Случанка: Трэба падтрымліваць маршрутнікаў!
11- 28.02.2018, 11:40
- 9,854
Прыватныя вознікі зручныя ўсім.
Выхавальніца сталічнага дзіцячага садка са Слуцка Ксенія Ягорава распавяла «Кур'ер», з якімі праблемамі яна сутыкнецца праз спыненне працы маршрутак:
- Я працую ў Менску. Дадому паеду 7 сакавіка. Спадзяюся, што дагэтуль што-небудзь праясніцца з маршруткамі. Калі не, то нават не ведаю, што рабіць.
Працую да 19.00, таму дадому еду позна, а ў раскладзе аўтобусаў я паглядзела, што апошні рэйс акурат а 19.00. Буду шукаць спадарожнікаў у групах у сацсетках або на сайце «Біпкар». Сумна, што прапаў адзіны зручны спосаб дабрацца ва ўсялякі час і ад кожнага месца. Але я ўпэўненая, што маршруткі вернуць, бо аўтобусы не збяруць людзей.
Маршруткі зручныя ўсім. Яны ездзяць кожныя паўгадзіны з 5-й раніцы і да 24 ночы. Калі ты жывеш за горадам, цябе паедуць забіраць нават у Ячава і Лучнікі. Маршрутку можна замовіць без праблем, месцаў шмат і ўсім стае.
У салоне заўсёды зручныя сядзенні, у некаторых аўто ёсць wi-fi. Цяпло, ёсць месца для валізкі і ручной паклажы, каб у паездцы нічога не перашкаджала. З кіроўцам заўсёды можна дамовіцца, калі ты на пару хвілін спазняешся.
На міжгародніх сучасных аўтобусах я ездзіла пару разоў. Хачу сказаць, што яны былі не зусім зручныя. Аўтобус адчувае кожную яму, і ты рызыкуеш падскокваць на кожнай купіне. Пераважна ў аўтобусах холадна. Рэйс не кожную гадзіну, а чатыры разы на дзень. Шмат ездзіць студэнтаў. І калі маршрутак было досыць шмат, то аўтобусаў на ўсіх ахвотных не дастаткова.
Аўтобус не паедзе дзеля аднаго чалавека. А маршрутка паедзе. Спадарожнікі небяспечныя. Я не ведаю, як пройдзе паездка, які трапіцца кіроўца, з якой хуткасцю ён будзе ехаць.
Застаецца толькі спадзявацца, што гэтая праблема неўзабаве будзе развязаная, а нам трэба падтрымліваць нашых маршрутнікаў.