Археолагі выявілі каштоўную знаходку на Замкавай гары ў Горадні
- 27.02.2018, 20:03
- 12,913
Археолагі выявілі накладку для абраза ці кнігі з каштоўнага металу.
Нягледзячы на халады, ля сцен Старога замка працягваюць працаваць археолагі. Пласт за пластом яны паглыбляюцца з даследаваннямі ўглыб Замкавай гары, працуючы адразу на некалькіх участках. Паралельна вывучаюць грунт, які здабываецца падчас устаноўкі паль, паведамляе grodnonews.by.
- Прасейваем зямлю ўперамешку з пяском і адбіраем элементы, якія прадстаўляюць археалагічную цікавасць, - распавяла загадчыца аддзела археалогіі гісторыка-археалагічнага музея Наталлі Кізюкевіч. - Звычайна тут сустракаюцца цвікі, часткі керамікі, косткі.
На мінулым тыдні пералік такіх знаходак папоўніла, хутчэй за ўсё, залатая накладка, якая была элементам, магчыма, нейкіх царкоўных рэчаў.
- Магчыма, яна ўпрыгожвала абраз ці кнігу і належыць да перыяду сярэднявечча - XII-XIII стагоддзяў, - працягвае Наталля Кізюкевіч.

У сярэднявеччы і першыя і другія былі прыкметай дабрабыту, сустракаліся яны нячаста і ў сваім афармленні, як правіла, мелі дэкаратыўныя элементы у тым ліку з каштоўных металаў.
Сярод выяўленых тут элементаў таксама арнаментацыйная накладка таго ж перыяду з металу. Ад цэнтральнага элемента ў форме кветкі ў бакі сыходзяць плоскія трымальнікі, якія мацаваліся магчыма да рэменю.

Грунт, падняты падчас свідравання паглыбленняў для паль, прынёс і яшчэ некалькі сюрпрызаў з далёкага мінулага. Археолагі выявілі тут металічную пацерку, якая хутчэй за ўсё была часткай ўпрыгажэння, і прадмет які характарызуе побыт нашых продкаў: рыбалоўную снасць - блешню, якая захавалася ў даволі добрым стане.

Гісторыя знаходкі цаглін з выявай герба «Колюмны», якім карыстаўся князь Вітаўт, атрымала працяг - археолагі выявілі фрагмент яшчэ аднаго элемента з рэльефным малюнкам. Пакуль археолагі прытрымліваюцца версіі, што яны выкарыстоўваліся для абліцоўвання печы ці каміна.

Нягледзячы на рэстаўрацыю, дзверы Старога замка па-ранейшаму адкрыты для наведвальнікаў. Сёння ўвазе гасцей пастаянная экспазіцыя гісторыка-археалагічнага музея. У выставачнай зале замка працягваецца касметычны рамонт. Адразу пасля яго ў абноўленым памяшканні адкрыецца выстава, якая раскажа пра прамысловы складнік рэгіёну часоў XIX - пачатку XX стагоддзя. Да сярэдзіны вясны сваё месца тут зойме экспазіцыя «Горадня прамысловая».

