17 лiстапада 2023, Пятніца, 5:17
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Пянткоўскі: Ліквідатары «бармалеяў»

Андрэй Пянткоўскі: Ліквідатары «бармалеяў»
Андрэй Пянткоўскі

Яшчэ раз аб сірыйскай паразе Пуціна.

"Ад чаго кожнае ўнутранае старэнне спалучаецца з надмернай замежнапалітычнай амбітнасцю, мне адказаць цяжка. Можа быць, ў замежных крызісах шукаюць выйсця з унутраных супярэчнасцяў. Можа быць, наадварот, тая лёгкасць, з якой душыцца ўсякі нутраны супраціў, стварае ілюзію ўсёмагутнасці. Можа быць, патрэба мець замежнага ворага, якая ўзнікае з ўнутрыпалітычных мэт, стварае такую інэрцыю, што немагчыма спыніцца – пагатоў, кожны таталітарны рэжым старэе, сам гэтага не заўважаючы. Навошта Нікалаю I спатрэбілася Крымская вайна, якая прычынілася да краху створанага ім ладу? Навошта Нікалаю II спатрэбіліся вайны з Японіяй і Нямеччынай?", - цытуе Андрэй Пянткоўскі ў артыкуле на "Радыё Свабода" савецкага дысідэнта Андрэя Амальрыка.

"Навошта крамлёўскім старычынам спатрэбілася вайна ў Афганістане, працягну я Андрэя Амальрыка? Навошта хлапчук з ленінградскай падваротні пасля краху ва Украіне палез яшчэ і ў Сірыю? А таму што крах канцэпцый "добрага Гітлера" – "Расейскі свет", Наваросія – запатрабаваў для ўтрымання ўлады адцягнення ўвагі і працягу геапсіхалагічнага банкету на іншай пляцоўцы. Адсутнасць паліцыянта, які пайшоў на вакацыі, дазволіла хулігану пагарэзіць і выпрабаваць найноўшыя сістэмы ўзбраенняў у кампаніі трох шыіцкіх тэрарыстычных арганізацый: лібанскага "Хэзбалага", іранскага Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі і "легітымнага" ката Сірыі Башара Асада, які знішчыў дзясяткі або сотні тысяч сунітаў. Братняя паветрана-касмічная дапамога, шчодра дадзеная ад імя Расеі, дзесяцігоддзямі будзе адгукацца расейскаму народу, кінутаму ў пекла тысячагадовай рэлігійнай вайны.

Але ў кароткатэрміновым плане чыннасць у Сірыі больш ці менш паспяхова прадавалася і тэлелюду, і найбліжэйшаму асяроддзю правадыра як муляж дзяржаўнай велічы Расеі і дзёрзкага выкліку неразумным “піндосам”. Так рэжым мог бы яшчэ пэўны час сяк-так жыць-пажываць, але ўзнікла такая інэрцыя, што не змаглі спыніцца. Ідэалагічная і эканамічная матывацыя бою пад Дэйр-эз-Зорам уночы 8 лютага была вельмі цынічна пададзеная абсалютна ўпэўненым у поспеху прыдворным баталістам Пятром Скарабагатым у пракрамлёўскім часопісе "Эксперт":

"Масква сапраўды скончыла актыўную фазу вайны з тэрарызмам на тэрыторыі хаўрусніка, хоць ваеўнікі халіфата яшчэ не дабітыя. Але адразу ж пачала міратворчую місію. Мы ўзялі яе на сябе не толькі з меркаванняў узнёслай гуманнасці, але і пераследуючы халодны разлік: намер замацавацца ў рэгіёне, каб атрымаць пэўныя эканамічныя выгады. Над гэтай задачай працуюць расейскія дыпламаты і вайскоўцы. Але раз актыўная фаза вайны далёкая ад заканчэння, збройны рэсурс усё яшчэ важнейшы за перамоўны, усякія дыпламатычныя перамогі будуць ісці за ваеннымі перамогамі. Галоўная задача: выціснуць з краіны зорна-паласатых акупантаў, падпальшчыкаў вайны – Злучаныя Штаты. Другі крок на шляху да спакою – пераладаванне эканомікі. Самы відавочны шлях – выкарыстоўваць багатыя на нафту і газ нетры краіны. Але вялікая частка запасаў сёння знаходзіцца пад кантролем курдаў і амэрыканцаў каля Дэйр-эз-Зора".

Тэкст, азагалоўлены "За што загінуў маёр Філіпаў", яскрава дэманструе манеры крамлёўскіх прапагандыстаў ды іхніх гаспадароў. Натхняльны артыкульчык, спечаны за некалькі дзён да катастрофы ў прачуванні запланаванага "выціскання зорна-паласатых акупантаў" менавіта ў Дэйр-эз-Зоры, з'явіўся на сайце "Эксперта" ўжо пасля бою. Адзінае абнаўленне, унесенае рэдакцыяй, – афіцыйнае расейскае тлумачэнне гэтага "выціскання" уночы 8 лютага: "У канцы мінулага тыдня авіяцыя заходняй кааліцыі нанесла ракетна-бомбавы ўдар па аддзеле сірыйскага войска (паводле іншых звестак, гэта былі іранскія хаўруснікі). Загінулі або атрымалі раны ад дваццаці да ста чалавек (звесткі хаваюцца)".

Звесткі сапраўды хаваюцца Крамлём, але пытанне "За што загінулі сотні іхтамнетаў?" не ўзбягае нават на думку "экспэртам". Велізарная Краіна будзе пышна і дысцыплінавана смуткаваць выключна аб маёру Філіпаву. Або сп.Скарабагаты ўсё-ткі прысвяціў крыху ўвагі абгрунтаванню ўтылізацыі іхтамнетаў: "Трэба, як бы цынічна гэта ні гучала, да заканчэння вайны ўтылізаваць значную частку палымяных ваеўнікоў".

Не, гэта, пэўна, не пра нашых ваеўнікоў. Але абвінавачванне ў свядомай утылізацыі безупынна гучыць сёння ў сведчаннях ацалелых і параненых “іхтамнетаў”. Пуцін і Яўгеній Прыгожын, вядома, хацелі перамогі – захапіць свечкавую фабрыку, пазабіваць амэрыканцаў, што не ўмеюць хадзіць у штыкавую атаку, захапіць некалькіх палонных, прывезці іх у клетцы Асаду ў Дамаск, а потым прапанаваць Трампу пасярэдніцтва ў справе іх вызвалення ў абмен на зняцце санкцый. Але менавіта для такіх мэт патрэбен непрыдатны матэрыял, ад якога заўсёды можна адмовіцца – і ў выпадку вікторыі, і ў выпадку канфузу. І пасылаць іх, вядома, трэба было без падтрымкі з паветра.

Самае ёмістае і дакладнае з ваеннага пункту гледжання апісанне здарэння даў адзін з параненых іхтамнетаў: яны рабілі з намі ўсё, што хацелі, як мы з "бармалеямі". "Бармалей" на мове расейскіх ваяк – гэта чалавечкі, у тым ліку дзеці, што бегаюць па Сірыі і якіх можна лёгка і беспакарана знішчаць з паветра або з Каспійскага мора. Больш шчаслівыя калегі маёра Філіпава цэлы год займаліся гэтым у Алепа, а цяпер хлапчукі займаюцца гэтым ва Усходняй Гуце.

Вось ужо гадоў сорак савецка-расейскія ваякі-інтэрнацыяналісты ўрываюцца ў суседнія і нават не зусім суседнія краіны. Падчас надання братняй дапамогі ім даводзіцца ўтылізаваць значную колькасць біялагічнага матэрыялу. Для ўсякага нармальнага чалавека гэта вялікі ў псіхалагічным плане цяжар. Як і ў гітлераўскіх і сталінскіх лагерах смерці, ён палягчаецца дэгуманізацыяй ахвяр, сярод іншага, наданнем ім прыніжальных мянушак – "духі", "чэхі", "грызуны", "укропы", "бармалеі". Ну і на зіхоткую фінальную перспектыву трыюмфу расейскай зброі, вядома, "піндосы".

Пагатоў ліквідатарам "бармалеяў" непрыемна было самім адчуць сябе "бармалеямі" ў сутыкненні з вайсковай машынай зусім іншага парадку. Гэта цяжкае пачуццё давялося зазнаць у тыя ж дні не толькі ваеўнікам "ПВК Вагнера", але й расейскім дарадцам і спецыялістам, адказным за сістэму СПА Сірыі. Крывізна Зямлі зноў перашкодзіла ім супрацьпаставіць што-небудзь яшчэ адной вайсковай машыне з найвышэйшай лігі, што знішчыла за некалькі гадзін палову сірыйскай супрацьпаветранай абароны.

Падвойная параза неадкладна адгукнулася на працы ў Крамлі нечуваным: жывы Бог "Расейскага свету" ўпершыню афіцыйна застудзіўся. Такая дэсакралізацыя правадыра – першы, пакуль яшчэ асцярожны крок асяроддзя на шляху да сакавіцкага палітычнага дыхання Чэйна-Стокса.

Сірыйскі хлопчык з Алепа – адзін з тысяч, на кім мы (!) выпрабавалі сістэмы новага расейскага ўзбраення, перад смерцю паабяцаў паскардзіцца Алаху. Дзіця, якое пагражае сваім катам пажаліцца Богу, – вобраз Дастаеўскага, вельмі важны ў ягонай творчасці і ягоным светапоглядзе. Агностык усё сваё свядомае жыццё, я ніколі так горача не жадаў раней, каб Бог быў. І каб хлопчык з Алепа расказаў яму пра ўсё. Пра "тэставанні", пра Пуціна, пра Лаўрова, Шайгу... І пра нас усіх. Не можа быць нам ні спагады, ні прабачэння".

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках