Сёння - гадавіна забойства Барыса Нямцова
- 27.02.2018, 10:59
- 8,246
Дзяржаўны дэпартамент ЗША заклікаў пакараць усіх датычных да забойства палітыка.
Барыс Нямцоў быў застрэлены на Вялікім Маскварэцкім мосце 27 лютага 2015 года. Прысуд паводле справы аб ягоным забойстве вынеслі ў ліпені мінулага года. Выканаўцы забойства Заура Дадаева прысудзілі да 20 гадоў турмы, чацвёра суўдзельнікаў атрымалі ад 11 да 19 гадоў. Замоўца злачынствы дагэтуль не выяўлены.
Вашынгтон у гадавіну смерці Барыса Нямцова заклікаў расейскія ўлады пераканацца, што ўсе, хто датычны да забойства апазіцыйнага палітыка, арганізатары і замоўцы, былі прыцягнутыя да адказнасці. Аб гэтым паведамляецца на сайце Дзярждэпартамента ЗША.
У заяве адзначаецца, што Нямцоў быў «вядучай фігурай дэмакратычнага руху», які «прысвяціў сваё жыццё служэнню грамадству і паставіў сабе мэту зрабіць Расею больш квітнеючай і свабоднай». Памяць пра Нямцова натхняе расейцаў і іншыя народы ва ўсім свеце ўдзельнічаць «у цяжкай, часам небяспечнай барацьбе за справядлівасць, дэмакратыю і адказны ўрад», гаворыцца ў заяве амерыканскага замежнапалітычнага міністэрства.
Statement by @statedeptspox on the third anniversary of the murder of Boris Nemtsov. https://t.co/Si6UXdJm0v pic.twitter.com/OQ38iB059t
— Department of State (@StateDept) 26 февраля 2018 г.
ЗША заклікаюць расейскі ўрад выконваць свае абавязанні ў абароне ўсеагульных правоў чалавека, у тым ліку свабоду выказвання меркавання, свабоду на мірныя сходы і свабоду на стварэнне асацыяцый.
У Вашынгтоне сёння адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця плошчы Нямцова. Гарадская рада ў пачатку студзеня аднагалосна прагаласавала за паскораны парадак прыняцця законапраекта аб прысваенні імя Нямцова плошчы перад расейскім пасольствам.
Маскоўскія ўлады, якія доўга змагаліся з ушанаваннем памяці Барыса Нямцова, на мінулым тыдні дазволілі ўсталяваць памятную шыльду на доме, дзе жыў палітык.
25 лютага ў Расеі прайшлі акцыі памяці Барыса Нямцова. У іх узялі ўдзел тысячы чалавек.