26 красавiка 2024, Пятніца, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кілераў узнагародзілі ардэнамі

11
Кілераў узнагародзілі ардэнамі
Так выглядаў гатэль «Беларусь», цяпер ён называецца «Краўн-плаза»

Як у савецкім Мінску арганізавалі палітычнае забойства па загадзе Сталіна.

Сёлета споўнілася 70 гадоў аднаму з самых вядомых палітычных забойстваў у гісторыі Савецкага Саюза. І адбылося яно ў Мінску, піша «Наша Ніва».

Увечары 12 студзеня 1948 года ў нумары мінскага гатэля «Беларусь» зазваніў тэлефон. Пастаялец, тэатральны крытык Уладзімір Голубаў, зняў слухаўку. У гатэль дазваніўся былы сакурснік Голубава — інжынер Сяргееў, які запрашаў старога таварыша на сваё вяселле. Але Сяргееў вельмі прасіў Голубава ўзяць з сабой і сталічную зорку (вядома было, што той прыехаў у Мінск разам з маскоўскім тэатральным акцёрам і рэжысёрам Саламонам Міхоэлсам), распавёў Голубаў рэжысёру Віктару Галоўчынеру, які таксама быў у нумары. У тым, што Міхоэлс дасць згоду, сумневаў амаль не было — ён ніколі не быў супраць добрай гулянкі.

Так і адбылося. Голубаў зайшоў у нумар Міхоэлса, распавёў пра запрашэнне. Той пагадзіўся.

Саламон Міхоэлс

Каля дзевяці гадзін вечара яны сустрэліся з тым самым інжынерам Сяргеевым. Селі ў машыну і паехалі на лецішча ў Сцяпянку.

Жыць абодвум заставалася каля гадзіны.

Мінулы 1947 год выдаўся няпростым для міністра дзяржаўнай бяспекі СССР Віктара Абакумава. На пасадзе міністра ён прабыў зусім няшмат, з мая 1946 года, але за гэты час паспеў абзавесціся ўплывовымі ворагамі. Да ворагаў Абакумаў прывык і не баяўся. Чалавека, які працаваў операм у ГУЛАГу, а пасля ўзначальваў СМЕРШ, напужаць цяжка. Прэтэнзіі кіраўнікоў МУС і нават Молатава не турбавалі міністра, пакуль ён быў на добрым рахунку ў Сталіна. Але ў 1947-м у генерал-палкоўніка Абакумава з’явіўся найбольш небяспечны і моцны праціўнік — сам Лаўрэнці Берыя.

Віктар Абакумаў.

Абакумава не любілі многія і даўно. Сын чарнарабочага, ён і сам ніколі не цураўся цяжкай працы, і няважна, у што трэба было замараць рукі: у бруд ці кроў. Работнікам Абакумаў быў старанным, жорсткім і бязлітасным, але чалавекам заставаўся ўпартым і свавольным. Дзе такое бачана, каб члена кампартыі разжалавалі ў кандыдаты за нежаданне пазбаўляцца ад палітычнай непісьменнасці? А менавіта так і адбылося з Абакумавым яшчэ ў 1933 годзе. А ў 1934 высветлілася, што ўпаўнаважаны эканамічнага аддзела НКВД Абакумаў нярэдка бавіць час на канспіратыўных кватэрах з жанчынамі. За гэта яго адправілі аператыўнікам у ГУЛАГ, але праз пару гадоў усё ж вярнулі ў сталіцу. Ішоў 1937 год, і Абакумаў, які ніколі не шкадаваў «здраднікаў», хутка зрабіў сабе добрую кар’еру. У канцы 1938 года 30-гадовы Віктар Абакумаў узначальвае ўпраўленне НКВД па Растоўскай вобласці, а ў 1941 становіцца намеснікам самога Берыі.

Затым вайна, СМЕРШ, расстрэлы незадаволеных Сталіным, удзел у дэпартацыі народаў Каўказа ў 1944-м, рэпрэсіі і дэпартацыі на тэрыторыях, вызваленых ад фашыстаў, Перамога і, як вынік, міністэрскае крэсла. І праз кароткі час — нянавісць былога патрона Берыі. Таго раздражняе, што Абакумаў перастае яго слухаць, замяняе людзей Берыі ў МДБ сваімі і ўвогуле адчувае сілу і дазваляе сабе зашмат.

Але Віктар Абакумаў, пра якога казалі, што ён славалюбны і ўладны як Берыя, толькі не такі разумны, дурнем усё ж не быў. Ён разумеў, што з пасады міністра сыходзяць ці ў лагер, ці ў магілу, а каб затрымацца на пасадзе, патрэбная гучная гісторыя. У выніку з’яўляецца нібыта накіраваная супраць самога Сталіна «сіянісцкая змова».

Саламон Воўсінарадзіўся ў 1890 годзе ў Дзвінску ў Віцебскай губерніі (сёння гэта латвійскі Даўгаўпілс). Рос у патрыярхальнай габрэйскай сям’і, вучыўся ў хедэры, а расейскую мову вывучыў толькі ў 15 год.

Дом сям'і Воўсі ў Дзвінску, дзе нарадзіўся Саламон Міхоэлс

Дом сям'і Воўсі ў Дзвінску, дзе нарадзіўся Саламон Міхоэлс.

Тэатр заўсёды цікавіў Саламона, але ён паспеў пабыць студэнтам рэальнай вучэльні ў Рызе, камерцыйнага інстытуту ў Кіеве, трохі павучыўся на юрыста ў Пецярбургу.

Але ж пасля рэвалюцыі Саламон Воўсі паступае ў яўрэйскую тэатральную студыю ў Пецярбургу і ў 1919 годзе бярэ псеўданім Міхоэлс. Грае, сам піша п’есы.

Міхоэлс у маладосці

Праз два гады Саламон перабіраецца ў Маскву, у Дзяржаўны габрэйскі тэатр, які і ўзначальвае ў 1929 годзе — калі падчас замежных гастроляў былы кіраўнік Граноўскі вырашае не вяртацца ў Савецкі Саюз.

Здавалася б, кар’ера ідзе толькі ўгору. Нават калі пачынаецца вайна, Міхоэлс плённа працуе ў Габрэйскім антыфашысцкім камітэце, нават едзе ў семімесячны тур па Паўночнай Амерыцы і Вялікабрытаніі. Ён быў знаёмы з Эйнштэйнам, Чарлі Чапліным, шырока вядомы ў тэатральных колах не толькі СССР, але і Еўропы.

Альберт Эйнштэйн і Саламон Міхоэлс

Яўрэйскі антыфашысцкі камітэт — прапагандысцкая арганізацыя, створаная Лубянкай у 1941 годзе. Узначаліў камітэт тэатральны рэжысёр Саламон Міхоэлс. ЯАК складаўся з яўрэйскіх інтэлігентаў, якія фактычна прасілі дапамогі ў габрэяў свету: збіралі грошы, машыны, абсталяванне для Чырвонай Арміі падчас Вялікай Айчыннай вайны. У гэты час ЯАК набывае за мяжой вядомасць і аўтарытэт. Пасля вайны, у 1946 годзе, яго старшыня Саламон Міхоэлс атрымлівае Сталінскую прэмію другой ступені.

Але Сталінская прэмія не выратавала Міхоэлса ад лютасці самога Сталіна. А поспехі ЯАК не толькі не аддалілі яго кіраўніка ад смерці, а наадварот — наблізілі канец.

Дакладна невядома, чаму ахвярамі Абакумаў «прызначыў» габрэяў. Але хутчэй за ўсё ён вырашыў забіць адразу двух зайцаў. Кіраўніцтву СССР даўно мазоліў вочы Яўрэйскі антыфашысцкі камітэт. ЯАК быў накіраваны на замежнікаў і працаваў паспяхова (толькі з ЗША «браты-яўрэі» накіравалі ў СССР 16 мільёнаў даляраў), але пасля вайны пачаліся пытанні. ЯАК стаў цікавіцца дыскрымінацыяй яўрэяў у Саюзе, узнікалі пытанні аб стварэнні яўрэйскай аўтаноміі, што не падабалася Сталіну.

Акрамя таго Абакумаў ведаў, што Сталін вельмі не любіць Алілуевых, сваякоў ягонай былой жонкі (Надзея Алілуева скончыла жыццё самагубствам яшчэ ў 1932 годзе). А Саламон Міхоэлс — выпадкова ці не — сустракаўся ў тэатры з Яўгеніяй Алілуевай, сястрой Надзеі. Кажуць, што да Міхоэлса дайшлі чуткі пра будучую зачыстку ЯАК, і ён хацеў пагаварыць са сваячкай кіраўніка краіны.

Праўда гэта ці не — няважна. Бо 9 снежня 1947 года Абакумаў перадае Сталіну паперы пра Міхоэлса. У іх рэжысёр пададзены агентам, які збірае інфармацыю пра Сталіна праз яго сваякоў.

Таксама паведамлялася, што Ісаак Гальдштэйн, знаёмы Святланы, дачкі Сталіна, таксама працуе на Міхоэлса. Ноччу ў Сталіна адбываецца жорсткая размова з дачкой. На наступны дзень арыштоўваюць Яўгенію Алілуеву. 19 снежня арыштоўваюць Гальдштэйна, 27 снежня — члена ЯАК гісторыка Грынберга. Іх жорстка дапытваюць і 9 студзеня 1948 года пратаколы допытаў перадаюць Сталіну. У пратаколах Грынберг і Гальдштэйн пагаджаюцца з версіяй спецслужбаў — Міхоэлс здраднік.

Але лёс Саламона Міхоэлса ўжо і так быў вырашаны. Як пазней будзе казаць Абакумаў, Сталін асабіста даў яму каманду ліквідаваць Міхоэлса яшчэ ў канцы снежня 1947 года. А ў пачатку студзеня па тэлефоне загадаў падаць забойства як няшчасны выпадак.

7 студзеня 1948 года Саламон Міхоэлс разам са сваім знаёмым і калегам Уладзімірам Голубавым сядаюць у цягнік Масква-Мінск. Яны едуць глядзець дзве пастаноўкі, якія прэтэндуюць на Сталінскую прэмію. Міхоэлс узначальваў тэатральную секцыю Камітэта па прэміі ад дня заснавання, а Голубаў не толькі тэатральны крытык, а яшчэ і сакратар Камітэта.

У Мінск прыязджаюць 8 студзеня. Засяляюцца ў гатэль «Беларусь» — цяпер гэта «Краўн-плаза». У той жа вечар у гатэлі адбываецца банкет у гонар славутага Міхоэлса — яго ладзіць адміністрацыя мінскага драматычнага тэатра.

Увогуле, Мінск сустракае сталічных багемных гасцей адпаведна. Кожны дзень яны наведваюць тэатры, а пасля спектакляў бавяць час у рэстаранах са знаёмымі акцёрамі.

На наступны дзень Міхоэлс з Голубавым ідуць у тэатр (глядзяць «Тэўе-малочнік» Шалом-Алейхэма). Пасля да чатырох раніцы гуляюць з трупай у рэстаране «Світанак».

10 студзеня маскоўскія госці — ужо як члены камісіі па Сталінскіх прэміях — ідуць на прагляд спектакля «Канстанцін Заслонаў», але ўвечары — ізноў банкет, у тэатральнага акцёра Глебава. На наступны дзень — абед у знаёмых акцёраў, вечаровы прагляд яшчэ аднаго патэнцыйнага лаўрэата прэміі, оперы «Алесі». Затым — вячэра ў актрыс.

Сцэна са спектакля «Канстанцін Заслонаў», 1947 год

Працягваецца гэта і 12 студзеня. Разам са знаёмымі Міхоэлс абедае ў рэстаране, пасля ідзе на некалькі гадзін у гатэль. Але каля васьмі вечара выходзіць разам з Голубавым — іх запрасілі на вяселле інжынера Сяргеева. Інжынер са сваім знаёмым сустракае гасцей на машыне. Міхоэлс і Голубаў сядаюць у аўто.

Раніцай 13 студзеня на недабудаванай трамвайнай лініі па вуліцы Ульянаўскай знаходзяць два целы. Іх апазнаюць проста — у кішэнях ляжаць дакументы. Загінулыя — 57-гадовы Саламон Міхоэлс і 39-гадовы Уладзімір Голубаў.

Вуліца Ульянаўская, 1951 год

Ужо на наступны дзень міністр унутраных спраў БССР дакладвае Сталіну, што маскоўскія госці загінулі ад наезда грузавога аўтамабіля. У іх пераламаны рэбры, у Міхоэлса зламаны хрыбет. Пра смерць Міхоэлса пад коламі машыны абвяшчаюць па радыё, у газетах з’яўляюцца некралогі. Целы вязуць у Маскву, дзе праходзяць пачэсныя пахаванні.

Труну з целам Міхоэлса на Беларускім вакзале Масквы сустракаў натоўп

Маскоўскаму яўрэйскаму тэатру нават прысвойваюць імя Міхоэлса. Праўда, таблічку здымуць ужо ў 1949 годзе. А ў пятую гадавіну смерці рэжысёра — 13 студзеня 1953 года — у газеце «Праўда» Міхоэлса ўпершыню публічна назавуць удзельнікам «змовы сіяністаў». Праз некалькі месяцаў, калі памрэ Сталін, тая ж «Праўда» гэта абвергне, але падрабязнасці смерці — а дакладней, забойства — Саламона Міхоэлса стануць вядомыя нашмат пазней.

Падрыхтоўка да забойства Саламона Міхоэлса пачалася адразу пасля каманды Сталіна. Планавалася выканаць загад у Маскве, за Міхоэлсам сачылі, але рэжысёр амаль не выходзіў з дома, а калі выходзіў, то заспець яго аднаго было праблематычна. Кватэра Міхоэлса знаходзілася ў будынку тэатра, вывозіць яго адтуль сілай было рызыкоўна, бо ліквідацыя мусіла прайсці ціха і без сведкаў.

Таму дзейнічаць вырашылі ў Мінску. Правядзенне аперацыі Абакумаў даручыў свайму намесніку Агальцову, начальніку аддзела другога галоўнага ўпраўлення (унутранай выведкі) МГБ СССР Шубнякову і міністру дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцію Цанаве.

Лаўрэнцій Цанава

Разам з Міхоэлсам у БССР адмыслова адправілі Уладзіміра Голубава, які быў інфарматарам спецслужбаў. Акрамя таго, у тым жа вагоне ехалі яшчэ два супрацоўнікі МДБ — на ўсякі выпадак.

У Мінску за Міхоэлсам не сачылі: па-першае, побач з ім амаль увесь час быў Голубаў, а па-другое, хацелі, каб рэжысёр адчуваў сябе ў бяспецы.

Раніцай 11 студзеня Шубнякоў і Агальцоў на машыне прыехалі з Масквы ў Мінск. Сустрэліся з Голубавым, з Цанавай.

Сяргей Агальцоў

Абакумаў настойваў, каб аперацыя была завершана максімальна хутка, таму вырашылі дзейнічаць на наступны дзень.

Фёдар Шубнякоў

12 студзеня адзін з супрацоўнікаў спецслужбаў пад выглядам «інжынера Сяргеева» пазваніў Голубаву — пра гэта была дамоўленасць загадзя. Але пра тое, што плануецца ліквідацыя Міхоэлса сексот Голубаў не ведаў. Разам з Міхоэлсам яны пайшлі «на вяселле». У машыне, якая заехала за імі, былі спецслужбісты — старшы лейтэнант Круглоў і той самы Шубнякоў. Апошні і прадставіўся «Сяргеевым».

Затым паехалі на лецішча Цанавы, у Сцяпянку. Калі прыехалі, перад варотамі Міхоэлса і Голубава прыдушылі, каб яны страцілі прытомнасць. Затым праз Абакумава звязаліся са Сталіным — той пацвердзіў загад на ліквідацыю.

Паказальна, што бязлітасна ліквідавалі не толькі Міхоэлса, але і свайго агента.

«Усе члены групы стаялі за некалькі метраў ад цел. Шубнякоў сцвярджаў, што ніколі не прысутнічаў і не хацеў прысутнічаць пры падобным, таму ён павярнуўся, каб сысці ў свой пакой на лецішчы. Але Агальцоў загадаў: «Усім стаяць, як стаялі!» Супрацоўнік дзяржбяспекі цяжкай дубінкай ударыў Міхоэлса і Голубава па галаве. Усё было скончана — кіраўнікі групы сышлі ў дом», — распавядзе пазней падрабязнасці «Коммерсант» са словаў Шубнякова.

Пасля целы пераехалі грузавіком, і адвезлі ў Мінск, дзе выкінулі на вуліцы. Усе ўдзельнікі забойства (акрамя Цанавы) у тую ж ноч вярнуліся ў Маскву.

Цікава, што машыну, якая пераехала целы, спраўная мінская міліцыя знайшла — яна стаяла ў гаражы Міністэрства дзяржаўнай бяспекі, піша гісторык Генадзь Кастырчанка. Але беларускай міліцыі далі зразумець, як трэба расследаваць гэтую справу. У выніку працы па пошуку забойцаў было зроблена нямала — але ўся яна была пустой.

Забойцы Саламона Міхоэлса ўвосені 1948 года атрымалі за ліквідацыю баявыя ўзнагароды. Цанава — ордэн Чырвонага Сцяга. Палкоўнікі Шубнякоў, Лебедзеў і старшы лейтэнант Круглоў — баявыя ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені. Маёры Косыраў і Поўзун — ордэны Чырвонай Зоркі.

Пасля забойства Міхоэлса фактычна і пачалася «Справа Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта». Увосені 1948 ЯАК распусцілі, але першыя арышты пачаліся яшчэ да роспуску. Афіцыйна пра арышты не паведамлялася — проста знікалі некаторыя людзі яўрэйскага паходжання. Арыштаваных вінавацілі ў здрадзе радзіме, працы на амерыканскую выведку, стварэнні антысавецкага падполля і «буржуазным яўрэйскім нацыяналізме».

Пераслед працягваўся з 1948 года па 1952. Рэпрэсіі закранулі 125 чалавек. Шэсць памерлі падчас следства, 23 былі расстраляныя.

Але «Справа ЯАК» перамалола і свайго стваральніка — Віктара Абакумава. У 1951 годзе яго абвінавацілі ў зацягванні следства, сабатажы расследавання «сіянісцкага пытання». Арыштавалі амаль усіх яўрэяў з МДБ — некаторыя падчас катавання паведамілі, што былі з Абакумавым у «сіянісцкай змове». 11 ліпеня 1951 года Віктар Абакумаў быў арыштаваны. Некалькі гадоў яго катавалі, трымалі ў жорсткіх умовах. Пасля смерці Сталіна справа аб сіяністах у МДБ спынілася, але Абакумаў працягваў знаходзіцца за кратамі.

Арыштаваны Віктар Абакумаў

Толькі ў снежні 1954 года адбыўся суд. Але цяпер Абакумава абвінавацілі ў незаконных рэпрэсіях як члена «банды Берыі» і прысудзілі вышэйшую меру пакарання.

19 снежня 1954 года Віктара Абакумава расстралялі. Яму было 46 гадоў.

Забойства Саламона Міхоэлса так і не было расследавана. За яго не пакаралі нікога з удзельнікаў. Пасля смерці Сталіна спробу прыцягнуць увагу да забойства зрабіў Лаўрэнцій Берыя, але пасля яго арышту вінаватых не шукалі.

Фёдар Шубнякоў быў арыштаваны па «справе Абакумава», але пасля рэабілітаваны. Працаваў у КДБ, дажыў да 1996 года.

Лаўрэнцій Цанава быў арыштаваны ў 1953 годзе пасля смерці Сталіна, прычым загад на арышт аддаў Берыя — ён абвінаваціў Цанаву ў смерці Міхоэлса. Па іроніі лёсу, пасля арышту Берыі справа змянілася: Цанаву вінавацілі ў тым, што ён быў чалавекам Берыі. Падчас следства ў 1955 годзе Лаўрэнцій Цанава сканаў у Бутырскай турме. Ягоныя слёзныя прашэнні аб памілаванні засталіся без увагі.

Сяргей Агальцоў таксама быў арыштаваны ў сувязі са справай Міхоэлса ў 1953 годзе. Пасля арышту Берыі яго адпусцілі. У 1958 годзе яго выключылі з партыі, пазней пазбавілі звання генерал-лейтэнанта. Памёр Агальцоў у 1976 годзе.

Астатніх удзельнікаў забойства пазбавілі атрыманых у 1948 годзе ўзнагарод.

І ўсё.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках