Пасла РФ у Лондане выклікалі ў брытанскае МЗС
1- 26.02.2018, 21:45
- 11,654
Пасол Расеі ў Вялікабрытаніі выкліканы ў МЗС гэтай краіны ў сувязі з сітуацыяй у раёне Дамаска.
Выступаючы ў парламенце краіны на слуханнях аб сітуацыі ў Сірыі, кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Барыс Джонсан заявіў, што запрасіў расейскага амбасадара для таго, каб той распавёў ход выканання Масквой рэзалюцыі 2401 РБ ААН, якая прадугледжвае спыненне агню ў Сірыі. Ён таксама паабяцаў склікаць новае пасяджэнне Рады Бяспекі ААН і абмеркаваць на ім невыкананне Асадам гэтага дакумента, паведамляе афіцыйны партал брытанскага ўрада, паведамляе РБК.
Джонсан таксама нагадаў, што Расея і Іран выступалі гарантамі стварэння зоны дээскалацыі ў раёне Усходняя Гута на паўночны ўсход ад Дамаска. «Праўда заключаецца ў тым, што рэжым Башара Асада прапусціў туды сёлета толькі адзін гуманітарны канвой, а на мінулым тыдні з'явіліся паведамленні, што там загінулі сотні мірных жыхароў», - дадаў ён. Афіцыйнай рэакцыі МЗС Расеі на заяву Джонсана пакуль не паступала.
Як паведамляе газета Independent, падчас слуханняў у парламенце Джонсан таксама заявіў, што ў выпадку атрымання бясспрэчных звестак аб выкарыстанні ўрадавага войска ва Усходняй Гуце баявых атрутных рэчываў Захад не павінен заставацца ў баку. З ягоных слоў, гэта стане падставай для «абмежаванай паветранай аперацыі супраць рэжыму Асада і яго прыхільнікаў». Ён пры гэтым назваў правільнымі дзеянні ЗША, якія летась нанеслі ракетны ўдар па аэрадроме, адкуль, паводле звестак амерыканскай выведкі, ўзляталі самалёты з хімічнай зброяй.
Усходняя Гута - вялікі раён, які распасціраецца ад паўночна-ўсходніх ускраін Дамаска да горада Дума. Менавіта яго экстрэмісты не раз выкарыстоўвалі для абстрэлаў сірыйскай сталіцы. У апошнія дні ўрадавыя войскі спрабавалі адціснуць ісламістаў і палепшыць свае пазіцыі на гэтым кірунку, ужываючы ў тым ліку артылерыю і гелікаптэры.
Сітуацыя ва Усходняй Гуце абмяркоўвалася на пасяджэнні Рады бяспекі Расеі 26 лютага. Паводле яго вынікаў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін даручыў штодня ладзіць у гэтым раёне гуманітарную паўзу з 9 да 14 гадзін. У гэтыя гадзіны павінен быць адкрыты калідор для выхаду з анклава мірных жыхароў.