29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер Польшчы ўшанаваў памяць ахвяр Халакосту і палякаў, якія ратавалі габрэяў

Прэм'ер Польшчы ўшанаваў памяць ахвяр Халакосту і палякаў, якія ратавалі габрэяў
МАТЭУШ МАРАВЕЦКІ

Казаць праўду пра Халакост - гэта не толькі абавязак Ізраіля, гэта таксама абавязак Польшчы, заявіў прэм'ер.

Учора прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі разам з групай журналістаў айчынных і замежных СМІ наведаў Музей палякаў, якія ратавалі габрэяў, імя сям'і Ульма ў мясцовасці Маркава ў Падкарпацкім ваяводстве, піша Польскае радыё.

Юзаф і Вікторыя Ульма ў 1942-1944 гадах хавалі габрэяў, ратуючы іх ад пераследу нацыстамі. Уся сям'я Ульма, якая складаецца з васьмі чалавек, а таксама група габрэяў, якія хаваліся ў іх доме, таксама з васьмі чалавек, былі забітыя немцамі 24 сакавіка 1944 года.

Адзін з ініцыятараў стварэння Музея палякаў, якія ратавалі габрэяў, - віцэ-кіраўнік Інстытута нацыянальнай памяці Матэуш Шпытма. З ягоных слоў, камандзір аддзялення, якое знішчала габрэяў у мясцовасці Маркава, застаўся беспакараным, а гісторыя сям'і Ульма, якая ратавала габрэяў ад Халакосту, толькі нядаўна стала вядомая шырокай грамадскасці, кажа Матэуш Шпытма:

- На сённяшні дзень сям'я Ульма стала сімвалам палякаў, якія ратавалі габрэяў. Пра іх пішуць і ў Польшчы, і ва ўсім свеце. У 2013 годзе Інстытут Яд ва-Шэм напісаў на сваёй старонцы ў інтэрнэце, што сям'я Ульма з'яўляецца сімвалам мартыралогіі палякаў.

Знаходзячыся ў мясцовасці Маркава, прэм'ер Маравецкі ўсклаў кветкі на магіле сям'і Ульма і ля помніка, прысвечанага габрэям, ахвярам Халакосту, і невядомым палякам, якія загінулі за дапамогу, якую яны аказвалі габрэям.

Прэм'ер таксама ўзяў удзел у дыскусіі на тэму польска-ізраільскіх стасункаў. У чацвер у спецыяльным звароце прэм'ер Польшчы звярнуў увагу на тое, што трэба ўкласці шмат працы, каб разам распавесці аб складанай польска-габрэйскай гісторыі:

- Польскі ўрад выразна кажа: няма месца для нянавісці і скажэння гісторыі. Казаць праўду пра Халакост - гэта не толькі абавязак Ізраіля, гэта таксама абавязак Польшчы.

Музей палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас Другой сусветнай вайны, у мясцовасці Маркава быў адкрыты ў 2016 годзе. У першы год яго працы музей наведалі блізу 50 тысяч турыстаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках