Беларусам на вока: змененыя правілы атрымання рабочай візы ў ЗША
12- 28.02.2018, 11:02
- 20,614
Управа грамадзянства і іміграцыі апублікавала мемарандум.
Новы мемарандум, апублікаваны Управай грамадзянства і іміграцыі ЗША, змяняе правілы атрымання рабочых віз H-1B. Яны будуць выдавацца толькі для прыцягнення канкрэтных спецыялістаў на канкрэтныя вакансіі, а права на знаходжанне будзе дзейнічаць так доўга, як і сувязь з працадаўцам, піша 34travel.me.
Управа грамадзянства і іміграцыі Дэпартамента ўнутранай бяспекі ЗША для атрымання візы павялічыць бюракратыю ў разы. Падаючы дакументы на H-1B, цяпер працадаўцы абавязаныя абгрунтаваць неабходнасць працаўладкавання і даць іміграцыйным органам дакладную інфармацыю аб характары і месцы працы: падрабязнае апісанне заняткаў, спецыяльных абавязкаў, неабходных навыкаў, працягласці кантракту і гадзін працы, сумы заробку і бонусаў і ўсе іншыя звесткі. У мемарандуме асобна гаворыцца пра тое, што пасярэднікі, кантрактары і вендары не ўваходзяць у пералік арганізацый, якія могуць наймаць супрацоўнікаў з візай H-1B.
Запрашаючы работнікаў у ЗША з візай H-1B, наймальнікі абавязаныя захоўваць з ім працоўныя стасункі цягам усяго тэрміну яе дзеяння. Віза актуальная столькі ж часу, колькі імігрант застаецца на сваім працоўным месцы: Управа грамадзянства і міграцыі мае права змяняць працягласць яе дзеяння.
Узмацненне жорсткасці выдачы працоўных віз Дональд Трамп паабяцаў яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі, паколькі, на думку новага ўрада, візы дазваляюць прыцягваць замежнікаў, працу якіх можна аплачваць ніжэй, чым амерыканскіх працаўнікоў. Новыя правілы таксама ўскладняць іміграцыю спецыялістаў-аўтсорсэраў.