Мірны супраціў крымскіх татараў
- 26.02.2018, 17:35
- 6,589
26 лютага ва Украіне адзначаюць Дзень супраціву крымчакоў расейскай агрэсіі.
У 2014 годзе праўкраінскія актывісты правялі мітынг ля сцен Вярхоўнай Рады Аўтаномнай Рэспублікі Крым у абарону тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны - ім супрацьстаялі актывісты партыі «Рускае адзінства», піша cайт «Крым.Реалии».
Арганізатарам праўкраінскай акцыі выступіў Меджліс крымскататарскага народа на чале з Рафатам Чубаравым, а прарасейскай - партыя «Рускае адзінства» на чале з Сяргеем Аксёнавым. Наступнай жа раніцай вайскоўцы без апазнавальных знакаў захапілі ўрадавыя ўстановы Крыма, а дэпутаты мясцовага парламента прагаласавалі за правядзенне «рэферэндуму».
Кіраўнік Меджліса крымскататарскага народа Рафат Чубараў разважае пра вынікі супраціву крымчакоў расейскай агрэсіі.
- Падзеі чатырохгадовай даўніны паказалі, што для дасягнення поспеху грамадзянскі супраціў павінен абапірацца на цалкам функцыянальныя органы дзяржаўнай улады. Дык вось, у Крыме грамадзянская супольнасць сваю задачу выканала цалкам. На прызыў Меджліса на мітынг выйшлі не толькі крымскія татары, а і ўкраінцы, і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Мы не далі магчымасці Уладзіміру Пуціну, ФСБ, Расеі цалкам стварыць бачнасць таго, што Вярхоўная Рада Крыму сабралася добраахвотна і сама прыняла пастанову аб адарванні паўвыспы ад Украіны і далучэнні яе да Расеі. Грамадзянская супольнасць не дазволіла намаляваць гібрыдную карцінку, каб пераканаць свет, быццам крымчакі самі захацелі анэксіі. На жаль, бяздзейнасць дзяржаўных органаў у Крыме ў выніку прывяла да захопу мясцовага парламента расейскім спецназам.
Рафат Чубараў перакананы, што менавіта супраціў 26 лютага вымусіў Уладзіміра Пуціна пайсці на наўпроставае ваеннае ўварванне ў Крым, якое стала для Расеі найгоршым сцэнаром з магчымых.
- Гэтыя падзеі будуць пакладзеныя ў аснову пастаноў трыбунала над расейскім кіраўніцтвам, над Расеяй. Вось гэтага дамагліся мірныя жыхары Крыма на мітынгу 26 лютага 2014 года - вымусілі Расею разгарнуць войскі. Цяпер што б ні казаў Уладзімір Пуцін, ён выглядае як захопнік і парушальнік міжнароднага права.
Рафат Чубараў адзначае, што для ўсіх крымчакоў у тыя дні быў характэрны страх перад будучыняй, але разам з тым і вялікія чаканні ад яго.
- Безумоўна, можа быць і такое меркаванне. Тады ўсё крымчакі задумваліся: што будзе далей? У людзей было чаканне пераменаў. Я нагадаю: усім надакучыла гэтая ўлада макееўскіх, данецкіх і гэтак далей, яна была вельмі далёкая ад людзей і прыгнятала бізнэс. У Кіеве ўкраінскае грамадства паднялося, каб прымусіць уладу адказваць перад ім. У крымчан ж, па-за залежнасцю ад іх поглядаў, была надзея на змены да лепшага. Яшчэ за некалькі дзён да 26 лютага мы казалі, што, нарэшце, у Крыме не будзе манаполіі ў аніводнай палітычнай партыі, што прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў змогуць разам на роўных адказваць за будучыню паўвыспы.
Уладзімір Канстанцінаў тады таксама баяўся - за свае больш чым 200 мільёнаў даляраў запазычанасці перад банкамі. На такіх людзей і абапіраўся Уладзімір Пуцін.