«Крумкачы» рассакрэцілі імя свайго таемнага інвестара
3- 28.02.2018, 15:53
- 14,835
Бюджэт на наступны сезон - $600 тысяч.
У эксклюзіўным інтэрв'ю tut.by Вара Марцірасян выпраменьвае ўпэўненасць наконт будучага «Крумкачоў».
— Пытанне-мем: вы з дзяцінства за «Крумкачоў»?
— «Крумкачы» існуюць з 2014 года, а я даведаўся аб камандзе толькі год таму, пазнаёміўшыся з Дзянісам Шунто. Гэта здарылася пасля трэцяга або чацвёртага тура леташняга чэмпіянату краіны. Дзяніс Пятровіч сцісла абмаляваў сітуацыю, распавёў пра фінансавыя праблемы клуба. З тых часоў падтрымліваю каманду як заўзятар. А пасля некаторага часу, узятага на разважанні, падрыхтаваў бізнэс-план спецыяльна пад «Крумкачоў». Ён існуе ўжо даўно, але толькі нядаўна нашы стасункі былі аформленыя. Я сузаснавальнік. Мне належыць кантрольны пакет акцый клуба.
— Якія задачы прапісаныя ў бізнэс-плане?
— Перш за ўсё застацца ў вышэйшай лізе пасля заканчэння новага сезону і фінішаваць дзе-небудзь пасярэдзіне. Разам з тым хацелася б узмацніць каманду добрымі выканаўцамі. Тут я маю на ўвазе падпісанне пачаткоўцаў і рост майстэрства маладых футбалістаў, каб налета прэтэндаваць на месца ў тройцы мацнейшых каманд «вышкі».
Зарабляць плануем паводле партнёрскіх пагадненняў і развіцця юнакоў з вялікім патэнцыялам з Беларусі і іншых краін. Гатовыя даць шанец усім маладым хлопцам, якія любяць футбол і жывуць ім.
— Які бюджэт запланаваны на 2018 год?
— 600 тысяч даляраў. А ў далейшым фінансаванне будзе залежаць ад тэмпаў развіцця клуба.
— Адкуль грошы?
— У мяне сямейны бізнэс у сферы гандлю і паслуг на тэрыторыі роднай Арменіі, іншых краін СНД і Еўропы. На жаль, у Беларусі ў нас нічога няма, але мы думаем аб тым, каб штосьці адкрыць тут. Паглядзім, да чаго гэта прывядзе. Пакуль я спыніўся на набыцці футбольнага клуба. Гэта самы вялікі бізнэс, які збіраюся мець у Беларусі.
Цікаўлюся футболам з трох-чатырох гадоў. Пасля таго як убачыў гульню Раналдзіньё. З тых часоў шмат дзе пагуляў. Спачатку ў двары, потым у школе і, нарэшце, у складзе гарадской каманды. У горадзе, дзе вырас (гэта Дзіліжан), не было спецшколы або акадэміі, дзе мог бы ўдасканальвацца. Так што не атрымалася стаць прафесійным футбалістам.
— Дык, значыць, купля «Крумкачоў» — гэта рэалізацыя дзіцячай мары?
— Не, клуб разглядаю менавіта ў аспекце бізнэсу. Калі ўсё правільна арганізаваць, то гэта вельмі выгаднае мерапрыемства. Мая роля ў жыцці клуба будзе звязаная з адміністрацыйным і фінансавым кіраваннем. Камплектаваннем каманды будзе займацца Дзяніс Пятровіч.
Усё было добра, пакуль не паўстала пытанне з ліцэнзаваннем. Чакаем пастановы апеляцыйнага камітэта АБФФ, на наш пратэст у сувязі з адмовай прыняць дакументы. Выказваць сваё меркаванне з нагоды сітуацыі не буду. Мы рыхтуем афіцыйную заяву, у якой будуць пададзеныя нашы каментары і довады.
— У клуба яшчэ засталіся запазычанасці?
— У фінансавых справаздачах федэрацыя футбола бачыць усё як ёсць. Запазычанасці выплачваюцца. Спадзяемся, што пытанні з апеляцыяй, а таксама з допускам нашай заяўкі на ліцэнзію ўсё ж развяжуцца станоўча.
— У якія тэрміны рэальна пазбавіцца ад запазычанасцяў?
— У максімальна кароткія.
— Гэта месяц ці два?
— Не, у максімальна кароткія.
— Два тыдні?
— Столькі, колькі трэба для таго, каб сустрэцца з патрэбнымі людзьмі. Гэта дзесьці трыццаць, на кожнага па дзесяць хвілін.
— А вы настроеныя сур'ёзна!
— Пра гэта кажуць нашы дзеянні.
— Ці можаце вы ўявіць песімістычны сцэнар, калі федэрацыя не выдае ліцэнзію «Крумкачам»?
— Не. Такі варыянт нават не разглядаем. Пры гэтым я не ўважаю, што федэрацыя бачыць у нас «дохлых коней». Не, яна робіць сваю справу. Стаўленне да нас такое ж, як і да іншых клубаў.
— Думаеце, гісторыя з абавязкамі моцна ўдарыла па рэпутацыі «Крумкачоў»?
— Ёсць такая праблема. І ўсё ж мяркую, усе пытанні можна развязаць. Веру, што мы вернем давер да клубу. Ёсць людзі з ліку офісных работнікаў, якія засталіся. Узмоцнім офіс новымі кадрамі.
— Вы ж не жывяце ў Беларусі, дакладна?
— Не, бываю тут наездамі. Цяпер упершыню, калі я прыехаў у Менск на тыдзень, каб уключыцца ў працу. Але я збіраюся пераехаць у беларускую сталіцу. Прычына — «Крумкачы».
Адзначым, што адмова камітэта клубнага ліцэнзавання АБФФ разглядаць заяву «Крумкачоў» звязаная «з сістэматычнымі парушэннямі патрабаванняў рэгламенту АБФФ у ліцэнзаванні і кантролі дзейнасці клубаў, што палягала ў неаднаразовым парушэнні тэрмінаў падачы дакументаў і пацягнула зрыў працэсу ліцэнзавання. Таму прынятая пастанова не прымаць да разгляду заяву ТАА «Футбольны клуб «Крумкачы» ад 12.02.2018 г».
Паколькі «Крумкачы» маюць права абскардзіць пастанову ў апеляцыйным камітэце клубнага ліцэнзавання АБФФ, выступ клуба ў вышэйшай лізе ўсё яшчэ не выключаны. Сваім правам клуб скарыстаўся і чакае разгляду апеляцыі.