На «Палессі» заробак плацяць махровымі ручнікамі і зялёным гарошкам
13- 5.02.2018, 10:56
- 18,629
Праз аплату прадукцыяй у работнікаў не застаецца грошай на камунальныя паслугі.
«Заробак цалкам хацелася б атрымліваць у беларускіх рублях, а не ў выглядзе прадуктаў харчавання або іншых тавараў», - з такімі словамі звярнуліся на «гарачую лінію» прафзвязаў работніцы пінскага ААТ «ПТА «Палессе». Пра гэта паведамляе сайт 1prof.by.
Жанчыны распавялі, што ў мінулым годзе паводле загада наймальніка працаўнікі «Палесся» павінны былі раз на месяц у якасці заробку купляць у сталоўцы прадпрыемства прадукты харчавання на суму 40 рублёў. Не ўсім гэта спадабалася.
- Праз эканамічныя цяжкасці, якія прадпрыемства адчувае апошнім часам, даводзіцца звяртацца і да такіх захадаў, - пракаментавала сітуацыю старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі прафзвязаў работнікаў лёгкай прамысловасці Ірына Бахмуцкова.
- У калектыўнай дамове нашага прадпрыемства ў раздзеле «Аплата працы» ёсць пункт, які дапускае змешаную форму аплаты працы: частка грашыма, а частка - прадукцыяй, сваёй ці іншай, - патлумачыла старшыня прафкама «Палесся» Алена Белавус. - Артыкул 74 Працоўнага кодэкса таксама дазваляе са згоды работніка выкарыстоўваць натуральную форму аплаты працы.
Намеснік генеральнага дырэктара эканомікі і фінансаў ААТ «Палессе» Віктар Вайтовіч таксама спаслаўся на няпростае фінансава-эканамічнае становішча:
- Ёсць спажыўцы, якія не могуць разлічвацца з намі грашыма за пастаўленую прадукцыю, - спажыўкааперацыя, да прыкладу. Узамен за нашы трыкатажныя вырабы яны даюць прадукты харчавання ці іншы тавар, які мы рэалізуем у сябе.
Сапраўды, у 2017 годзе быў выдадзены загад па прадпрыемстве, які тычыцца вышэйзгаданых 40 рублёў, і ўсе працоўныя на фабрыцы яго падпісалі. А вось студзеньская пастанова наймальніка аб падвойным павелічэнні сумы натуральнай аплаты працы выклікала незадаволенасць. Да таго ж гэтым разам работнікі ўжо не маглі выбіраць, што ім узяць, - для іх загадзя склалі спіс-мінімум, у які ўвайшлі не толькі прадукты харчавання, але і іншыя тавары, да прыкладу, ручнікі.
- У нас і без таго нізкія заробкі, а з такімі «пакупкамі» часам не застаецца і на камунальныя паслугі, - наракалі праз тэлефон работніцы «Палесся». - Да таго ж прапанаваны райпо тавар мае даволі высокую нацэнку: той жа гарошак можна купіць і за меншы кошт.