27 красавiка 2024, Субота, 20:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэкрэт аб «дармаедах» дапоўняць. Што зменіцца з 1 сакавіка

27
Дэкрэт аб «дармаедах» дапоўняць. Што зменіцца з 1 сакавіка

Новаўвядзенні, якія наступяць ужо паслязаўтра.

У Беларусі з 1 сакавіка падвысяць кошт навучання ў некаторых ВНУ, падымуць кошты на асобныя маркі цыгарэт і мабільныя званкі. Акрамя таго, цягам сакавіка ўлады таксама абяцаюць дапоўніць дэкрэт аб «дармаедах». Партал tut.by паглядзеў, якія змены чакаюць беларусаў у сакавіку і як яны адаб'юцца на партманэтах.

Паспець падаць падатковую дэкларацыю

Да 1 сакавіка ўключна некаторым беларусам трэба даць справаздачу аб даходах за мінулы год. Сярод патэнцыйных платнікаў падатку — тыя, хто прадаваў нерухомасць або некалькі аўто, атрымальнікі буйных грашовых падарункаў або замежных пералічэнняў.

Калі не своечасова падаць дэкларацыю, то можна атрымаць штраф. Да прыкладу, калі ёсць сума, якая падпадае пад выплату падатку і пратэрміноўка падачы дэкларацыі складае больш чым тры працоўныя дні, то штраф складзе ад дзвюх да дзесяці базавых адзінак (ад 49 да 245 рублёў).

Дарэчы, выплаціць сам падаходны падатак трэба не пазней за 15 траўня.

Вырастуць кошты некаторых марак цыгарэт

З 1 сакавіка ў Беларусі падаражаюць некаторыя маркі цыгарэт. Да прыкладу, цыгарэты гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» NZ breeze з 1 сакавіка будуць каштаваць 1,64 рубля, Pall Mall Red, Pall Mall Blue, Pall Mall Silver, Pall Mall Azure — 2,05 рубля, Pall Mall Nano Blue, Pall Mall Nano Silver, Pall Mall Nano Fresh, Pall Mall Nanokings Blue, Pall Mall Nanokings Silver — 1,9 рубля, Rothmans Blue, Rothmans Blue+ - 2,2 рубля.

Нагадаем, у беларускіх вытворцаў тытуню ёсць права кожны месяц устанаўліваць новыя максімальныя кошты сваёй прадукцыі. У студзені цыгарэты падаражэлі на 3,1%.

Дапоўняць дэкрэт аб «дармаедах»

Цягам сакавіка ў абноўлены дакумент аб «дармаедах» — дэкрэт №1 — павінны ўнесці дапаўненні. Так, урад да 1 красавіка 2018 года выпрацуе спіс паслуг, спажыванне якіх трапіць пад дзеянне дэкрэта, і якія будуць аплачваць эканамічна абгрунтаваным тарыфам. Акрамя таго, будзе вызначана, хто з незанятых у эканоміцы будзе падпадаць пад дзеянне новага ўказа — па заканчэнні якога перыяду няўдзелу ў дзейнасці эканомікі.

Падаражэе навучанне ў ВНУ

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт падвышае кошты на навучанне для студэнтаў-платнікаў. Расцэнкі зацверджаны загадам рэктара ВНУ і пачнуць дзейнічаць з 1 сакавіка.

Змены тлумачаць ростам тарыфнай стаўкі, змяненнем умоў аплаты працы прафесарска-выкладчыцкага складу і павелічэннем тарыфаў на «камуналку». Папярэднія кошты былі вызначаныя ў жніўні 2017 года.

Цяпер з'явіліся новыя кошты навучання на 1-3 курсах і 4-5 невыпускных курсах дзённага аддзялення, а таксама завочнага.

З 1 сакавіка, напрыклад, самы вялікі «тарыф» у галоўным універсітэце краіны устанаўліваецца для студэнтаў першых курсаў дзённага аддзялення на спецыяльнасцях «правазнаўства», «эканамічнае права» і «міжнароднае права» — 3 136 рублёў. Раней кошт складаў 2 851 рубель.

Раней аб павышэнні кошту навучання з 1 сакавіка заявілі ў БДУІР.

ІП і адвакаты могуць паспець у апошні вагон

1 сакавіка — крайні тэрмін выплаты страхавых унёскаў за 2017 год у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва — нагадвае індывідуальным прадпрымальнікам, натарыусам, адвакатам пра дэдлайн па выплаце страхавых унёскаў за 2017 год.

Так, за мінулы год мінімальная сума страхавога ўнёску складае 1 113 рублёў.

Пры нявыплаце ў тэрмін абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт фонду, налічваецца штраф. Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія парушылі тэрміны выплаты абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт фонду, прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці, ім пагражае штраф сумай 20% ад сумы абавязковых страхавых унёскаў (1 113,00×20% = 222,60 руб.).

Падаражэюць мабільныя званкі

Мабільны аператар life:)

анансаваў з 1 сакавіка змяненне кошту і ўмоў абслугоўвання некаторых тарыфаў і паслуг. Частка тарыфаў стане даражэйшай, непапулярныя прапановы скасуюць, а іх абанентаў перавядуць на іншыя. Да прыкладу, павышаецца абаненцкая плата на некаторых тарыфных планах. Так, на тарыфе «Голас 1» штомесячная аплата складзе 4,2 рубля (+7,6%), «Сям'я 2» — 26,5 рубля (+6,4%), XL — 15 рублёў (+3,4%). Аператар адзначае, што ў цэлым падвышэнне складзе блізу 6%.

Аператар velcom абвясціў, што з 1 сакавіка зменяцца ўмовы і для фіксаванай сувязі: частка тарыфаў падаражэе, а некаторыя скасуюць. Знікнуць некалькі дзясяткаў архіўных тарыфаў, напрыклад 4G, Wi-Fi + TV, Wi-Fi лайт, «Хатні» (поўны спіс тут). Іх абанентам прапануюць выбраць любы іншы актуальны тарыф. Тых, хто не пераключыцца сам, аператар аўтаматычна перавядзе на актуальны тарыф лінейкі «Хатні» або «Інтэрнэт 50».

Многія тарыфы фіксаванай сувязі з 1 сакавіка падаражэюць. Да прыкладу, для абанентаў тарыфу «Хатні Менск» штомесячная аплата складзе 21,5 рубля (+8%), Wi-Fi — 28,9 рубля (+11,1%), «Лайт» — 18,9 рубля (+11,8%). Для некаторых прапаноў павялічыцца хуткасць доступу ў інтэрнэт. Поўны спіс новых умоў для абанентаў фіксаванай сувязі можна ўбачыць тут.

Беларусы змогуць рабіць пакупкі ў Польшчы з абмежаваннямі

У Польшчы з 1 сакавіка ўваходзіць у дзеянне забарона на гандаль нядзелямі. Так, з 1 сакавіка гандлёвых цэнтрах і супермаркетах будзе дазволена працаваць толькі ў першую і апошнюю нядзелю месяца. Далей, пачынаючы з студзеня 2019 года гандаль будзе дазволены толькі ў апошнюю нядзелю месяца. На апошнім этапе ў 2020 годзе нядзельны гандаль павінен быць цалкам забаронены. У выглядзе выключэння крамам дазволяць працаваць чатыры нядзелі ў годзе, а таксама перад Калядамі і Вялікаднем. Цяпер гандлёвыя цэнтры і супермаркеты у Польшчы застаюцца закрытымі толькі ў афіцыйныя святочныя дні.

Нагадаем, у 2017 годзе беларусы выдаткавалі ў польскіх крамах і на рынках 675 мільёнаў злотых, або 192,4 мільёна даляраў паводле курсу Нацбанка на 1 студзеня гэтага года. Для параўнання: у 2016 годзе выдаткі склалі 170 мільёнаў даляраў, а ў 2015 годзе — 237,3 мільёна даляраў.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках