17 лiстапада 2023, Пятніца, 5:16
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе самы высокі мінімальны заробак у Еўразвязе

8
Дзе самы высокі мінімальны заробак у Еўразвязе

Статыстычная ўстанова ЕЗ вызначае тры групы краін адпаведна з узроўнем даходаў.

Самы нізкі мінімальны заробак у Еўразвязе ў студзені 2018 года складаў 261 еўра. Такую «мінімалку» вызначылі ў Балгарыі. Нягледзячы на тое, што за апошнія дзесяць гадоў узровень аплаты працы ва ўсходнееўрапейскіх краінах значна вырас, ён усё яшчэ ў некалькі разоў ніжэйшы за паказчык Паўночнай і Заходняй Еўропы, паведамляе gazeta.ru.

Еўразвяз прадаўжае заставацца вельмі неаднародным аб'яднаннем з пункту гледжання варункаў працы. Усходняя і Паўднёвая Еўропа значна саступаюць сваім паўночным і заходнім суседзям у суме мінімальнага заробку. Гэта вынікае з апублікаваных на днях звестак Еўрастату.

Статыстычная ўстанова Еўразвязу вызначае тры групы краін па ўзроўні «мінімалкі». Першая ўключае ў сябе 10 усходнееўрапейскіх краін. У іх сума мінімальнага заробку самая нізкая ў ЕЗ.

Абсалютным аўтсайдэрам з'яўляецца Балгарыя з €261 на студзень 2018 года. Далей ідуць Літва (400 еўраў), Румынія (408 еўраў), Латвія (430 еўраў), Вугоршчына (445 еўраў), Харватыя (462 еўры), Чэхія (478 еўраў), Славаччына (480 еўраў), Эстонія (500 еўраў) і Польшча (503 еўры).

У пяці іншых дзяржавах-сябрах, размешчаных на поўдні Еўропы, мінімальны заробак складаў ад 600 да 900 еўраў на месяц, адзначае Еўрастат: Партугалія (677 еўраў), Грэцыя (684 еўры), Мальта (748 еўраў), Славенія (843 еўры) і Гішпанія (859 еўраў).

Лепш за ўсё пачуваюцца працаўнікі ў Паўночных і Заходніх краінах кантынента. Мінімальны заробак у Вялікай Брытаніі складаў 1401 еўра, Нямеччыне і Францыі - 1498 еўраў, Бельгіі - 1563 еўры, Нідэрландах - 1578 еўраў, Ірландыі - 1614 еўраў. Абсалютны лідар - Люксембург з 1999 еўрамі на месяц.

Еўрастат прыводзіць таксама для параўнання мінімальны заробак у ЗША - 1048 еўраў за месяц у студзені 2018 года.

На 1 студзеня 2018 года з 28 дзяржаў - чальцоў ЕЗ мінімальны заробак не быў зафіксаваны ў Даніі, Італіі, Кіпры, Аўстрыі, Фінляндыі і Швэцыі.

Варта адзначыць, што за апошнія дзесяць гадоў ва Усходняй Еўропе сума «мінімалкі» вырасла ў 1,5-3 разы. Але гэта дазволіла толькі скараціць разрыў з багатымі краінамі. Калі мінімум у Польшчы ў 2008 годзе складаў 313 еўраў, што было ў 4,2 разы ніжэй, чым, да прыкладу, у Бельгіі, то цяпер розніца складае 3,1 разы.

Адзінай краінай Еўразвязу, дзе мінімальная сума заробку за дзесяцігоддзе не вырасла, стала Грэцыя. У 2008 годзе работнік у гэтай краіне атрымліваў не менш чым 794 еўры, а ў пачатку 2018 года - 684 еўры.

Гэта звязанае з найцяжэйшым эканамічным крызісам, у якім Грэцыя знаходзіцца ўжо шмат гадоў. З 2008 года ВУП краіны бесперапынна падаў - за выключэннем 2014 года. Прычым спад у 2011 годзе склаў 9,1%, у 2012-м - 7,3%. Звестак за мінулы год яшчэ няма, але паводле прагнозаў рост павінен быў скласці 1,5-1,8%.

Крызісу такой глыбіні не адчувала ніводная дзяржава ЕЗ у новым стагоддзі. У Грэцыі шмат хто перакананы, што значная частка праблем выкліканая захадамі жорсткай эканоміі, навязанымі краіне крэдыторамі (МВФ, ЕЗ і інш.).

Каб сітуацыя з заробкамі не была такой песімістычнай, Еўрастат падкрэслівае, што разрыў паміж усходам-поўднем і поўначчу-захадам будзе ніжэйшы, калі пералічыць яго адпаведна з парытэтам пакупніцкай здольнасці.

«За кошт ліквідацыі розніцы ў коштах мінімальны заробак вагаўся ад 546 пунктаў на месяц у Балгарыі да 1597 пунктаў у Люксембургу, што азначае, што самы высокі мінімальны заробак быў амаль утрая вышэйшы за самы нізкі», - гаворыцца ў паведамленні ўстановы.

Але жыхароў Усходняй Еўропы такія агаворкі не вельмі ўражваюць - многія краіны прадаўжаюць адчуваць маштабны адток насельніцтва, перш за ўсё працаздольных грамадзян, якія ў выніку і дзяцей нараджаюць не на Радзіме, а ў Бельгіі ці Нямеччыне.

Напрыклад, колькасць насельніцтва Балгарыі скарацілася з 7,5 млн чалавек у 2008 годзе да 7,1 мільёна ў 2017-м, насельніцтва Латвіі паменшылася з 2,2 млн чалавек да 1,95 мільёна, Літвы - з 3,2 да 2,85 млн. Румынія страціла за гэты ж перыяд мільён чалавек (20,6 млн было ў 2008-м, 19,6 млн засталося ў 2017-м), Харватыя - 154 тысяч, Польшча - 118 тысяч.

Нагадаем, у Беларусі мінімальны заробак складае 305 рублёў, або блізу 127 еўраў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках