«Людзі па сем гадзін едуць на працу»
15- 28.02.2018, 7:43
- 19,439
У Жыткавіцкім раёне ўлады не ведаюць, як жыць без моста.
На пасяджэнні аператыўнага штаба ў Жыткавіцкім райвыканкаме аб пытанні, як жа перапраўляць людзей праз Прыпяць, відавочна, нічога сёння не пастанавілі. У каментары tut.by намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Сяргей Савіч паведаміў, што «цяпер усё будзе залежаць ад надвор'я»: маўляў, пакуль рака скаваная лёдам, пераправа праз яе будзе закрытая. Колькі дзён будзе доўжыцца такая блакада, невядома: прагнозы сіноптыкаў пакуль не абнадзейваюць - найбліжэйшыя дні маразы.

У жыццё мясцовых жыхароў зноў умяшалася вялікая вада. Здаецца, што людзі ўжо не здзіўляюцца. У сацсетках карыстальнікі жартуюць на надзённую тэму і ствараюць мемы: маўляў, дапаможа нам толькі дыван-самалёт.

Уладальніку ж буйной мясцовай фермерскай гаспадаркі Міхаілу Шрубу не да жартаў. Другі дзень на яго прадпрыемстве цалкам сарваны працоўны працэс: работнікі з Жыткавіч не могуць дабрацца да Турава. І заўтра будзе тое ж самае.

- Вы зразумейце, вазіць людзей праз Мазыр [аб'езд 300 км. - Заўв.TUT.BY] - гэта дорага нават не столькі ў фінансавым плане, колькі ў часавым. Гэта атрымліваецца, людзі 7 гадзін у дарозе. У Тураўскага малочнага камбіната простага выбару няма, яны не могуць спыніць вытворчасць, таму і возяць работнікаў. Мы ж пакуль трываем. Сёння трэба было біць жывёлу, на легкавушцы прывезлі з Жыткавіч байцоў. Астатнія работнікі пакуль дома сядзяць.
Самае страшнае, на думку фермера, нават не цяперашнія страты, а тое, што хутка вясна, пасяўная. «А палі гаспадаркі размешчаныя на абодва берагі Прыпяці. Вось як быць з гэтым?»- пытаецца Шруб.
Пакуль адказаць яму не можа ніхто.
Паром, які павінен быў перапраўляць людзей праз раку з 1 сакавіка, як раней абяцалі прадстаўнікі РУП «Гомельаўтадар», паводле інфармацыі TUT.BY, яшчэ не гатовы, і калі ён будзе пабудаваны, невядома - праблемы з фінансаваннем.
Нагадаем, 7 снежня на аўтамабільным мосце праз Прыпяць у Жыткавічах з'явіліся расколіны і ён правіс. Мост закрылі для аўтатранспарту, а затым і для пешаходаў. Паводле ацэнак спецыялістаў, прыкладна на год. Адсутнасць аўтамабільных і пешаходных шляхоў праз Прыпяць спаралізавала жыццё і эканоміку ў рэгіёне. Праўда, неўзабаве для мясцовых жыхароў была ўсталяваная пантонная пераправа. Але цяпер праз мароз яна працаваць не можа.