Пракуратура патрабуе 30 гадоў турмы для экс-прэзідэнта
5- 27.02.2018, 11:55
- 8,800
Старана абвінавачвання таксама патрабуе спагнаць з Пак Кын Хе вялікі штраф.
Пракуратура Паўднёвай Карэі ў аўторак, 27 лютага, запатрабавала прысудзіць экс-прэзідэнтку краіны Пак Кын Хе, абвінавачаную ва злоўжыванні ўладай і карупцыі, да 30 гадоў пазбаўлення волі, паведаміў паўднёвакарэйскі інфармацыйны партал Yonhap. Паводле яго інфармацыі, Пак на гэтае пасяджэнне суда ў Сеуле не з'явілася, піша «Нямецкая хваля».
Старана абвінавачвання таксама запатрабавала спагнаць з 66-гадовай Пак штраф сумай 118,5 млрд вон (89,6 млн еўраў). Чакаецца, што прысуд паводле справы будзе вынесены ў канцы сакавіка ці пачатку красавіка.
У сакавіку 2017 года Пак паводле пастановы Канстытуцыйнага суда была адхіленая ад улады, датэрмінова знятая з пасады прэзідэнта, а затым арыштаваная. Ёй выстаўленыя абвінавачванні паводле 18 пунктаў. Гаворка ідзе аб перадачы сакрэтнай дзяржаўнай інфармацыі пабочнай асобе, злоўжыванні службовым становішчам, вымагальніцтве і карупцыі.
20 гадоў для сяброўкі экс-прэзідэнта
13 лютага суд прыгаварыў да 20 гадоў турмы Чхве Сун Сіль, блізкую сяброўку экс-прэзідэнткі. Чхве прызнаная вінаватай ва злоўжыванні ўладай, карупцыі і ўмяшанні ў дзяржаўныя справы.
Абвінавачванне давяло, што Чхве злоўжывала сяброўскімі сувязямі з Пак для прымусу паўднёвакарэйскіх кампаній, сярод іх Samsung, да шматмільённых ахвяраванняў нібыта на карысць дабрачынных арганізацый. Агулам гаворка ідзе пра 77,4 млрд вон (блізу 64 млн еўраў). Паводле звестак следства, гэтыя сродкі Чхве выдаткавала на асабістае ўзбагачэнне. Акрамя таго, яна, не маючы афіцыйнай пасады, уплывала на дзейнасць урада.