Польшча мяняе ў Менску яшчэ аднаго важнага дыпламата
- 28.02.2018, 20:17
- 8,278
Матэуш Адамскі, які працаваў дырэктарам Польскага інстытута ў Менску, больш не займае гэтую пасаду.
Пра гэта «Радыё Свабода» распавялі ў Польскім інстытуце ў Менску.
«Матэуш Адамскі больш не працуе дырэктарам. Па падрабязнасці звяртайцеся ў МЗС Польшчы», - распавяла супрацоўніца інстытута.
Сам Матэуш Адамскі сказаў:
«Сёння фармальна апошні дзень маёй місіі ў Беларусі. Гэта быў вялікі гонар - 18 месяцаў служыць маёй краіне і ўдзельнічаць у пабудове мастоў паміж палякамі і беларусамі, нашымі найбліжэйшымі суседзямі. Думаю, што нам удалося зрабіць вельмі шмат для развіцця двухбаковых стасункаў у галіне культуры, мастацтва, агульнай спадчыны, навуковых кантактаў і асабліва гістарычнага дыялогу.
Абяцаю, што буду далей удасканальваць сваю беларускую мову і панясу гэтую прыгожую мову далёка ў свет, а вы паабяцайце, калі ласка, што яе будзе лепш чуваць у Беларусі, калі мы сустрэнемся зноў".
Рэагуючы на пісьмовую просьбу пра каментар, у Міністэрстве замежных спраў Польшчы, «Радыё Свабода» параілі дачакацца пісьмовага адказу і не сталі адказваць на пытанне пра прычыны выезду М. Адамскага з Менска. Цяпер абавязкі дырэктара выконвае яго былы намеснік, цёзка па прозвішчы Томаш Адамскі.
31 студзеня сваю працу ў Беларусі завяршыў пасол Конрад Паўлік. Пра тое, што Конрад Паўлік завяршае дзейнасць у Беларусі, стала вядома 12 студзеня. Як паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Польшчы, рашэнне было прынятае ўжо былым міністрам замежных спраў Вітальдам Вашчыкоўскім на просьбу самога дыпламата. Да прызначэння новай кандыдатуры абавязкі кіраўніка амбасады выконвае начальнік палітычнага і эканамічнага аддзела Міхал Хабрас.