Што чакае маршрутнікаў
65- 28.02.2018, 9:06
- 47,360
Вознікі могуць вярнуцца да схемы працы канца 1990-х — пачатку «нулявых».
У аўторак, 27 лютага, на Слуцкім аўтавакзале прайшла сустрэча слуцкіх маршрутнікаў з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, Міністэрства транспарту, новага аператара перавозніка і транспартнай інспекцыі.
Аб чым гаварылі на двухгадзіннай сустрэчы — «Кур'ер» абраў і пераказвае галоўнае.
Што прапануе Мінтранс
Калі хочуць вазіць пасажыраў нерэгулярна, то калі ласка — можна прымаць замовы ад прадпрыемстваў, каб, напрыклад, працоўных адвозіць або сяброў на Дзень нараджэння або вяселле. Але на «нерэгулярцы» ніякіх квіткоў, ніякіх дыспетчараў.

Калі ўсё ж абяруць «рэгулярку», то найбліжэйшыя дні аператару перавозак трэба прапанаваць свае маршруты, іх перыядычнасць, аформіць розныя дакументы. Заяўка разглядаецца да 14 дзён, і калі ўхваляецца, то вазіць можна будзе тры месяцы.
Потым будзе тэндар. Пераможа той, хто прапануе лепшыя ўмовы. Напрыклад, аўто навейшае або больш камфортнае, ёсць вялікі досвед, мала парушэнняў ПДР, зручны расклад (шмат чыннікаў).
Вызначыцца колькасць карт транспартных сродкаў ТС), якія неабходныя для абслугоўвання маршруту.

Аб'екты тэндараў — лоты. На лоты могуць выстаўляцца асобныя карты МС.
Напрыклад, адная карта — гэта паездка Слуцк-Менск-Слуцк. Адпраўленне ад вакзала ў Слуцку а 8 раніцы да вакзала ў Менску (хутчэй за ўсё «Усходні»). З Менска вяртанне, напрыклад, аб 11.00. З зацверджанымі прамежкавымі прыпынкамі (паміж Слуцкам і Менскам). На прыпынках таксама будуць садзіцца людзі, калі будуць месцы. Не факт, што прыпынкі будуць яшчэ дзесьці ў горадзе. Але ў тэорыі, калі абгрунтаваць, такіх прыпынкаў у горадзе можа быць некалькі.
Іншая карта, напрыклад, на 6.00 са Слуцка і г. д.
Калі прыйдзе адзін ІП, ён можа прэтэндаваць толькі на адну карту ТС. Калі ў яго наёмныя работнікі, то яшчэ дзве карты (г. зн., два лоты). Калі фірма з дзесяццю аўто, то яна можа прэтэндаваць на 10 карт.
На тэндар можа выстаўляцца за 20 лотаў на 20 машын або адзін лот на 20 аўто. Як падзяляць лоты — будзе вызначацца пры правядзенні конкурсаў.
Узяць удзел у тэндары на маршруты Слуцк-Менск могуць мясцовыя ІП або фірмы, а могуць і менскія, і магілёўскія. Ці дзяржаўны аўтапарк. Усе. Хто пераможа, той будзе вазіць. Усё — у роўных умовах (аператар перавозак гарантуе гэта).

Аператар гатовы і нават хоча выслухаць ад маршрутнікаў прапановы, як усё арганізаваць — колькі аўто трэба, якая колькасць пасажыраў звычайна перавозіцца, паводле якога раскладу. «Прапануйце, будзем уводзіць у дзеянне, улічым усе вашы напрацоўкі».
Кожны маршрутнік усталюе сабе навігацыйнае абсталяванне (фактычна тэлефон з сімкарткай), праз які будзе адсочвацца, ці выконвае перавозчык усе ўмовы. Адхіленне ад маршруту (падабраць чалавека на суседняй вуліцы — парушэнне).
Квіткі будуць выдавацца пасажырам загадзя. На вакзале або праз касавы апарат у маршрутніка — усё вызначана і прапісана ў законе, як гэта можна зрабіць.
Паслугі аператара каштуюць блізу 50-60 рублёў на месяц на адну карту ТС. Карткамі паміж машынамі мяняцца нельга.
Калі хтосьці будзе рабіць рэгулярныя перавозкі нелегальна, без аператара, — штраф ад 10 да 50 базавых адзінак. А потым і ліцэнзіі можна пазбавіцца.
Сумленным вознікам прапанавалі не баяцца нелегалаў. Раней у Менску на аднаго легальнага перавозчыка было пяць нелегалаў. Менск прайшоў праз гэта, павольна і дакладна ліквідаваў праблему. І цяпер праца перавозкі людзей арганізавана так, што людзям не цікава, і не выгадна карыстацца паслугамі нелегалаў.
Што кажуць маршрутнікі
Маршрутнікі кажуць, што да новага аператара хутчэй за ўсё не пойдуць. Пастанова яшчэ не прынятая. Так, аператар даступна і ясна выклаў свае ўмовы. Але гэта для маршрутнікаў— кабала. А для пасажыраў, якія звыкліся за гэтыя гады да сэрвісу, новыя ўмовы — гэта адкат на некалькі гадоў таму.

Напрыклад, паводле новых умоў маршрутнікі не змогуць «збіраць людзей» па горадзе, як раней (г. зн. сумяшчаючы функцыі таксі). І дыспетчар не зможа прымаць замовы, а толькі даваць даведкі праз тэлефон.
Добра, калі ў горадзе будзе пару прыпыначных пунктаў, дзе людзі змогуць у парадку жывой чаргі чакаць маршрутку. І нават калі маршруткі будуць хадзіць раз на паўгадзіны, той, каму месца не хапіла, будзе чакаць наступную. Але ёсць варыянты (паслугі), калі можна заказваць праз інтэрнэт.
Маршрутнікі могуць вярнуцца да схемы канца 1990-х — пачатку «нулявых». Гэта значыць, прадаць мікробусы, купіць легкавушкі. І па заяўным прынцыпе па «нерэгулярцы» вазіць людзей у легкавушках, збіраючы іх па прыпынках. Амаль як таксі. І відавочна не па шэсць рублёў, а даражэй. Хто ад гэтага здабудзе — незразумела.
Хлусня, што тлумачальную працу пра змены пачалі весці летам мінулага года. Калі б ім гэта патлумачылі тады, то да гэтага моманту яны б паспелі прыстасавацца.
Ёсць Закон, але грамадства свае законы не скасоўвала. Ва ўрадзе ў курсе гэтых законаў і патрэб грамадства?! У маршрутнікаў просьба да Слуцкага райвыканкаму — данесці да вертыкалі ўлады, што адбываецца цяпер. Праз сённяшнюю сітуацыю з перавозкамі у грамадстве ствараюцца асяродкі напружанасці.
Людзі за 15 гадоў звыклі ад пад'езда ездзіць у Менск. Мясцовую ўладу задавальняе той сэрвіс, які створаны. Гэта трэба данесці наверх.

Рэпартажы на тэлевізіі зробленыя аднабока. Казалі, якія прыватнікі дрэнныя, і ні разу не згадалі пра тое, якія выгоды створаны прыватнымі вознікамі за гэтыя 10-15 гадоў.
Агулам, маршрутнікі задаволеныя сустрэчай. Яны ўпершыню сустрэлі адэкватных чыноўнікаў, якія ім усё патлумачылі. Але што рабіць далей — незразумела. Між тым, случакі найбліжэйшыя пару дзён не змогуць ездзіць так, як ездзілі раней.
Пакуль «777» заявілі, што адновяць сваю працу з 1 сакавіка. Ужо 28 лютага дыспетчары пачнуць прымаць замовы. Як доўга гэта прадоўжыцца — ніхто не ведае. Хутчэй за ўсё, пакуль доўжыцца пераходны перыяд. Як будуць працаваць «999» — на сёння не вядома.
