Партыя Мэркель ухваліла кааліцыйную дамову з сацыял-дэмакратамі
1- 26.02.2018, 18:55
- 7,095
ФОТА: GRUSHEVSKOGO5.COM
З'езд ХДС прагаласаваў за падпісанне пагаднення з СДПГ пра ўтварэнне новага кааліцыйнага ўрада.
Дэлегаты партыйнага з'езду Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) у панядзелак, 26 лютага, пераважнай большасцю прагаласавалі за ўкладанне кааліцыйнага пагаднення з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Нямеччыны (СДПГ).
Падпісанне дамовы ўтварэння ўрада з сацыял-дэмакратамі ўхвалілі 975 прысутных на з'ездзе сябраў ХДС, супраць выступілі ўсяго 27 чалавек, паведамляе «Нямецкая хваля».
Раней лідарка ХДС Ангела Мэркель заклікала сваіх аднапартыйцаў ухваліць урадавую кааліцыю блока ХДС/ХСС і СДПГ. Канцлерка ФРГ заявіла, што фармаванне новага ўрада з'яўляецца абавязаннем партыі перад выбарцамі.
Цяпер для стварэння ў Нямеччыне новага ўрада неабходна, каб кааліцыйнае пагадненне ўхвалілі шараговыя сябры СДПГ. Зыход пісьмовага "рэферэндуму" сацыял-дэмакратаў стане вядомы 4 сакавіка.
Анегрэт Крамп-Карэнбауэр - новая генеральная сакратарка ХДС
Мэркель таксама падкрэсліла, што хрысціянскім дэмакратам неабходныя праграмныя абнаўленні, і ў сувязі з гэтым заклікала дэлегатаў з'езда ХДС прагаласаваць за прапанаваную ёю кандыдатуру новага генеральнага сакратара.
За прапанаваную Мэркель кандыдатуру - цяперашняй прэм'ер-міністаркі федэральнай зямлі Саар Анегрэт Крамп-Карэнбауэр - прагаласавалі 785 з 794 дэпутатаў. Яна зменіць на пасадзе генеральнага сакратара партыі 43-гадовага Петэра Таубера, які падаў у адстаўку тыдзень таму.