19-гадовы блогер: Лукашэнку высмейваў ягонымі ж цытатамі
8- 26.02.2018, 21:29
- 38,846
Блогер Сцяпан Святлоў, які пакрыўдзіў кіраўніка, паабяцаў рабіць больш вострыя выпускі.
Следчы камітэт Беларусі не распачынаў крымінальнай справы пра абразу Аляксандра Лукашэнкі супраць відэаблогера Сцяпана Святлова. Прынамсі, так «Белсату» заявіла прэс-сакратарка Следчага камітэта Юлія Ганчарова. 19-гадовы аўтар папулярнага ютуб-канала «Nexta» не лічыць гэтыя словы гарантыяй бяспекі - яму пагражае 2 гады турмы. Але і спыняцца не збіраецца.
Падатак на адсутнасць працы, падатак на падатак, Коля Лукашэнка і, вядома, Аляксандр Лукашэнка ў розных амплуа - відэа-навіны і кліпы на ютуб-канале «Нехта» ў цэлым набралі больш за 30 мільёнаў праглядаў. Аўтар - 19-гадовы мянчук Сцяпан Святлоў, цяпер - студэнт у Варшаве, журналіст «Белсата» і фігурант крымінальнай справы. У чацвер вечарам да яго маці з панятымі і пастановай на ператрус прыйшлі следчыя - адзін у форме Следчага камітэта, другі ў цывільным. Сказалі, што на Сцяпана заявіла адна грамадзянка, нібыта ягоны відэаблог абражае прэзідэнта. Напрыклад, вось відэа пра «Лукашэрлака», дзе дыктатар хваліцца, як раскрыў заблытаную справу замест аператыўных супрацоўнікаў.
Следчыя забралі стары ноўтбук і камеру, і не пакінулі пасля сябе наогул ніякіх дакументаў. Цяпер сям'я Сцяпана спрабуе вярнуць тэхніку і высветліць яго статус.
«У Беларусі ёсць 2 меркаванні: дзяржаўнае і няправільнае. Менавіта няправільным я, на думку ўладаў, і займаўся. Хоць я толькі пералічваў агульнавядомыя факты, нават не выказваў свайго меркавання або нейкай крытыкі», - распавядае блогер Сцяпан Святлоў.
Як высветлілася, яшчэ ў 2015 людзі ў цывільным прыходзілі ў школу высвятляць, хто такі Сцяпан і як вучыцца, таму што хлопец апублікаваў песню да прэзідэнцкіх выбараў, у якой былі словы «все 20 лет выбора нет, когда только лысая резина».
Гэты факт ціску на блогера можа быць і самадзейнасцю Следчага камітэта, і дзеяннем ідэалагічных структур дзяржавы, што звярнулі ўвагу на блогера-статысячніка.
«Кіраўнік дзяржавы высмейваўся ягонымі ж цытатамі. Таму складана сказаць, ці варта гэта разглядаць, як абразу. Як палітычную сатыру - безумоўна, можна. Іншая справа, што ў Беларусі крымінальная справа пра абразу «прэзідэнта» распачынаецца не на заяву «прэзідэнта», а гэта робяць чыноўнікі. А чыноўнікі часам праяўляюць большую актыўнасць, чым патрабуе іх пасада», - каментуе медыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі.
У Беларусі ўжо не раз абяцалі і саджалі за абразу кіраўніка. Адзін з палітвязняў - журналіст «Газеты Выборчай» Анджэй Пачобут - успамінае, як пракурор вобласці прыходзіў у яго камеру СІЗА і прапаноўваў пакаяцца і папрасіць прабачэння ў Аляксандра Лукашэнкі. Пачобута вінавацілі ў абразе Лукашэнкі, у паклёпе на Лукашэнку і хацелі абвінаваціць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Асудзілі толькі за паклёп.
«У такіх крымінальных справах галоўнае - экспертыза, якую яны прызначаюць. Усе экспэрты дзяржаўныя. У мяне адным з экспэртаў быў начальнік аддзела ідэалогіі. У такіх справах у Беларусі нельга казаць пра нейкую справядлівасці, і што рашэнне будзе прымацца не на палітычным узроўні», - кажа Анджэй Пачобут.
Журналісты і медыяэкспэрты мяркуюць, што ўлады пераследуюць відэаблогера, каб запалохаць астатніх, збіць хвалю незадаволенасці ў Інтэрнэце і кантраляваць медыяпрастору і сацыяльныя сеткі, як абяцаў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, паводле новай рэдакцыі закона аб СМІ.
«Кантраляваць трэба, хоць і слова не зусім карэктнае. Трэба каб заканадаўчая практыка і ў агульнай складанасці маральныя і этычныя падыходы ў працы журналістаў супадалі з тым, што выкладваецца ў гэтых сацыяльных сетках», - заявіў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.
Па-за інтэрнэтам дзеянні ўладаў выклікалі акцыі пратэсту. У нядзелю пад міністэрствам інфармацыі прайшоў пікет з «лапшой для вушэй», прысвечаны ціску на СМІ і блогераў. А ў інтэрнэце, пасля візіту следчых, блогер «Nexta» атрымаў скачок папулярнасці - тры тысячы новых падпісчыкаў.
«Магчыма, цяпер я буду рабіць больш вострыя тэмы для сваіх выпускаў, таму што цяпер мяне нічога не стрымлівае, у Беларусь я пакуль не збіраюся ехаць. Як я разумею, яны гэтага і дамагаліся», - кажа Сцяпан Святлоў.
А значыць, яшчэ больш беларусаў пачуюць, напрыклад, песню пра дэкрэт супраць дармаедаў, запісаную Сцяпанам.
«Нет декрету №3, тунеядцы здесь не мы. Хватит налогов и сборов. Оставьте свободу народу».