Уругвай расследуе схему паставак какаіну ў Расею
3- 27.02.2018, 10:23
- 15,823
У скандале могуць быць замешаныя высокапастаўленыя дыпламаты.
Паліцыя Уругвая падключылася да расследавання меркаванай схемы пастаўкі наркотыкаў з Лацінскай Амерыкі ў Расею. Пра гэта ў панядзелак, 26 лютага, паведамілі амерыканскія СМІ. Уругвайскі МУС атрымаў звесткі, згодна з якімі гэтая краіна магла быць адным з прамежкавых пунктаў наркатрафіку. Падазрэнні з'явіліся пасля праслухоўвання гутарак аднаго з меркаваных удзельнікаў злачыннай групоўкі, які паведаміў, што транспартаванне наркотыкаў праходзіць праз Уругвай, паведамляе «Нямецкая хваля».
Раней у выніку аперацыі, у якой бралі ўдзел расейскія і аргентынскія спецслужбы, была сарваная спроба пастаўкі ў Расею амаль 400 кілаграмаў какаіну. 12 валізак з наркотыкамі былі выяўленыя на тэрыторыі аднаго з дапаможных будынкаў расейскай амбасады ў Аргентыне. Акрамя гэтага, у краіне былі затрыманыя два чалавекі, датычныя да наркагандлю. Гэта - расейскі прадпрымальнік, які эміграваў у Аргентыну, і аргентынскі паліцэйскі з сям'і выхадцаў з Расеі.
Некалькі дзён таму журналісты аргентынскага выдання Clarin паведамілі, што магчымыя арганізатары паставак какаіну казалі, што ў справе быў таксама замешаны пасол Расеі ў Аргентыне. Журналісты сцвярджаюць, што арганізатары злачынства заяўлялі аб заступніцтве дыпламатычных прадстаўніцтваў. Расейскі МЗС праз сваю афіцыйную прадстаўніцу Марыю Захараву паведаміў, што кантрабандай займаліся тэхнічныя работнікі пасольства, у якіх не было дыпламатычнага статусу.