Украінец амаль 20 гадоў атрымліваў пенсіі ў Беларусі ды Расеі
9- 27.02.2018, 16:20
- 15,753
Праваахоўныя органы Украіны вось ужо чацвёрты год спрабуюць давесці факт махлярства.
Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
У крымінальнай справе адзначаецца, што ўкраінец беспадстаўна з 1996 года атрымліваў выплаты на тэрыторыі Украіны, бо з 1995-га яму ўжо была прызначаная і выплачвалася пенсія на тэрыторыі Расеі, а з 1999-га - на тэрыторыі Беларусі.
Праваахоўныя органы звярнулі ўвагу, што ўкраінец сістэматычна перасякае мяжу з украінскім пашпартам, які быў нібыта згублены. Паводле звестак памежных службаў, гэты грамадзянін і цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Украіны.
У снежні 2017 года адна з раённых упраў Харкаўскай вобласці пенсійнага фонду Украіны звярнулася ў суд з пазовам аб кампенсацыі маёмаснай шкоды сумай амаль 188 тысяч грыўняў (блізу 7 тысяч даляраў у эквіваленце цяперашнім курсам).
Як вынікае з матэрыялаў справы, украінец мае педагагічную адукацыю, акурат у Расеі пенсійныя выплаты былі яму прызначаныя «за выслугу гадоў як педагагічнаму работніку Грайваранскага райсабеса Белгародскай вобласці РФ».
У той жа час ва Украіне гэты грамадзянін атрымліваў дадаткова да пенсіі выплаты, якія прызначаюцца паводле нацыянальнага заканадаўства «дзецям вайны», а таксама ў сувязі з інваліднасцю ў выніку чарнобыльскай катастрофы. Пры гэтым украінец праз суд сістэматычна дамагаўся пераразліку дадатковых выплат.
Крымінальная справа была заведзеная ў чэрвені 2014 г паводле часткі 1 артыкула 190 Крымінальнага кодэкса Украіны - завалоданне чужой маёмасцю або набыццё права на маёмасць шляхам падману або злоўжыванне даверам (махлярства).
Гэта злачынства ва Украіне караецца як штрафам на суму 850 грыўняў (15 даляраў у эквіваленце), так і 240 гадзінамі грамадскіх работ, папраўчымі работамі на два гады ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.