17 лiстапада 2023, Пятніца, 5:25
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Каб людзьмі звацца

31
Каб людзьмі звацца
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Не разумею дылемы: ці святочная дэманстрацыя, ці канцэрт у парку.

Паглядзела онлайн-трансляцыю пасяджэння аргкамітэта для правядзення святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Не зусім зразумела, чаму ўсе пытанні звяліся да дылемы: ці святочная дэманстрацыя, ці канцэрт у парку. Нейкі «стакгольмскі сіндром» - думаць за ўлады, прыкідваць, што ім будзе зручней.

Удумайцеся: 100 гадоў незалежнасці нашай дзяржавы. Так, не атрымалася нам пакуль дамагчыся свабоды. Так, не здолелі мы пакуль абраць сваю ўладу. Але на карце свету ёсць незалежная дзяржава - Беларусь. І мы з вамі датычныя да гэтай незалежнасці, мы з вамі яе баронім нават пад дубінкамі цяперашніх уладаў. З часам заваюем і свабоду. А колькі народаў нам зайздросцяць!

Я, шчыра кажучы, па-іншаму ўяўляла сабе абмеркаванне святкавання 100-годдзя. Я думала гаворка будзе ісці пра запрашэнне сусветных лідараў у Беларусь у гэтыя дні. Я б хацела бачыць Ангелу Мэркель у Менску не для тухлых пасяджэнняў «менскай групы», а для ўдзелу ў святочным шэсці. Добра б там глядзеліся Эмануэль Макрон, Дональд Трамп, Анджэй Дуда, Даля Грыбаўскайтэ, Тэрэза Мэй, Пятро Парашэнка, Федэрыка Магерыні ды многія іншыя.

А яшчэ адсвяткаваць з намі маглі б зоркі з беларускімі каранямі: Харысан Форд, Майкл Дуглас, Скарлет Ёхансан.

Не могуць беларускія музыкі - запрашаем Паўля Ландэрса з усім яго Rammstein або караля сёрф-гітары Дзіка Дэйла, ці нарвэжскага Рыбака. Хай успомняць свае карані.

Папрасіць французаў прывесці Шагала, хай не ў сакавіку - калі змогуць.

Арганізаваць выставы Лёніка Тарасевіча, Алеся Родзіна, Барыса Заборава і Уладзіміра Цэслера пад акампанемент Андрэя Макарэвіча.

Ды ў кожным горадзе можна арганізаваць свята цікавейшае за сталічнае. Геніяў на беларускай зямлі стае.

А яшчэ Гугл з Фэйсбукам маглі б візуальна адзначыць наш юбілей.

Неяк мне здавалася, што вось такога маштабу мерапрыемствы варта абмяркоўваць.

Скажаце - фантастыка, ды і грошай няма. Дык мы ж прапануем уладам разам святкаваць, годна. Менавіта такога ўзроўню заслугоўвае гэтая вялікая дата. Тады і грошы знойдуцца.

У 2018 годзе святкуюць 100-годдзе незалежнасці многія краіны Усходняй Еўропы - Польшча, Літва, Латвія, Чэхія, Славакія, Грузія, Украіна, Эстонія. Гэта адбываецца маштабна, ярка, годна. Гэта бачыць увесь свет. І гэта не абмяжоўваецца адным днём.

Калі быў бы ў нас такі сцэнар, пытанне аб агароджах і абмежаваннях адпала б само па сабе.

Ды і цяпер яшчэ не позна.

Як бы там ні было, я дакладна ведаю, што калі апазіцыя цяпер не прагнецца, а будзе на перамовах з уладай намагаць на правядзенні вялікай святочнай дэманстрацыі ў цэнтры Менска разам са святочным канцэртам, то святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі будзе годным.

І не сорамна будзе перад продкамі, якія 100 гадоў таму, рэальна рызыкуючы жыццём, знайшлі ў сабе мужнасць і сілы абвясціць незалежнасць нашай з вамі краіны.

Каб людзьмі звацца.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках