У Вільні адбылася акцыя пратэсту перад пасольствам Беларусі
- 26.02.2018, 18:39
- 9,802
Блогеры патрабавалі вызваліць незаконна асуджаных людзей.
Блогеры Аляксандр Лапшын, Алескандр Алімаў, Станіслаў Гарбуноў і Томас Бікеліс правялі акцыю пратэсту перад пасольствам Беларусі ў Вільні з патрабаваннем вызваліць з турмы незаконна асуджаных сяброў.
«Прайшло паўгода пасля майго вызвалення з азербайджанкай турмы, але дзве рэчы перашкаджаюць мне вярнуцца ў звычайны рытм жыцця. Гэтае жаданне ў меру сціплых сіл пакараць два людаедскія рэжымы, аліеўскі і лукашэнкаўскі. Па-другое, я перажываю за жыццё маіх сяброў, незаконна асуджаных і адарваных ад сваіх сем'яў у турмах згаданых дзяржаў», - напісаў Аляксандр Лапшын у Facebook.
У беларускай турме, з ягоных слоў, незаконна сядзяць брытанскі бізнэсовец Алан Сміт, японскі мастак Даічы Яшыда і беларускі краязнаўца і патрыёт сваёй краіны Алесь Юркойць.
«Пакуль мы з вамі забаўляемся перад маніторамі і ў коле сям'і ў сябе дома, гэтыя людзі выжываюць у нечалавечых умовах у віцебскай калоніі нумар 3. Здзекі, парушэнні базавых правоў зняволеных, пагрозы, шантаж, псіхалагічны ціск, пазбаўленне права на зносіны з блізкімі і катаванні. Усё гэта на фоне дрэннага харчавання, адсутнасці належнага медыцынскага абслугоўвання і крытычнай перапоўненасці камер і баракаў», - напісаў Лапшын.

Як адзначыў Лапшын у сваім блогу, не сакрэт, што кіраўнік Беларусі Лукашэнка гандляваўся за яго з Расеяй і Ізраілем, прапаноўваючы не выдаваць Азербайджану ўзамен на тыя, ці іншыя прэферэнцыі.
«Са мной у камеры менскага СІЗА былі самыя розныя людзі. Пра няшчаснага японскага мастака Даічы Яшыда я распавядаў раней. Хлопец памірае ў турме і яму яшчэ сядзець амаль тры гады. Падобная сітуацыя з брытанцам Аланам Смітам, асуджаным на 2 гады за нібыта арганізацыю незаконнай міграцыі. Абсалютна бяздоказныя абвінавачанні, якім папярэднічала вымагальніцтва грошай з боку следчых», - напісаў Лапшын.
Потым была гісторыя з французскім турыстам Жаланам Віё, якія правёў у гомельскай турме тры месяцы за знойдзеную ў яго сувенірную кулю ў заплечніку. Сам жа турыст падышоў і спытаў беларускіх мытнікаў, ці трэба кулю дэклараваць. І быў тут жа арыштаваны.
Ён адзначыў, што і тут Лукашэнка вёў гандаль, на гэты раз на тэму санкцый з боку Еўразвязу. Неўзабаве Жалан быў вызвалены.
«Алесь Юркойць гэта другі мой сябар і сукамернік па 75 камеры менскай турмы. Адзін з найлепшых людзей, што я ведаў у жыцці. Патрыёт сваёй краіны і проста разумны і адукаваны чалавек. Яго віна была ў тым, што ён адмовіўся даваць ілжывыя сведчанні супраць сваіх калегаў. Пасля чаго яго самога абвінавацілі ў хабарах выключна на падставе паказанняў яго калегі па ашмянскай мытні, які даслоўна сказаў на судзе «я думаю, што Юркойць браў, бо мы ўсе бралі», - адзначыў блогер.
Ён паведамляе, што Алесь не прызнаў сваю віну і ніякіх доказаў таму не было і быць не магло. На думку Лапшына, Юркойць атрымаў 7 гадоў у турме за тое, што «не павёў сябе як мярзотнік».
19 снежня 2016 года яго сябры з Латвіі і Літвы арганізавалі пікет там жа - перад пасольствам Беларусі ў Вільні з патрабаваннем вызваліць самога Аляксандра Лапшына.