпыніў дзейнасць. У аўтапарку блізу 30 аўтамабіляў. Яны выконваюць маршрут Менск - Лепель - Бягомль - Полацк - Наваполацк кожны дзень. Цяпер на стартавай старонцы сайта вывешаны чырвоны банэр, які паведамляе аб непрыемнай для пасажыраў вестцы.

«У сувязі з уваходжаннем у дзеянне змяненняў, унесеных у Закон Рэспублікі Беларусь ад 14.08.2007 №278-З «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», Транспартнай інспекцыяй Міністэрства транспарту і камунікацый Віцебскай вобласці быў праведзены аналіз ажыццяўлення перавозак пасажыраў нашымі перавозчыкамі ў кірунках «Полацкага экспрэса». Па факце праведзенага аналізу ўсе нашы перавозчыкі атрымалі паведамленні, у якіх прапануецца ў абавязковым парадку звярнуцца ў мясцовы выканаўчы орган па месцы рэгістрацыі для ўкладання дамовы на ажыццяўленне перавозак пасажыраў у рэгулярных злучэннях на пэўнай тэрыторыі. На падставе названых фактаў, а таксама каб пазбегнуць атрымання штрафных санкцый або іншых адміністрацыйных спагнанняў, намі прынятая пастанова аб прыпыненні надання паслуг нашай кампаніяй з 26 ЛЮТАГА 2018 г да моманту вызначэння тыпу дзейнасці ў адпаведнасці з законам», - сказана на сайце «Полацкага экспрэса».

Як вядома, яшчэ некалькі перавозчыкаў занялі такую ж пазіцыю. А ў мінулую пятніцу, 23 лютага, была створаная петыцыя, якая заклікае «ўнесці папраўкі ў закон, якія не будуць перашкаджаць працаваць»:

«Больш за дзесяць гадоў таму ў Беларусі з'явіліся прыватныя маршруткі, якія прапануюць хутчэй і танней (у параўнанні з дзяржаўнымі аўтобусамі) даставіць пасажыраў з аднаго горада ў іншы. Дагэтуль гэты тып дзейнасці называўся «нерэгулярныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў». Кіроўцы павінны былі мець пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі, ліцэнзію, касавы апарат і іншыя атрыбуты, неабходныя для перавозкі пасажыраў аўтамабільным транспартам. Галоўнае адрозненне - не трэба ўзгадняць расклад з дзяржорганамі. Але цяпер «нерэгуляршчыкам» трэба перайсці на іншую схему працы».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках