Вільня закупіць сродкі абароны на выпадак аварыі на БелАЭС
3- 26.02.2018, 17:52
- 8,811
Сродкі плануецца набыць і правесці вучэнні ў 2019-2020 гадах.
Муніцыпалітэты горада Вільні і Швянчонскага раёна Літвы маюць намер за кошт еўрапейскіх сродкаў дапамогі набыць сродкі грамадзянскай абароны на выпадак магчымай аварыі на Беларускай АЭС (БелАЭС), якая будуецца ў Астраўцы, піша Delfi.
Загадчыца аддзела грамадзянскай бяспекі Віленскай мэрыі Сандра Нарбутайтэ паведаміла, што такія сродкі пакуль плануюць закупіць два самакіраванні.
Паводле яе слоў, плануецца набыць камплекты мабільнага абсталявання для санітарнай ачысткі, гэта значыць, вялікія намёты з адмысловымі сістэмамі падачы вады і абсталяваннем для збору выкарыстанай вады, душам і сістэмамі ацяплення.
Агулам кошт праекта складае 1 млн еўраў, на Віленскае самакіраванне разам са сродкамі ЕЗ прыпадае 500 тысяч еўраў, а на Швянчэнскае - больш за 100 тысяч еўраў, астатняя частка сродкаў будзе прызначацца Беларусі. Сродкі будуць выдадзеныя з Праграмы суседства ЕЗ, створанай для заахвочвання супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі.
Сродкі плануецца набыць і правесці вучэнні ў 2019-2020 гадах.
Прадстаўнікі МУС Літвы інфармавалі BNS пра тое, што цяпер рыхтуецца план абароны насельніцтва ў выпадку ядзернай або радыелагічнай аварыі. У плане будуць намечаныя канкрэтныя дзеянні, напрыклад, эвакуацыя і прытулкі для насельніцтва, ёдапрафілактыка, абмежаванне спажывання харчовых і нехарчовых прадуктаў, пітной вады, заражаных радыяцыяй. Для тэрміновых дзеянняў, гэта значыць, для набыцця прэпаратаў ёдапрафілактыкі спатрэбіцца блізу 900 тысяч еўраў, а для мадэрнізацыі сістэмы апавяшчэння насельніцтва і пашырэння радыусу іх дзеянні на тэрыторыі ў радыусе 100 км ад Астраўца спатрэбіцца блізу 9,5 млн еўра.
Літва абвінавачвае Беларусь у тым, што АЭС у 50 кіламетрах ад Вільні і ў 30 кіламетрах ад літоўскай мяжы будуецца без выканання ўсіх патрабаванняў бяспекі і міжнародных правілаў. Імкнучыся ўскладніць рэалізацыю праекта, Літва абяцае блакаваць імпарт электраэнэргіі з Беларусі.
На АЭС у Астраўцы ўсталёўваюцца два рэактары тыпу ВВЭР (вода-вадзяны энэргетычны рэактар), кожны магутнасцю 1200 мегават. Беларусь спадзяецца, што першы рэактар будзе гатовы да вытворчасці электраэнэргіі не пазней, чым да канца 2019 года, а другі - у сярэдзіне 2020 года. Праект фінансуе расейскі ўрад, яго рэалізуе расейская дзяржаўная карпарацыя «Расатам».