17 лiстапада 2023, Пятніца, 5:26
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Варшаве прайшла акцыя памяці Барыса Нямцова

У Варшаве прайшла акцыя памяці Барыса Нямцова
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Памяць вядомага расейскага апазіцыянера ўшанавалі ў 61 горадзе свету.

Учора, 27 лютага, у Варшаве на Замкавай плошчы актывісты з Беларусі і Расеі ўшанавалі памяць расейскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова. Арганізатарам акцыі ў трэцюю гадавіну забойства расейскага апазіцыянера выступіла аб'яднанне «За свабодную Расею».

Беларусы прыйшлі на акцыю памяці з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Удзельнікі акцыі патрабавалі міжнароднага расследавання ў справе забойства палітыка. Як нагадала адная з удзельніц мітынгу памяці, замоўцы злачынствы дагэтуль не знойдзены.

Падчас акцыі выступіла лідарка польскай асацыяцыі «За свабодную Расею» Валянціна Чубарава, якая заявіла, што «27 лютага - вельмі трагічны дзень, які многіх аб'ядноўвае». Яна падзякавала удзельнікам акцыі памяці з Беларусі за салідарнасць і падтрымку.

ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

27 лютага акцыі памяці расейскага апазіцыйнага палітыка прайшлі ва ўсім свеце ў 61 горадзе. У Вашынгтоне адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцця плошчы Нямцова.

Акцыі памяці Барыса Нямцова прайшлі ва ўсёй Расеі ў нядзелю, 25 лютага. У іх узялі ўдзел тысячы чалавек.

Нагадаем, Барыс Нямцоў быў застрэлены на Вялікім Маскварэцкім мосце 27 лютага 2015 года. Прысуд паводле справы аб ягоным забойстве вынеслі ў ліпені мінулага года. Выканаўцы забойства Заура Дадаева прысудзілі да 20 гадоў турмы, чацвёра суўдзельнікаў атрымалі ад 11 да 19 гадоў. Замоўца злачынствы дагэтуль не выяўлены.

Палітык неаднаразова выказваўся за незалежнасць і дэмакратызацыю Беларусі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках