17 лiстапада 2023, Пятніца, 5:27
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Тымчук: «ЛДНР» знікнуць за некалькі месяцаў

2
Дзмітрый Тымчук: «ЛДНР» знікнуць за некалькі месяцаў
Дзмітрый Тымчук

Ва ўкраінскім Генштабе ёсць некалькі сцэнарыяў вызвалення Данбаса.

Пры гэтым так званы закон аб дэакупацыі Данбаса, які ўжо ўвайшоў у дзеянне, дае шмат плюсаў у ваенным, палітычным і юрыдычным планах, але не прадугледжвае аўтаматычна планавання якіх-небудзь дзеянняў для вызвалення захопленых агрэсарам раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей. Пра гэта, а таксама пра тое, пры якой умове так званыя ДНР-ЛНР спыняць існаванне ў кароткія тэрміны, "Апострофу" распавёў народны дэпутат, каардынатар групы "Інфармацыйны супраціў" Дзмітрый Тымчук.

Што тычыцца непасрэдна аперацыі [на Данбасе], то зразумела, што яна цалкам перафарматуецца. Раней у нас паводле закона аб барацьбе з тэрарызмам аперацыяй фармальна кіравала Служба бяспекі Украіны, а непасрэднае кіраўніцтва аперацыяй ажыццяўляў намеснік кіраўніка СБУ - начальнік антытэрарыстычнага цэнтра. Зразумела, што ўжо ў канцы 2014 года ў аперацыі было ўсё менш антытэрарыстычнага складніка, і яна ўсё больш набывала рысы агульнавайсковай аперацыі.

У гэтым плане мы вельмі спазніліся з прыняццем адпаведнага законапраекта, з перафарматаваннем АТА ў ваенную аперацыю, якая ўжо з'яўляецца такой і дэ-юрэ, а дэ-факта была з 2014 года.

У чым розніца? Фактычна ўсе дакументы, якія тычацца планавання дзеянняў нашых войскаў, забеспячэння і гэтак далей, праходзілі за подпісам кіраўніка аперацыі, то бок, генерала СБУ. І тут узнікае пытанне: калі ідуць баявыя дзеянні з выкарыстаннем цяжкіх узбраенняў, напрыклад, танкаў і артылерыі, то як такія аперацыі можа планаваць прадстаўнік спецслужбы, у якога вузкі профіль і свая спецыфіка працы? Ён не мае ніякіх навыкаў, ды і не павінен іх мець, у планаванні правядзення аперацый чыста ваеннага характару.

Цяпер, з прыняццем закона, знікае гэтая праблема. Генштаб на ўказанне прэзідэнта як Вярхоўнага галоўнакамандуючага распрацоўвае адпаведныя падзаконныя нарматыўныя акты, якія тычацца перафарматавання штаба правядзення аперацыі з улікам як раз новага падпарадкавання. Гэта тое, што тычыцца змяненняў у ваенным плане.

Што тычыцца зменаў у палітычным плане, то тут шмат не трэба казаць. Украіна ж не проста павінна прызнаць Расею агрэсарам, гэта Вярхоўная Рада зрабіла пастановай у студзені 2015 года. Аднак гэта пастанова не мела ніякіх прававых наступстваў. А ў гэтым законе мы ўжо канкрэтна прапісалі, у чым палягае адказнасць Расеі, у той жа час Украіна не нясе адказнасці за дзеянні агрэсара на акупаваных тэрыторыях Данбаса.

Гэта ўсё з палітычнага фармату перацякае ў юрыдычны. Раней у пытаннях кампенсацыі кошту нерухомасці пашкоджанай на Данбасе, кампенсацыі за раненні або гібель мірных жыхароў у нас не было падстаў казаць аб тым, што Расея павінна адказваць за ўсе гэтыя рэчы. Быў прэцэдэнт, калі Еўрапейскі суд правоў чалавека прыняў пастанову на карысць Украіны, паказаўшы, што павінен адказваць бок-агрэсар. Але тады нам пашанцавала, акурат у той час мы ўнутры краіны не стварылі прававой базы для такіх юрыдычных сцвярджэнняў. Менавіта гэты закон у юрыдычным плане выпраўляе гэтую сітуацыю, бо мы ўжо апелюем да таго, што кампенсацыю за наступствы баявых дзеянняў на Данбасе павінна несці краіна-агрэсар, краіна-акупант - Расейская Федэрацыя.

Гэта значыць, у ваенным, палітычным і юрыдычным планах гэты закон дае шмат плюсаў для Украіны.

Прыняццем гэтага закона мы стварылі ўмовы для нашых войскаў, каб пачаць вызваляць акупаваныя тэрыторыі на Данбасе. Але мы разумеем, што законам нельга прымусіць спланаваць якую-небудзь ваенную аперацыю і аддаць загад Узброеным сілам на правядзенне аперацыі вызвалення Данбаса. Такія рэчы вызначае ўжо выканаўчая ўлада, вышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва, якім у гэтым выпадку з'яўляецца Вярхоўны галоўнакамандуючы, прэзідэнт Украіны. Гэта ўжо ягоная пастанова, а мы стварылі законныя падставы для таго, каб правесці такую аперацыю.

Але сёння, як мы ведаем, Украіна прытрымліваецца мірнага, палітыка-дыпламатычнага варыянту ўрэгулявання канфлікту. І мы бачым, што цяпер раскручваецца тэма міратворцаў, хоць нават на Захадзе нас папярэджваюць, што гэта можа быць варыянт замарожвання канфлікту.

Але тэма міратворцаў мае права на жыццё пры адной акалічнасці. Заходнія экспэрты папярэджваюць нас, што правядзенне міратворчай місіі можа замарозіць канфлікт, прыводзяць прыклад таго ж Кіпра, дзе ўжо дзесяцігоддзі прадаўжаецца канфлікт, які фактычна з'яўляецца замарожаным. Але канфлікт на Данбасе мае адну спецыфічную рысу. Яна палягае ў тым, што калі сапраўды перакрыць мяжу з Расеяй, якую не кантралюе Украіна, і спыніць пастаўкі матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, узбраення, тэхнікі, расейскіх наймітаў на тэрыторыю Данбаса, то пытанне існавання так званых ЛНР і ДНР - гэта пытанне некалькіх тыдняў, магчыма месяцаў. Гэта значыць, у гэтым сэнсе міратворчая аперацыя можа мець поспех, але пры ўмове перакрыцця і ўзяцця пад кантроль украінска-расейскай мяжы.

А ваенны сцэнар вяртання тэрыторый цяпер не разглядаецца. Наколькі я ведаю, у Генеральным штабе ёсць розныя варыянты правядзення аперацыі, але які з іх будзе ўжыты і наогул ці будзе ўжыты - гэта ўжо пастанова вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Украіны.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках