17 лiстапада 2023, Пятніца, 5:18
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Трэба дайсці. Дзеля іх, дзеля сябе

14
Трэба дайсці. Дзеля іх, дзеля сябе
Наталля Радзіна

Памяці Барыса Нямцова і беларускіх сяброў.

Усе гэтыя немагчыма доўгія тры гады мне страшна не стае Барыса Нямцова. У адраснай кнізе майго мабільніка дагэтуль ёсць ягоны тэлефон. Хочацца патэлефанаваць, пагаварыць, паскардзіцца, параіцца. Задумаць якую-небудзь шалёна добрую ідэю.

Неяк я сказала яму: «З табой файна працаваць. Я б нават пагадзілася, каб ты быў маім начальнікам». Барыс тады засмяяўся і адказаў: «Ты такая самадастатковая. На халеру табе начальнікі, нават такія файныя, як я?»

А вось высветлілася і не самадастатковая, Барыс. Мне не стае цябе, мне вельмі не стае сябра і калегі Алега Бябеніна, мне не стае сяброўкі Веранікі Чаркасавай, мне патрэбны для палемікі і спрэчак Павел Шарамет. Хацела б убачыць Змітра Завадскага з камерай праз плячо на дэманстрацыі ў Менску і ўзяць інтэрв'ю ў генерала Захаранкі і Віктара Ганчара.

У думках я часта вяду з усімі, хто так рана сышоў, размовы. Вядома, гісторыя не мае ўмоўнага ладу, але немагчыма не ўяўляць, што было б, калі б сёння ўсе гэтыя людзі былі сярод нас. Сітуацыя ў Расеі не была б такой гнятлівай, жыццё ў Беларусі не было б такім паскудным.

Але ёсць мы. Тыя, хто захоўвае памяць, мае сумленне, ведае, што трэба змагацца і рухацца наперад, як бы не перашкаджалі і не было цяжка.

Возьмем нашу сённяшнюю сітуацыю. Лукашэнка заблакаваў у Беларусі «Хартыю». Што б сказаў Алег Бябенін? «Не журыцеся спадарства, працуем, дзейнічаем актыўна, крэатыўна і ўсяго даможамся».

Што б сказаў Юры Захаранка? Упэўненая, сваю ўлюбёную фразу «Прарвёмся!»

Што б сказаў Барыс Нямцоў? Тое, што ў нядзелю было напісана на транспарантах на маршы ў ягоную памяць у Маскве: «Сіла ў праўдзе, а праўда за намі».

Таму трэба ісці, нават калі сілы амаль пакідаюць нас - да свабоды, да нармальнага жыцця. Ісці з партрэтамі сваіх герояў. Хтосьці можа шпарчэй, хтосьці больш павольна, але галоўнае - рухацца. Бо дарога ж напраўду добрая, правільная.

Трэба дайсці. Дзеля іх, дзеля сябе.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках