17 лiстапада 2023, Пятніца, 5:26
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Біл Гейтс выступіў з рэзкай крытыкай крыптавалют

8
Біл Гейтс выступіў з рэзкай крытыкай крыптавалют
Біл Гейтс

Галоўнай асаблівасцю крыптавалют з'яўляецца ананімнасць, a гэта не добра.

Сузаснавальнік Microsoft Біл Гейтс распавёў, што негатыўна ставіцца да лічбавых валют, бо яны «забіваюць людзей».

Пра гэта Гейтс заявіў падчас онлайн-канферэнцыі з карыстальнікамі сайта Reddit, піша «Новое время».

Паводле ягоных слоў, крыптавалюта сапраўды дрэнная, бо яна падтрымлівае людзей, якія хочуць хаваць свае фінансавыя транзакцыі ад урада. Ён, відаць, асабліва ўстурбаваны тым, што такія аплаты выкарыстоўваюцца для фінансавых злачынстваў, тэрарызму і гандлю наркотыкамі, тым самым забіваючы людзей «прамалінейна».

«Галоўнай асаблівасцю крыптавалют з'яўляецца іх ананімнасць. Я не думаю, што гэта добра. Урадавая здольнасць знайсці крыніцы адмывання грошай і ўхілення ад выплаты падаткаў і фінансавання тэрарызму - гэта добра. Цяпер з дапамогай крыптавалют купляюць фентаніл ды іншыя наркотыкі, так што гэта адная з нешматлікіх тэхналогій, якая непасрэдна стала прычынай смерцяў. Я мяркую, што хваля спекуляцый вакол ICO і крыптавалют вельмі рызыкоўная ў доўгатэрміновай перспектыве», - напісаў Гейтс.

Гэта заява ўжо выклікала крытыку карыстальнікаў. Венчурны капіталіст Энтані Пампліяна адзначыў, што крыптавалюты не зусім ананімныя, пры гэтым «кожная валюта выкарыстоўваецца для фінансавання тэрарызму, адмывання і прыводзіць да смерцяў».

Акрамя таго, некаторыя са злачынстваў, пра якія згадваў Гейтс, напрыклад, гандаль наркотыкамі і тэрарызм, маюць незаменны фізічны элемент. Калі вы з'яўляецеся гандляром наркотыкамі або тэрарыстам, у нейкі момант вам давядзецца забіраць сапраўдныя наркотыкі ці бомбы, а аплата або фінансаванне - «гэта толькі адная частка ўраўнення і таго, як паліцыя можа вас адсачыць», адзначае Gizmodo.

Падчас той жа онлайн-канферэнцыі Гейтс заявіў, што сумняваецца ў канцэпцыі звышхуткаснага цягніка Hyperloop.

«Я думаю, што электрамабілі і аўтаномныя транспартныя сродкі будуць выдатнымі рэчамі... Я не ўпэўнены, што канцэпцыя Hyperloop мае сэнс. Гэта павінна быць бяспечна», - напісаў Гейтс.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках