17 лiстапада 2023, Пятніца, 5:16
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Жаўнер: Я дараваў прапаршчыку, але ён заслужыў гадоў восем

20
Жаўнер: Я дараваў прапаршчыку, але ён заслужыў гадоў восем

Былы вайсковец расказаў пра інцыдэнт з кінутай у яго на палігоне лапатай.

Старшага прапаршчыка 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады ў Віцебску прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі за тое, што кінуў у жаўнера рыдлёўку. Апошняму давялося выдаліць селязёнку, піша tut.by.

Абвінавачанага паводле крымінальнай справы ўзялі пад варту ў зале суда адразу пасля абвяшчэння прысуду. У сваім апошнім слове старшы прапаршчык віну прызнаў часткова, папрасіў у жаўнера прабачэння, але не пагадзіўся з прысудам і падаў апеляцыйную скаргу. Таксама ён абавязаны выплаціць пяць тысяч рублёў у якасці маральнай кампенсацыі.

- Я дараваў прапаршчыку, але гэта не значыць, што ён не павінен сядзець. Я мяркую, за ўчыненае ён заслужыў гадоў восем, - разважае 21-гадовы Ігар, пацярпелы паводле крымінальнай справы.

У 2016 годзе хлопца адразу пасля заканчэння каледжа прызвалі ў войска. Служыў Ігар у родным горадзе, у Віцебску, у 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Як распавядае ўжо былы жаўнер, дзевяць месяцаў службы прайшлі нармальна, са старэйшым прапаршчыкам да 23 жніўня 2017 года праблем не было.

- Блізу 15.00 мы на палігоне ўкладвалі пліты, яму не спадабалася, што не там бяру пясок. Ну я і адышоў, - успамінае Ігар. - Прайшоў метраў пяць-шэсць, і ён шпурнуў мне ў спіну рыдлёўку. Рэзка стала дрэнна, занудзіла, стан быў моташны. На палігоне быў фельчар, але ён нічога не мог зрабіць, мяне адвезлі ў медсанчастку, аднак там ужо ўсе разышліся. Так я апынуўся ў лякарні. Зрабілі УГД, лекары сказалі: разрыў селязёнкі - і тэрмінова прааперавалі. Прачнуўся толькі на наступны дзень, селязёнку выдалілі.

Пакуль Ігар ляжаў у лякарні, ягоныя бацькі звярнуліся ў пракуратуру, у дачыненні да 35-гадовага старшага прапаршчыка распачалі крымінальную справу паводле ч.3 арт. 455 КК «Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады, якія пацягнулі цяжкія наступствы». Праз два тыдні Ігара выпісалі дадому, адразу ж камісавалі.

- Суд быў адкрытым. Усе дзесяць чалавек, якія ў той дзень былі на палігоне, сказалі, што нічога не бачылі. У апошнім слове прапаршчык сказаў: «Ігар, даруй! Не думаў, што так атрымаецца». Пракурор запытаў для яго ці то шэсць гадоў, ці то сем (санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. - Заўвага. TUT.BY), - распавядае TUT.BY Ігар.

Фігуранта крымінальнай справы ўзялі пад варту ў зале суду Віцебскага раёна 30 студзеня 2018 года. Яго прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ў варунках узмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці, таксама ён абавязаны выплаціць пацярпеламу пяць тысяч рублёў у якасці маральнай кампенсацыі.

Выявілася, старшы прапаршчык служыў па кантракце і займаў пасаду камандзіра ўзвода забеспячэння.

- Дзеянні з асабістай зацікаўленасці, якая палягала ў імкненні як мага хутчэй выканаць загад камандавання вайсковай часткі аб заканчэнні работ на аб'екце палігона, знаходзячыся для правядзення рамонтных работ на тэрыторыі названага аб'екта, быўшы прызначаным старэйшым рабочай каманды з ліку асабовага складу роты аховы і абслугоўвання, у склад якой уваходзіў старэйшы кіроўца - пацярпелы, выказваючы сваю незадаволенасць дзеяннямі названага вайскоўца, які, на думку абвінавачанага, нібыта павольна выконваў гаспадарчыя працы на гэтым аб'екце, у прысутнасці іншых вайскоўцаў абразіў брыдкімі словамі пацярпелага, - гаворыцца ў афіцыйнай заяве Віцебскага абласнога суда. - Пасля таго, як апошні ў адказ на абразу спыніў выконваць гаспадарчыя работы, абвінавачваны публічна ў прысутнасці іншых вайскоўцаў перавысіў сваю ўладу як начальніка і ўжыў гвалт у дачыненні да падначаленага, кінуўшы рыдлёўкай у пацярпелага, у выніку чаго прычыніў закрытую тупую траўму жывата, якая класіфікуецца як цяжкае цялеснае пашкоджанне паводле прыкметы небяспекі для жыцця, што пацягнула цяжкія наступствы.

Пацярпелы Ігар прызнаўся, што выставіў невялікі пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды, улічваючы, што старшы прапаршчык выплачвае крэдыт за кватэру і выхоўвае з жонкай траіх дзяцей. Абвінавачаны з прысудам не пагадзіўся і падаў апеляцыйную скаргу. Яе разгляд у Віцебскім абласным судзе прызначаны на 30 сакавіка.

- Цяпер адчуваю сябе нармальна. Толькі бегаць цяжка, адразу з'яўляецца дыхавіца, і калі шмат з’ем, баліць жывот, - адзначае Ігар.

Прысуд у законнае дзеянне не ўвайшоў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках